Вы тут

Шэсць крокаў па рэформах у Беларусі: што прапануе Міністэрства эканомікі

Рэформы складаюцца з шасці асноўных пунктаў. Іх з невялікімі каментарамі прадставіў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі.

Як заўважыў Аляксандр Забароўскі, першы пункт датычыцца мераў, накіраваных на забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці. Гэта важная і неабходная ўмова для эканамічнага росту. І пахваліўся першымі вынікамі.

"Галоўны эканамічны вынік 2015 года — Беларусь упершыню выйшла на лепшыя паказчыкі плацежнага балансу. Дэфіцыт бягучага рахунку плацежнага балансу склаў 1,3% ВУП у студзені-жніўні, і такі дэфіцыт нармальна фінансуецца на беспазыковай аснове", — кажа намеснік міністра.

Другі элемент "дарожнай карты" структурных рэформаў — павышэнне эфектыўнасці размеркавання фінансавых рэсурсаў. То бок новыя крэдыты Банка развіцця з 2016 года будуць выдзяляцца толькі на конкурснай аснове на агульных умовах для ўсіх форм уласнасці.

“У 2016 годзе, і гэтае рашэнне прынятае, будзе наведзены парадак з адміністраваннем і паслядоўным скарачэннем нярынкавых крэдытаў”.

Пры гэтым Аляксандр Забароўскі назваў некаторыя прагнозныя паказчыкі на наступны год: інфляцыя не больш за 12%, прыток замежных інвестыцый — да 2,5% ВУП.

Трэцім пунктам рэформ Аляксандр Забароўскі называе змяншэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Гэта азначае скарачэнне дзяржпадтрымкі і аказанне яе праз конкурс, адмову ад стратных відаў дзейнасці.

"Для трансфармацыі дзяржсектара будзе рэалізаваная шматмерная стратэгія, якая ўключае скарачэнне дзяржпадтрымкі, прадстаўленне яе на рынкавых прынцыпах, а таксама рэструктурызацыя неэфектыўных прадпрыемстваў", — тлумачыць Забароўскі.

Чацвёртым пунктам рэформаў першы намеснік міністра эканомікі назваў павелічэнне працоўных месцаў у прыватным сектары праз паляпшэнне інвестыцыйнага клімату і скарачэнне падатковай нагрузкі прадпрыемстваў.

Пяты пункт — развіццё рынка працы і замацаванне сістэмы сацыяльнай абароны.

“Сёння варта разумець, што рынак працы ў Беларусі не будзе расці. За пяць гадоў колькасць занятага насельніцтва скароціцца на 225 тысяч чалавек. Гэта азначае, што працаваць прыходзіць меней, чым сыходзіць з працы. Гэтак як і ў Заходняй Еўропе. Для гэтага ёсць два шляхі: забеспячэнне мабільнай працоўнай сілы і падтрымка тых, хто страціў працу часова”, — кажа прадстаўнік Мінэканомікі.

Шостым пунктам рэформ чыноўнік назваў фармаванне эфектыўных таварных рынкаў і рынкаў фінансавых паслуг. У прыватнасці, гэта датычыцца рэформы сістэмы ЖКХ.

"Дэманапалізацыя і зніжэнне выдаткаў у энергетыцы і ЖКГ мусіць быць увязанае з рэформай тарыфаў. Субсідаваць багатых за кошт тарыфаў, якія пакрываюць выдаткі, марнатраўна".

Нагадаем, 3 лістапада памочнік прэзідэнта Кірыл Руды заўважыў, што для правядзення рэформ у Беларусі няма падстаў праз адсутнасць знешніх стымулаў, наяўнасць грошай у краіне і адсутнасць грамадскага запыту на рэформы.

А вось міжнародны эксперт, славацкі дэпутат і дарадца міністра фінансаў і міністра эканамічнага развіцця Украіны Іван Міклаш заўважыў, што чым далей Беларусь будзе адцягваць рэформы, тым больш балючымі яны будуць для беларускага народа ў будучыні.

“Вам давядзецца заплаціць за гады, калі вы не праводзілі рэформы. Цяпер рэформы адбываюцца ва Украіне, і большасці людзей яны не падабаюцца, бо рэформ там не было даволі доўга. Але ёсць і добрыя навіны: калі сістэма правядзе глыбокія рэформы — гэта прывядзе да хуткіх вынікаў: з’яўлення новых працоўных месцаў, росту вытворчасці і зніжэння ўзроўню беспрацоўя”.

Таксама эксперт заўважыў, што, каб праводзіць рэформы, кіраўніцтва Беларусі павіннае ўзяць на сябе значную долю адказнасці. Хоць яно пакуль і не гатовае гэта зрабіць.

Фота: Fotolia