Самы танны білет на хакей у “Мінск-Арэне” будзе каштаваць 5 тысяч

Распрацоўваецца стратэгія прыцягнення балельшчыкаў на матчы мінскага “Дынама” . Нават на трыбуны могуць дазволіць праходзіць з півам Мінскае “Дынама” ад пачатку наступнага года пачне праводзіць свае матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі ў “Мінск-Арэне”, адкрыццё якой запланаванае на канец снежня. На матч зорак КХЛ, які адбудзецца ў “Мінск-Арэне” ў студзені, білеты каштуюць ад 70 тысяч рублёў. Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі будуць каштаваць квіткі на матчы мінскага “Дынама”? Высветлілася, што кошты на білеты не будуць адрознівацца ад тых, што былі ў сталічным Палацы спорту, дзе пакуль гуляюць дынамаўцы.

Пра кошты на білеты Еўрарадыё распавялі ў прэс-службе хакейнага клуба “Дынама” (Мінск):

"Кошты пасля пераезду на “Мінск-Арэну” не зменяцца. І будуць па-ранейшаму ад 5 да 30 тысяч рублёў. 5 тысяч — фан-сектар “Дынама”, 10 тысяч — фан-сектар гасцей, 15 і 30 тысяч — гэта будуць цэнтральныя месцы".

Аднак, як вядома, у Палацы спорту трыбуны змяшчаюць да 3400 гледачоў (і яны, дарэчы, запоўненыя нават пры невыразнай гульні нашай каманды), а ў “Мінск-Арэне” на трыбунах зможа назіраць за хакеем аж 15 тысяч чалавек! Ці прыйдзе столькі на мінскае “Дынама”? Ці не будуць праходзіць матчы пры паўпустых трыбунах?

Высветлілася, што адміністрацыя “Мінск-Арэны” ўжо думае над гэтым і распрацоўвае цэлую "камерцыйную стратэгію", каб прыцягнуць людзей на хакей. Але яе пакуль не агучваюць. Вядома толькі, што адным з фактараў прыцягнення будзе дазвол на продаж піва — абсалютнае новаўвядзенне для Беларусі.

"Начальнік штаба будаўніцтва Уладзімір Навумаў (кіраўнік Беларускай федэрацыі хакею — Еўрарадыё) сказаў, што на цэнтральнай арэне будзе дазволены падчас правядзення хакейных матчаў продаж піва", — кажа начальнік камерцыйнага аддзела “Мінск-Арэны” Міхаіл Юспа.

Калі там будзе прадавацца піва ў пластыкавых стаканах, кажа Міхаіл Юспа, то хутчэй за ўсё, яго можна будзе праносіць на трыбуны.

Еўрарадыё вырашыла даведацца пра тое, як запаўняюцца трыбуны ў іншых клубаў КХЛ, і ці толькі півам яны завабліваюць балельшчыкаў.

У маскоўскага "Дынама", якое ў агульнай турнірнай табліцы КХЛ займае шостае месца, кошт білетаў залежыць ад катэгорыі матча (іх тры). Самы дарагі каштуе каля 500 расійскіх рублёў (47450 беларускіх рублёў), самы танны — 100 рублёў (каля 10 тысяч беларускіх рублёў).

Матчы рэкламуюць у Маскве на радыё, у часопісах, газетах, шыльдах у метро, карацей няма толькі рэкламы на тэлебачанні, бо задорага. Умяшчае маскоўская арэна 8300 чалавек і запаўняецца яна ў сярэднім на 5 тысяч, і гэта лічыцца добрым паказчыкам.

Ад 250 да 500 расійскіх рублёў (ад 24 тысяч да 47,5 тысячы беларускіх рублёў) каштуе білет на матч яраслаўскага “Лакаматыва”, аднаго з лідэраў КХЛ, якога нядаўна абыгралі мінскія дынамаўцы.

Трыбуны яраслаўскай арэны разлічаныя на 9 тысяч чалавек. Запаўняюцца яны пастаянна, кажа камерцыйны дырэктар “Лакаматыва” Яўген Чуеў:

"Запаўненне ў нас пастаяннае. Блізкае да 100 працэнтаў. Людзі любяць хакей таму з наведваннем праблем няма".

Паводле яго слоў, запаўненне арэны залежыць ад часу пачатку матчу, асартыменту атрыбутыкі, ад шоў у перапынках і піва, якое прадае мясцовы піўзавод. Але галоўнае — гэта, як гуляе каманда.

Мінскае "Дынама", як вядома, пакуль надзеяў заўзятараў не спраўджвае. Толькі днямі каманда нарэшце спыніла серыю з чатырох паражэнняў і займае ў Кантынентальнай хакейнай лізе 16-е месца ў агульнай табліцы.



Фота — hcdinamo.ucoz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі