Сацыёлаг: Грамадства стамілася ад усёй сістэмы ўлады

Зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і
палітычных дасьледваньняў апублікаваў вынікі чэрвеньскага апытання, паводле
якога рэйтынг склаў 29,7%.

Еўрарадыё: Чаму зніжаецца
рэйтынг Лукашэнка?

Аляксандар Сасноў: Ён
зніжаецца таму, што нейкая няўпэўненасць ёсць у насельніцтва – што будзе з
эканомікай далей. Невыкананае абяцання наконт 500$ заработнай платы, кошты
растуць, тарыфы на “камуналку” паднялі… Калі рэйтынг “абваліўся” ў самы крызіс
– гэта было зразумела, то цяпер, хоць сітуацыя трохі выправілася, але
ўпэўненасці ў насельніцтва, што яна такой застанецца, няма. Таму рэйтынг пайшоў
уніз. Ёсць яшчэ і іншыя складнікі: заробкі ў нас нізкія ў параўнанні з суседзямі
і масава з’язджаюць людзі асноўных прафесій; сілавікі робяць усё без усялякіх
спасылак на закон – гэта таксама шмат каго дапякло.

Еўрарадыё: А як жа
прапаганда? Ці яна ўжо не дзейнічае?

Аляксандар Сасноў: Калі ў
страўніку пачынае бурчэць – дык і прапаганда не дапамагае.

Еўрарадыё: Можа, народ
стаміўся ад кіравання аднаго чалавека?

Аляксандар Сасноў: Гэта
таксама ўплывае, але я не казаў бы, што толькі аднаго чалавека: сама сістэма –
гэта многа людзей, ад якіх стаміліся людзі. Колькі можна ўсё цягнуць у адзін
бок, калі не атрымліваецца добра?! Усе ж бачаць, што не атрымліваецца!

Еўрарадыё: Большасць
апытаных прызнаюць, што Лукашэнка абапіраецца на сілавікоў…

Аляксандар Сасноў: Так,
так. Ён кажа, што ён ад народа ды абапіраецца на народ, але на самай справе ён
абапіраецца на штыкі. Нехта сказаў, што абаперціся на штыкі можна, а ўсядзець
на іх – нельга. Вось цяпер той самы момант – ён вызначаецца, як можна ўсядзець
на штыках.

Еўрарадыё: А ці
адлюструецца гэта неяк на наступных выбарах?

Аляксандар Сасноў: У нас
у краіне выбараў няма. Той цырк, што робіць Ярмошына з памагатымі – паводле яго
мы нічога не можам ведаць. Ці мяняецца нешта, можна даведацца толькі з
незалежных сацыялагічных апытанняў. А казаць па дадзеных, якія друкуюць
дзяржаўныя сацыёлагі – немагчыма. Гэтыя дадзеныя не адпавядаюць рэчаіснасці.

Еўрарадыё: Але ж да якой
ступені можна перарабіць рэчаіснасць? Калі б ніхто не галасаваў – наўрад ці яны
змаглі б перарабіць вынікі.

Аляксандар Сасноў: Яны б змаглі.
Ім абы выканаць загад – і няма пытанняў. У іх ёсць “мусіенкі” якія скажуць, што
такія лічбы і атрымаліся.