Саломэ Зурабішвілі: Цяпер не час сябраваць з Расіяй

Саломэ Зурабішвілі: Цяпер не час сябраваць з Расіяй

Цяпер не самы зручны час для супрацоўніцтва Грузіі з Расіяй. Так лічыць Саломэ Зурабішвілі, якая выйграла прэзідэнцкія выбары ў гэтай краіне. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю Бі-Бі-Сі.

"Не думаю, што пакуль Расія паводзіцца так, як цяпер, з улікам таго, што адбываецца на лініі акупацыі, дзе выкрадаюць людзей і гэтая лінія рухаецца ўглыб нашай тэрыторыі, усё бліжэй да Тбілісі... З улікам таго, як Расія цяпер паводзіцца ў дачыненні да Украіны, не думаю, што ўсё гэта азначае, што мы можам проста цяпер перайсці да супрацоўніцтва", — кажа Зурабішвілі.

Разам з тым яна падкрэсліла, што Грузія займае праеўрапейскую пазіцыю. Калі Еўропа і Амерыка пачнуць дыялог з Расіяй, тады Грузія, натуральна, не застанецца ў баку.

Грузія неаднаразова абвінавачвала Расію ў выкраданні людзей на лініі размежавання з Паўднёвай Асеціяй, якую Расія называе незалежнай дзяржавай, а Грузія — часткай сваёй тэрыторыі. Акрамя Расіі незалежнасць Паўднёвай Асеціі прызналі толькі пяць дзяржаў-чальцоў ААН.

Паводле падлікаў Цэнтральнай выбарчай камісіі Грузіі, Зурабішвілі набрала на прэзідэнцкіх выбарах 59,52% галасоў. Фармальна яна лічыцца незалежнай кандыдаткай, але яе падтрымала кіруючая партыя. 

Апанентам Зурабішвілі на выбарах быў Грыгол Вашадзэ ад апазіцыйнага руху "Сіла ў адзінстве" (у які ўваходзіць і партыя былога прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі). Ён набраў на выбарах 40,48%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі