Шанталосаў купіў футбалістаў зборнай за 40 тысяч долараў

Маскоўскія букмекеры зарабілі на двух “купленых” матчах беларускай зборнай 500 тысяч долараў.
Першая ў Беларусі крымінальная справа аб “купленых” футбольных матчах завершаная і гатовая да перадачы ў суд. Імя галоўнага падазорнага следчыя ўжо назвалі, але ён да гэтага часу не арыштаваны.
Хоць усе добра ведаюць, дзе сёння знаходзіцца былы галкіпер зборнай Беларусі Валеры Шанталосаў. Менавіта ён, на думку следчых пракуратуры, прапаноўваў футбалістам зборнай “здаць” матчы.

Крымінальную справу па артыкуле 253 “Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных мерапрыемстваў” распачалі яшчэ ў чэрвені 2005 года. Тычылася яна двух адборачных матчаў чэмпіяната Еўропы-2004 – 6 верасня Беларусь – Чэхія і 10 верасня Малдова – Беларусь.

Журналісты газеты “Прэcсбол” прадаставілі доказы, што матчы былі “купленыя”. Вось што расказаў Еўрарадыё галоўны рэдактар газеты Уладзімір Беражкоў.

Уладзімір Беражкоў: “У 2003 годзе да нас патрапілі касеты з запісамі галасоў, з якіх вынікала, што матчы зборнай Беларусі і некаторыя матчы Еўракубкаў, у якіх удзельнічалі беларускія клубы, у прыватнасці, матчы зборнай Беларусі са сборнымі Чэхіі і Малдовы, былі “прададзеныя”.

Тады Беларусь прайграла з неабходным для расійскіх букмекераў лікам -- 1:3 і 2:1 адпаведна. Дамаўляўся аб куплі-продажы матчаў з футбалістамі былы галкіпер зборнай Валеры Шанталосаў.

Крымінальную справу распачалі толькі праз два гады – у 2005. А яшчэ праз два назвалі імя галоўнага падазронага – Валерыя Шанталосава, які на працягу 2006 года быў трэнерам галкіпераў бабруйскай “Белшыны”. Але пастанову аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачваемага беларускія праваахоўнікі вынеслі толькі 25 сакавіка 2007 года. Да гэтага часу ён знік з Беларусі і 26 красавіка яго аб’явілі ў вышук.

Расказаць Еўрарадыё, на якой стадыі знаходзіцца справа сёння, начальнік следчага ўпраўлення папярэднягя расследвання Мінгарвыканкама Генадзь Казакевіч адмовіўся.

Генадзь Казакевіч:
“У нас ёсць канкрэтная крымінальная справа, канкрэтны фігурант і такое паняцце, як тайна следства. Але паколькі ён знаходзіцца ў вышуку, наша задача яго знайсці. І таму я вам нічога казаць не буду”.

Тое, як марудна рухаецца следства, здзіўляе галоўнага ініцыятара справы і сведку, рэдактара “Прэсcбола” Уладзіміра Беражкова.

Уладзімір Беражкоў:
“Следства ўжо завершана. Фактычна, справа гатовая для перадачы ў суд. Яна не вядзецца ўжо дзесці каля паўгода. Чаму аб’явілі Шанталоўскага ў вышук толькі вясной, незразумела. Чалавеку датэрмінова прад’явілі абвінавачанне. Чаму ён да гэтага часу не арыштаваны, таксама не зразумела”.

Як стала вядома Еўрарадыё, Валеры Шанталосаў уваходзіць у трэнерскі штаб навасібірскага ФК “Сібір”. Каб удакладніць яго месцазнаходжанне, карэспандэнт Еўрарадыё патэлефанаў у Навасібірск. Там нам адмовіліся нават сказаць, ці з’яўляецца Шанталосаў іх супрацоўнікам. Праўда, пра крымінальную справу супраць яго невядомы суразмоўца чуў. Але катэгарычна заявіў, што яна сфабрыкаваная.

“Сібір”: “Ну і што, што заведзеная. Наколькі я ведаю, яна сфабрыкаваная”.

Не зразумелым падаецца і тое, што да гэтага часу не выпісана пастанова аб арышце Валерыя Шанталосава. Такім чынам, калі ён раптам з’явіцца ў Беларусі, яму толькі прад’явяць абвінавачанне, але затрымліваць не будуць. Пры жаданні яму нічога не зашкодзіць знікнуць.

Што ж тычыцца магчымага пакарання тых, ад чыйго імя дзейнічаў Валеры Шанталосаў, то называць іх Уладзімір Беражкоў пакуль не хоча.

Уладзімір Беражкоў: “Заказчыкі – маскоўская мафія. Там вельмі сур’ёзная арганізацыя. Футбалістам, якім прапаноўвалі “прадаць” матч, давалі каля 40 тысяч долараў. Колькі на гэтым зарабіў “спрут” можна толькі здагадвацца. Следчыя мяркуюць, што толькі на гэтых двух матчах можна было зарабіць каля 500 тысяч долараў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі