Што прасцей адкрыць у Беларусі: выдавецтва альбо казіно

У сярэдзіне сакавіка Мінінфармацыі нечакана дазволіла выдаўцу Логвінаву гандляваць кнігамі — яго прадпрыемства атрымала неабходную рэгістрацыю ўжо пасля таго, як сабрала амаль мільярд рублёў для аплаты штрафу за гандаль кнігамі без рэгістрацыі.

Цяпер Ігар Логвінаў збіраецца падаваць дакументы на аднаўленне выдавецкай ліцэнзіі (быў пазбаўлены ў мінулым годзе рашэннем Мінінфармацыі, за “друк экстрэмісцкіх матэрыялаў”). Параўноўваем спіс працэдур, якія ў Беларусі неабходна прайсці для атрымання выдавецкай ліцэнзіі, і для атрымання ліцэнзіі на гульнявую дзейнасць.

Што трэба зрабіць для атрымання ліцэнзіі на адкрыццё казіно:

1. Атрымаць згоду мясцовага выканкама на размяшчэнне казіно. Мінімальная плошча памяшкання для яго — 250 квадратных метраў (акрамя тых выпадкаў, калі казіно месціцца ў гатэлі). Казіно нельга адкрыць у памяшканні дзяржустановы, банка, школы, часовых будынках і жылых дамах.

2. Атрымаць акт мясцовага органа унутраных спраў “аб абследаванні памяшкання”.

3. Падаць дакументы ў Міністэрства па падатках і зборах (да 2011 года паперы падаваліся ў Мінспорту).

4. Атрымаць ліцэнзію могуць толькі юрыдычныя асобы. Кіраўнік такой арганізацыі абавязаны мець не менш за тры гады стажу ў сферы гульнявога бізнесу альбо быць індывідуальным прадпрымальнікам

Што трэба зрабіць для атрымання ліцэнзіі на выданне кніг:

1. Ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць выдае Мінінфармацыі.

2. Атрымаць яе можа юрыдычная асоба, зарэгістраваная ў Беларусі, індывідуальны прадпрымальнік, а таксама замежная юрыдычная асоба альбо замежная арганізацыя.

3. Асоба, адказная ў арганізацыі за выдавецкую дзейнасць абавязаная здаць кваліфікацыйны іспыт.

“Пры правядзенні кваліфікацыйнага экзамена члены кваліфікацыйнай камісіі задаюць спецыялісту, адказнаму за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, пытанні на веданне нарматыўных прававых актаў, у тым ліку, тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхналогіі выдавецкай дзейнасці, а таксама прафесійна-тэхнічныя пытанні, якія дазваляюць вызначыць узровень яго ведаў у дадзенай сферы”, — гаворыцца ў спісе адміністрацыйных працэдур, неабходных для атрымання ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць.

Адмысловая экзаменацыйная камісія складаецца ў Мінінфармацыі, у яе уваходзяць сем чалавек, пра дату іспыту патэнцыйнага выдаўца папярэджваюць за пяць дзён.

“Гэта выглядае ўсё вельмі суб’ектыўна. Можна набыць адмысловую брашурку, дзе нібыта ёсць усе адказы да іспыту, але на самой справе трактаваць адказы чалавека камісія можа па-рознаму. У мяне склалася ўражанне, што здача, альбо няздача іспыту залежыць менавіта ад камісіі”, — расказвае Ігар Логвінаў.

Пад выдавецкую ліцэнзію трапляюць афіцыйныя, навуковыя, навукова-папулярныя, даведачныя, масава-палітычныя, літаратурна-мастацкія і некаторыя іншыя выданні. Без яе можна выдаваць візітоўкі, бланкі, этыкеткі і ўнутрыведамасныя выданні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі