Вы тут

Што не так з помнікам Карычу ў Мінску? Тлумачыць аўтар петыцыі супраць яго

Помнік Срэцену Карычу ў Мінску

Працягваюцца дыскусіі вакол помніка сербскаму бізнеhttps://t.me/motolkohelp/8100соўцу Срэцену Карычу, пастаўленаму ў Мінску. 

Браты Карычы — уладальнікі кампаніі Dana Holdings, якая займаецца забудовай беларускай сталіцы. Помнік аднаму з братоў — Срэцену — усталяваны на прыватнай тэрыторыі на вуліцы Стэфаніі Станюты ў Мінску. 

Як распавядала Еўрарадыё, у інтэрнэце зявілася петыцыя, адрасаваная Мінгарвыканкаму. Яе падпісанты просяць чыноўнікаў патлумачыць, на якіх прававых падставах з'явіўся помнік і хто ўзгадняў яго ўстаноўку. 

Гэтая петыцыя абурыла скульптара Яраслава Філіповіча, які стварыў помнік. 

"І таксама шчыра я не разумею, чаму актыўная жыццёвая пазіцыя некаторых нашых грамадзян накіроўваецца ў бок чужога прыватнага жыцця, а не, напрыклад, у канструктыўную ініцыятыву ушанаваць памяць знакамітых мінчукоў або нацыянальных паэтаў, пісьменнікаў і мастакоў", — заявіў скульптар журналістам. 

Вось што адказаў на гэта аўтар петыцыі:

"Адказваю як аўтар петыцыі: мяне абурае факт таго, што ў горадзе, няхай і за сцяной, з'явіўся помнік нейкаму сербу з гары (не паэту, не мастаку, не вынаходніку, а проста чуваку, які пабудаваў свой бізнес), а помнікі беларусам, у тым ліку пералічаным аўтарам у сваім адказе, на беларускай зямлі паставіць не даюць, нягледзячы на ўсе слёзныя мальбы і ўсеагульнае прызнанне гэтых асоб. Помнік Карычу — гэта сімвал таго, што ягоныя браты "засталбілі" сабе зямлю, атабарыліся тут надоўга, але гэты сімвал не першы — прыгадайце: што вянчае палац Карычаў, які спаганіў галоўную плошчу сталіцы? Не, гэта не герб краіны, не герб горада, гэта герб сербскіх братоў — нечуваная для беларусаў дзёрзкасць і нахабнасць! Для мяне гэта раскрывае ўсю сутнасць стаўлення іх імперыі да маёй Радзімы, якое можна апісаць адзіным словам "скарыстацца". Што зробіш, нуварышы яны такія: маюць сродкі і ганарлівасць, але не маюць густу, сціпласці і павагі да іншых.

У мяне і іншых, можа, і не ўзнікла б пытанняў, калі б у сваім утульным свеціку за высокім плотам яны зрабілі фантан з німфамі ці панаставілі бетонных дзяўчын з вёсламі, якія ўсяго толькі ландшафтны дэкор, ці ўзвялі надмагілле над пахаваннем, але мы маем сапраўдны помнік з пастаментам, надпісам і бронзавай постацю Срэцена Карыча. Думаеце, у Беларусі на прыватнай тэрыторыі можна рабіць што заўгодна? Як аўтар тады патлумачыць, што ў 2010 годзе з прыватнага дома ў Зэльве знялі дошку ў гонар беларускай паэткі Ларысы Геніюш, асоба якой не вельмі зручная для ўладаў?

Калі ўважліва чыталі петыцыю, то заклікаў да зносу помніка там няма, усяго толькі пытанне: "А што, так можна было?". Можа, адказ дапаможа нам, беларусам, таксама "засталбіцца" на сваёй зямлі.

Што да "актыўнай жыццёвай пазіцыі", то гэта я пісаў петыцыі, каб павесілі дошку ў гонар абвяшчэння БНР (адмоўлена), каб прысвоілі гістарычныя назвы раёнам і паркам (праігнаравана), каб спынілі антырэстаўрацыю цэркваў (Міністэрства не змагло даць рады РПЦ), каб спынілі знішчэнне галоўнай славутасці Чэрвеня (знішчана), каб аднавілі невялікую Юбілейную каплічку (адмоўлена), каб узнагародзілі брытанскага архітэктара за беларускую царкву (адмоўлена), каб пачалі агучваць прэм'ерныя стужкі па-беларуску (праігнаравана), каб аказалі вайсковыя ўшаванні Каліноўскаму і паўстанцам (не представляется возможным)... І неяк не атрымліваецца ў нас так лёгка і гладка, як у сербскіх братоў. Відаць, нашыя ўлады больш шануюць народ сербскі, чым беларускі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.