Што бывае з домам і жыхарамі пасля выбуху ў кватэры

10 ліпеня на мінскай вуліцы Герасіменкі ў сваёй кватэры ў агні загінула жанчына. Суседзі спачатку заявілі пра выбух — у кватэры выбітыя вокны, рэшткамі шкла і рам засыпанае усё наваколле. Аднак ратавальнікі і следчыя факт выбуху не пацвярджаюць спасылаючыся на неабходнасць экспертызы. Яе у Мінску праводзяць не першы раз.

“Дапытаная вялікая колькасць сведак, цяпер чакаецца заключэнне пажарнавыбуховатэхнічнай экспертызы. Як толькі будуць атрыманыя яе вынікі, адразу будзе агучаная новая інфармацыя”, — расказвае прэс-сакратар Следчага Камітэта Юлія Ганчарова пра расследаванне выбуху ў доме на сталічнай вуліцы Пляханава.

23 лютага 2013 года там загінулі два чалавекі — жыхары кватэры. Яшчэ адна кватэра, суседняя, была разбураная, а жыхары ўсяго пад’езда некалькі месяцаў жылі па гатэлях ды родных. Дадому яны вярнуліся толькі пад лета, калі скончылася аднаўленне пад’езда. А вось следства пакуль працягваецца. Як даведалася Еўрарадыё, за гэты час з працы сышоў кіраўнік мясцовага ЖРЭА Аляксей Каралькоў. Прычыны не вядомыя, але жыхары нешчаслівага пад’езда мяркуюць, што начальнік не захацеў быць крайнім у непрыемнай гісторыі.

А баяцца ёсць чаго. За год да выбуху на Пляханава у Лагойскім раёне таксама прагрымеў выбух у шматкватэрным доме. Ён разбурыў цэлы пад’езд, адзін чалавек загінуў, яшчэ два моцна пацярпелі. Пра прычыны выбуху доўгі час нічога не паведамлялася, хоць справай займаўся асабіста Лукашэнка. Усе экспертызы і працэдуры скончыліся толькі праз год. Вінаватымі, нібыта, прызналі газавікоў.

“Следства высветліла, што прычынай выбуху стала ўцечка газа з сістэмы газазабеспячэння дома. Дырэктар і кіраўнік аварыйнай службы “Лагойскрайгаза” не рэагавалі неабходным чынам на неаднаразовыя скаргі жыхароў. Гэтых службовых асобаў абвінавацілі ў злачыннай халатнасці па артыкуле 428”, — расказваюць пра выбух пад Лагойскам у Следчым камітэце.

Справу перадалі ў Генеральную пракуратуру. Суд ідзе дагэтуль, а абвінавачаны ў халатнасці дырэктар “Лагойскрайгаза” працягвае выконваць свае абавязкі.

Але куды больш за працягласць экспертыз і следства жыхароў пашкоджаных дамоў абурае стаўленне уладаў да іх праблем. Жыхары дома ў Лагойскім раёне вярнуліся ў па-хуткаму збудаваны нанова будынак, убачыўшы на голых сценах халодных кватэр цвіль і падцёкі вільгаці. А людзям з вуліцы Пляханава так і не выплацілі кампенсацый.

“Рамонт у нас зрабілі. Але зрабілі жахліва. Ніякіх каштарысаў мы не бачылі і не ведаем. Ніякіх кампенсацый не атрымалі”, — скардзіцца Кацярына з шостага паверха, якая не аднойчы абівала парогі высокага і нізкага начальства баючыся вяртацца ў свой небяспечны пад’езд.

Вярнуцца ў свае залітыя вадой кватэры з патрэскаўшыміся сценамі людзям давялося. Цяпер некаторыя з іх падумваюць прадаць сваё старое жыллё ды пераехаць у больш бяспечнае месца. Калі пакупнікоў знойдуць, вядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі