“Самае складанае — родны склон”. Як замежнікі вучаць беларускую мову

“Самае складанае — родны склон”. Як замежнікі вучаць беларускую мову

Сустракаюцца неяк рускі, амерыканец, паляк і кітаец… на курсах беларускай мовы! Гэтымі днямі ў Мінску працуе летняя міжнародная школа беларусістыкі. Разам з прафесійнымі лінгвістамі і філолагамі яе наведваюць людзі, якія проста цікавіцца беларускай мовай.

Еўрарадыё завітала на заняткі школы і пазнаёмілася з замежнымі аматарамі беларускай.

"Школа ладзіцца ўжо чацвёрты раз на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Тут і навукоўцы, і проста студэнты, якія бавяць свой час на вакацыях, — распавядае валанцёр Дзяніс, які ўдзельнічае ў арганізацыі працы школы. — У мінулыя гады было вельмі шмат людзей, бывала і па 50 чалавек прыязджала. У гэтым годзе сціпленька, усяго 14".

 

Проста вылучаць словы сапраўды беларускія, народныя, а не калькі

 

Раман нарадзіўся ў Беларусі, але вучыўся ў рускай школе і ў выніку практычна не ведаў беларускай мовы. З'ехаўшы працаваць у Расію, ён неўзабаве заснаваў там разам з аднадумцамі суполку беларускай культуры і мовы, дзе яны ладзяць чытання і розныя імпрэзы.

"Але, каб дакладна ўсё прачытаць, трэба ведаць мову. І вось я даведаўся, што існуе такая летняя школа беларусістыкі. Сёлета я ўжо ў трэці раз у ёй удзельнічаю. На гэтых занятках назапашваю слоўнік і выпраўляю сабе вымаўленне. Самае складанае для мяне у вывучэнні беларускай мовы — гэта родны склон прыметнікаў. І проста вылучаць словы сапраўды беларускія, народныя, а не калькі з рускай ці нават польскай мовы".

Раман распавёў па памяці частку верша Максіма Багдановіча "Мне доўгае расстанне з Вамі".

Думаю, што магу дапамагаць беларусам

 

Паляк Міхал вучыць беларускую ўсяго тыдзень і прызнаецца, што веданне польскай дужа спрашчае вучобу:

"Я ведаю польскую мову і таму мне не так складана вучыцца. Я ведаю, што вельмі дрэнна гавару. Па двух прычынах я вырашыў вучыць беларускую мову: я хачу ведаць усходнеславянскую мову, і так выйшаў на беларускую. Я думаю, што магу дапамагаць беларусам і беларускай мове. Гэта першая прычына. А другая: мой сябар сказаў мне пра гэтую школу, што гэта будуць вельмі цікавыя вакацыі".  

Міхал зачытаў частку верша Якуба Коласа "Мой родны кут".

 

Чаму мы пра Украіну гаворым, а цікавыя рэчы пра Беларусь — невядомыя?

 

Давід нарадзіўся ў ЗША. Падчас вучобы ў Ельскім [гэта не ў Ельску. — Еўрарадыё] універсітэце зацікавіўся спачатку украінскай мовай, а потым і беларускай, пасля гэтага стаў займацца славістыкай:

"Я ведаю рускую мову як родную. Мы са сваякамі размаўляем паміж сабой па-руску. У славістыку я больш-менш выпадкова патрапіў. Спачатку я хацеў палепшыць сваю рускую мову, планаваў больш пісаць і чытаць на ёй. Потым я ўжо зразумеў, што так можна цікавіцца рознымі междысцыплінарнымі рэчамі: гісторыяй, літаратуразнаўствам, старажытнай і сучаснай літаратурай.

Гэта адбывалася падчас Майдана. Я сам дзесьці ў 2015 годзе ўпершыню паехаў у Кіеў, дзе пачаў вывучаць і адчуваць украінскую мову. Потым зацікавіўся сітуацыяй з двухмоўем у Беларусі, і мне стала цікава: чаму мы пра Украіну заўсёды гаворым, а цікавыя рэчы пра Беларусь амаль што невядомыя? Гэта мой пяты ці шосты раз, калі я ў Мінску, але ўпершыню ў такім шчыльным беларускамоўным асяроддзі".

Давід зачытаў першыя радкі верша Янкі Купалы "Я не паэта".

 

Для мяне самае цяжкае — гэта шмат слоў

 

Кітаец Чоу Ху-Ні вучыць беларускую мову ўжо каля года, але для яго ўсё яшчэ складана вымаўляць беларускія гукі:

"Я з Кітая. Мяне завуць Чоу Ху-Ні. Я вучу беларускую мову ўжо адзін год. Мне вельмі спадабалася беларуская мова. Для мяне самае цяжкае — гэта шмат слоў. Я не ведаю шмат слоў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі