Што новага МВФ парэкамендаваў Беларусі?

На змаганне з сусветным фінансавым крызісам Беларусь атрымала ад МВФ 3,5 мільярда долараў. Апошні транш адбыўся ў красавіку 2010 года. З таго часу эксперты фонда пільна сочаць за тым, як наш урад выкарыстоўвае фінансавую дапамогу. Чарговая місія МВФ скончылася 29 кастрычніка, пра яе вынікі Еўрарадыё размаўляе з аналітыкам афіцыйнага партнёра “Альпары” у Мінску Вадзімам Іосубам.

"На самым высокім узроўні"

Вадзім Іосуб: Рэкамендацыі МВФ апошнім часам супадаюць шмат у чым. Асноўныя думкі: макраэканамічная стабілізацыя, жорсткая грашова-крэдытная палітыка і структурныя рэформы. Апошняе заключэнне ― не выключэнне. Ёсць канкрэтная рэкамендацыя Нацбанку ўзняць стаўку рэфінансавання неадкладна. Акцэнт зроблены на структурныя рэформы, якія так і не пачалі рэалізоўвацца. На прыватызацыю, на лібералізацыю коштаў. І змены ў сацыяльнай палітыцы, каб дапамогу ад дзяржавы атрымлівалі не ўсе, а толькі тыя, каму яна сапраўды неабходная.

Еўрарадыё: Давайце цяпер пашукаем адрозненні апошняга заключэння МВФ ад папярэдніх.

Вадзім Іосуб: Па-першае, МВФ адмыслова адзначыў, што пажадана ўмацаваць права прыватнай уласнасці. Відаць, гэта зроблена пасля апошніх падзеяў у кандытарскай галіне. Раней эксперты фонда на гэтым увагу не акцэнтавалі, бо лічылі, што ў гэтай сферы ўсё больш-менш нядрэнна. Па-другое, у заключэнні напісана, што “захады эканамічнай палітыкі мусяць быць узгодненыя і скаардынаваныя ўсімі асноўнымі службовымі асобамі, у тым ліку і на самым высокім узроўні”. Вось гэты выраз ― на самым высокім узроўні ― сустракаецца ў заключэнні МВФ два разы. Звычайна такім дакумантам паўтарэнне не ўласцівае. Тут жа яго падкрэслівае, што фонд чакае, што рашэнне будзе прынятае не Нацбанкам і не ўрадам, а кіраўніком дзяржавы.

Еўрарадыё: Наколькі амерыканскім фінансістам лёгка мірыцца з тым, што рашэнне мусіць быць прынятае менавіта “на самым высокім узроўні”?

Вадзім Іосуб: Калі глядзець на краіны, якія развіваюцца, думаю, шмат дзе сітуацыя складаецца падобным чынам.

Свой шлях

Еўрарадыё: Наколькі адрозніваюцца рэкамендацыі, якія эксперты МВФ даюць Беларусі, ад іх парадаў у іншых краінах?

Вадзім Іосуб: Не магу сказаць, каб я падрабязна знаёміўся з рэкамендацыямі іншым краінам. Сачу за тым, што кажуць для Расіі і для Украіны. Вялікіх адрозненняў няма. Палітыка павінна быць жорсткай, кошты ― свабоднымі, курс ― рынкавым, а ўласнасць ― прыватнай. Гэтыя парады можна даць кожнай краіне.

Еўрарадыё: Ці можна ўвогуле парэкамендаваць што-небудзь іншае? З іншай пазіцыі, чым тая, на якой стаіць МВФ?

Вадзім Іосуб: Рэкамендацыі добрыя не таму, што іх дае МВФ, а таму, што з сучаснага гледзішча на эканоміку яны працуюць. Універсальным рэкамендацыям супрацьстаіць тое, што кожная краіна спрабуе выбраць свой шлях, сваю ўнікальную мадэль. Але, падабаецца ці не, мы бачым, што класічная капіталістычная ліберальная эканоміка мае поспех. Так, у яе ёсць праблемы. Але краіны, якія спрабуюць выбраць свой шлях ― іх даволі шмат ― пахваліцца поспехамі ў параўнанні з ліберальнымі капіталістычнымі краінамі пакуль не могуць.

Еўрарадыё: Наколькі ліберальная эканоміка Кітая? Вядома, з беларускай эканомікай параўноўваць амаль немагчыма…

Вадзім Іосуб: Параўноўваць цяжка. Натуральна, эканоміка зусім не ліберальная. Пераважае дзяржаўная ўласнасць, хаця ёсць спробы стварыць змяшаную, прыцягнуць інвестараў з-за мяжы. Гэта нагадвае Перабудову ў апошнія гады СССР,. Пачатак кааператыўнага руху. Што праўда, кітайцы па гэтым шляху пайшлі нашмат далей. Але трэба разумець, што іх сапраўды буйныя золатавалютныя рэзервы. Таму яны могуць сабе дазволіць тое, што не можа ніякая іншая краіна. Напрыклад, яны актыўна развіваюць сваю нафтавую прамысловасць. Робяць экспансіі ў рэгіёны, якія з розных прычынаў не цікавяць іншых буйных гульцоў. Палітыка даволі старая. Але ― уявіце! ― больш за 90% нафтавых актываў Кітая ― стратныя! Яны могуць дазволіць сабе недзе проста прысутнічаць, не зважаючы на выдаткі. А вось краіна, у якой няма лішніх грошай, у сваёй эканамічнай палітыцы мусіць кіравацца, найперш, эфектыўнасцю. Так што ў гэтым плане Кітай нам не прыклад.

Глыбіня жорсткасці

Еўрарадыё: Пасля ад’езда місіі МВФ дзяржаўныя СМІ адрапартавалі, што Беларусь не спяшаецца прасіць у фонда новых грошай. І нават пра рэфінансаванне старога крэдыта гаворкі не вядзе. Манетарныя ўлады нашай краіны сапраўды адчуваюць сябе так упэўнена? Ці, можа, справа ва ўмовах, якія дыктуе МВФ?

Вадзім Іосуб: МВФ не прымушае нас рабіць рэформы. Але калі Беларусь просіць крэдыт ― вылучаюцца сустрэчныя ўмовы. Вельмі важна разумець, што без структурных рэформаў мы роста эканомікі не дасягнем.

Еўрарадыё: Але зараз дыялог ідзе крыху іншы. Грошы мы ўжо ўзялі. Цяпер МВФ быццам бы патрабуе выканаць абяцанні.

Вадзім Іосуб: Місія МВФ канстатавала, што пэўных колькасных параметраў мы дасягнулі, а вось якасных параметраў, звязаных са структурнымі рэформамі, ― не. У апошняй заяве місіі МВФ вызначаецца, што краіна мусіць зрабіць для атрымання наступнага крэдыта. Ведаючы, што наша дзяржава можа паабяцаць выканаць праграму, але пасля, спасылаючыся на аб’ектыўныя прычыны, не выканаць яе, фонд ціруецца правілам “Раніцай ― крэслы, увечары ― грошы”. Прасцей кажучы, спачатку пэўная праграма мусіць быць агучаная і прынятая беларускім урадам. Мусіць пачаць выконвацца. І толькі пасля можна дамаўляцца на наступны крэдыт.

Еўрарадыё: А ці ўвогуле Беларусь вядзе з МВФ перамовы пра наступны крэдыт?

Вадзім Іосуб: Афіцыйнай просьбы яшчэ не было. Думаю, што ідзе зандаванне з абодвух бакоў. З беларускага боку, відавочна, запыталіся, як наконт наступнага крэдыта. З боку фонда адказалі нешта накшталт: “Давайце структурныя рэформы, падтрымайце іх на самым высокім узроўні, і тады будзем абмяркоўваць наступную праграму”.

Еўрарадыё: Рэкамендацыі МВФ кожны раз канцэнтруюцца на тым, што манетарная палітыка Беларусі мусіць быць больш жорсткай. А дзе патрэбны ўзровень жорсткасці?

Вадзім Іосуб: Гэта не проста нейкая лічба. Гэта сітуацыя, калі знікне ціск на курс і на кошты. Вось гэта і будзе азначаць, што палітыка дастаткова жорсткая.

Еўрарадыё: Як чыноўнікі ставяцца да рэкамендацый МВФ і ці будуць калі-небудзь выконваць гэтыя рэкамендацыі?

Вадзім Іосуб: Праблема ў тым, што эканамічныя ўлады неаднародныя. Гэта розныя людзі, розныя інтарэсы, рознае разуменне эканамічных працэсаў. Дарэчы, тут будзе да месца параўнанне з доктарам. Вядома, што ў нас чалавек не любіць ісці да доктара, пакуль зусім не прыпячэ. І раней так было: сітуацыя рабілася крытычнай, і тады мы звярталіся ў МВФ. І выконвалі калі не ўсе, дык шмат якія іх прапановы. Зараз тое, што адбываецца ў эканоміцы, нельга ахарактарызаваць як нешта крытычнае. Таму эканамічныя ўлады маюць прастору для манеўра. Шкада, што яны ставяцца да патрабаванняў фонда як да нечага, што Беларусі не трэба. Гэта можна параўнаць з хлопчыкам, якому “злы” доктар прызначае ўкол. Доктар у яго вачах выглядае катам. І хлопчык не разумее, што ўкол патрэбны не доктару, а яму самому.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі