Вы тут

Штатных ахоўнікаў могуць увесці ў беларускіх школах

pixabay.com

У Беларусі ва ўстановах адукацыі могуць увесці штат ахоўнікаў і пасады намесніка дырэктара па бяспецы. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Мінадукацыі Эдуард Тамільчык, інфармуе БЕЛТА.

Мінадукацыі распрацоўвае такое новаўвядзенне сумесна з Мінфінам і Мінпрацы. "Гэтае пытанне можа быць вырашанае ўжо да новага навучальнага года", — дадаў чыноўнік.

Па словах Тамільчыка, такія ахоўнікі зусім не мусяць быць супрацоўнікамі міліцыі, але для іх абавязкова будзе распрацаваны пералік абавязкаў і патрабаванняў. "Цяпер праца па абмежаванні доступу пабочных асобаў, рэагаванні на пагрозы выконваецца ў дзённы час сіламі работнікаў устаноў адукацыі, у абавязкі якіх уваходзіць забеспячэнне аховы, дзяжурнымі адміністратарамі, педагогамі, у начны час — работнікамі аховы ўстаноў адукацыі, якія выяўляюць пагрозы і інфармуюць праваахоўныя органы, у тым ліку і з дапамогай ручных сродкаў трывожнай сігналізацыі", — патлумачыў ён. 
Чыноўнік нагадаў, што ў многіх школах усталяваныя трывожныя кнопкі. Таксама ўстановы адукацыі паступова аснашчаюцца сістэмамі відэаназірання. Ва ўсіх школах кантралюецца доступ, каля 20% установаў, размешчаных у гарадах, маюць аўтаматычныя сістэмы кантролю доступу. 

11 сакавіка 2019 года быў выдадзены №156 "Аб зацвярджэнні прыкладнай інструкцыі аб арганізацыі прапускнога рэжыму ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі". Ён закранае арганізацыю прапускнога рэжыму для вучняў, іх законных прадстаўнікоў, работнікаў установы адукацыі, для асоб пры выкананні службовых абавязкаў, калі яны не з'яўляюцца работнікамі гэтай установы адукацыі, арганізацыі прапускнога рэжыму для ўезду транспарту на тэрыторыю, а таксама арганізацыі прапускнога рэжыму ва ўстанову адукацыі пры надзвычайных сітуацыях ды іншыя пытанні. Таксама Міністэрства адукацыі зацвердзіла пералік прадметаў i рэчываў, забароненых да захоўвання і выкарыстання навучэнцамі падчас знаходжання ў школе.

Такія меры сталі прымаць пасля трагедыі ў Стоўбцах, дзе адзін з вучняў зарэзаў настаўніцу і аднаго школьніка. Яшчэ два навучэнцы атрымалі сур'ёзныя раны.