Вы тут

Сем з васьмі камбайнераў-тысячнікаў працуюць не на беларускай тэхніцы (фота)

Фота: grodnonews.by

На сёння ў Беларусі сабрана каля 3,5 млн тон збожжа. Пакуль што па аб'ёме сабранага збожжа лідзіруе Брэсцкая вобласць з амаль што 1 млн тон. У сярэднім з аднаго гектара ў гэтым годзе было сабрана 36 цэнтнераў збожжа.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто ж самыя топавыя камбайнеры ў Беларусі, на чым яны ездзяць і як працуюць першыя "тысячнікі" і "двухтысячнікі" па ўсёй краіне.

Першыя "тысячнікі" ў Брэсцкай вобласці, сямейная пара Валерый і Таццяна Кухта,- яны працуюць у ААТ “Белавежскі” на КЗС-1624 "Палессе GS16", зробленым на заводзе "Гомсельмаш". Стаж у Валерыя ўжо 25 гадоў.

Першыя тысячнікі Брэсцкай вобласці. Фота: belta.by

"Я працаваў на розных камбайнах, і на "Доне", і на "Лідзе", і розныя іншыя "Палессі" былі. Цяперашні камбайн добры, мне падабаецца. Тут больш электронікі, але часам яна капрызіць, дзесьці ёсць недапрацоўкі, але збольшага нармальна. Кандыцыянер ёсць, прасторы ў кабіне шмат, добрая гукаізаляцыя".

На гэтым камбайнеры-тысячнікі на беларускай тэхніцы скончыліся.

Першы камбайнер-тысячнік Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе Васіль Гузарэвіч працуе ў СВК імя Дзеньшчыкава. Працуе на "Claas Lexion 580" нямецкай вытворчасці.

 

Claas Lexion 580 падчас уборачнай. Фота: flicr.com

У гэтым жа комплексе працуе і Алег Бандарэвіч на "Claas Lexion 580. Таксама рэкардсмен. І таксама на нямецкай тэхніцы!

Алег Бандарэвіч атрымлівае прэмію. Фота: rgazeta.by

"Працую камбайнерам ужо 20 гадоў, папрацаваў на "Доне" за гэты час, на КЗР-10, а цяпер на "Лексіёне" працую. Ужо намалаціў каля 2 тысяч тон. Але "Лексіён" у мяне старэнькі — яму ўжо будзе 11 гадоў, раз-пораз ламаецца".

 

Першыя камбайнеры-тысячнікі ў Беларусі і Гомельшчыне ў 2017 годзе, Іван Вырвіч і Алег Хвост таксама працуюць на "Claas Lexion 600". Сваю першую тысячу яны намалацілі яшчэ ў ліпені.

Іван Вырвіч і Алег Хвост.

"Я працую камбайнерам ужо 22 гады. Пакуль за гэты год намалаціў каля 3,6 тысячы тон. На "Лексіёне" працую ўжо два гады, а дагэтуль на чым толькі не працаваў: "Ніва", "Дон", на беларускіх КЗС-7, КЗС-10, КЗС-12, КЗС-18, я амаль на ўсіх камбайнах працаваў, — распавядае Іван Вырвіч. —  Усе камбайны добрыя, я і на апошніх КЗС малаціў па 3 тысячы, але "Лексіён" камфортнейшы будзе, тут і клімат-кантроль лепшы, і ў кабіне не шумна, нашы яшчэ такую вентыляцыю не прыдумалі".

Працаўнікі сяльгаспрадпрыемства “Імя Адама Міцкевіча” Пётр Масквянкоў і яго сын Павел, тысячнікі Гродзенскай вобласці, працуюць на "Claas Lexion-760".

Бацька і сын Маскавянковы. Фота: grodnanews.by

"Гэта ў мяне ўжо 20 сезон (20 гадоў удзельнічае ва ўборачнай). Працаваць я пачынаў з "Нівы" і "Дона", на новых беларускіх камбайнах не працаваў. Цяпер вось на "Лексіёне" працую — гэта супер, добры камбайн, ужо пяты сезон на ім працую, і да гэтага часу ніводнай паломкі.  Пакуль надвор'е ёсць — працуем з самай раніцы да 11-12 ночы".

Камбайнеры Аляксандр Кійко і Ігар Кірдун, працуюць у ААТ “Рэчань” — першыя тысячнікі ў Мінскай вобласці. Яны працуюць на "Claas Mega 350"

Claas Mega 350

Першы "двухтысячнік" у Магілёўскай вобласці Уладзімір Корсак. Чатыры гады таму ён перасеў на "Claas Lexion-600". Паколькі ўборачная яшчэ не скончылася, таму пра вынікі гаварыць рана, але летась ён намалаціў 5 тысяч тон і быў узнагароджаны на "Дажынках". 

Уладзімір Корсак. Фота: mogilev-region.gov.by

"Гэта мой дванаццаты сезон. Працуем з раніцы да ночы. Пакуль намалаціў больш за дзве тоны. Раней працаваў на "Ніве" і "Енісеі", але ўжо чацвёрты год на "Лексіёне". Для камбайна гэта ўжо дзсяты сезон, яго трэба пастаянна рамантаваць, таму што без рамонту гэта проста жалязяка, ад гэтага нікуды не падзенешся. Рамантуем — працуем, рамантуем — працуем. Тут і новая тэхніка ламаецца, а што гаварыць, калі ў камбайна ўжо 10 сезонаў адпрацаваных".

Першыя ў Магілёўскай вобласці, хто намалаціў тысячу тон збожжа Іван Салановіч і Іван Багель — камбайнеры-тысячнікі СВК "Світанак". Працуюць на амерыканскім John Deere 9880i STS.

Іван Салановіч і Іван Багель

Вось і атрымліваецца так, што з 8 камбайнераў-тысячнікаў, якія ледзь не першымі намалацілі тысячу тон у гэтым годзе, сямёра працуюць на камбайнах замежнай вытворчасці.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі