Сабраць дзіця ў школу можна за 1700 долараў, а можна і за 200

Еўрарадыё паспрабавала дазнацца, у якую капеечку абыйдзецца бацькам адправіць у школу багатага вучня і беднага. Бацькі з нізкім даходам імкнуцца знайсці школьныя прыналежнасці і адзенне патанней: якасць іх не турбуе, галоўнае, каб зберагчы сродкі. Абышоўшы не адну краму, мы сабралі ранец для беднага вучня: у яго паклалі самую танную шарыкавую ручку коштам 240 рублёў, фламастэры за 990 рублёў, 40 сшыткаў коштам 140 руб кожны, лінейку, цана якой склала 530 рублёў, і іншыя неабходныя школьныя прыналежнасці. У выніку, за сам ранец і яго напаўненне мы заплацілі 35 тысяч 200 рублёў.

Дзеці з багатых сем’яў набываюць толькі найлепшае – ім па статусе належыць. І хоць яны аддаюць перавагу шопінгу за мяжой, але і ў нашай краіне можна для іх нешта падабраць. Цана на ранец зусім “сімвалічная” – 90 тысяч, ручка каштуе 25 тысяч рублёў, алоўкі 16.740, сшыткі 12 аркушаў за 840 рублёў. Такі “джэнтльменскі набор” абышоўся ўсяго у 249.500 рублёў.

Няцяжка здагадацца, што з адзеннем такая ж сітуацыя. Адзіны ў Мінску супермаркет для дзяцей “Буслік” разлічаны на розны даход бацькоў. Па словах таваразнаўцы супермаркета Алены Пілявец, тут можна набыць самую танную школьную форму.

Алена Пілявец: Самая нізкая цана касцюма 64 тысячы рублёў.

У ГЦ “Еўропа”, дзе апранаюцца не самыя бедныя, касцюмаў дзелавога стылю ад “Калінкі”, “Гамяльчанкі” няма, затое ёсць іншыя. Аж з самой Еўропы. Выбар на любы далікатны густ: кашуля коштам 80 тысяч, пінжак за 132 тысячы. Прадавачка Галіна Валькевіч расказвае, што бацькі не разменьваюцца на дробязі і купляюць адразу ўвесь касцюм. За якасны тавар трэба і плаціць адпаведна – 220 долараў.

Алена, маці школьніцы і пастаянная пакупніца ГЦ “Еўропа”, не давярае беларускім вытворцам: адзенне не вельмі прыгожае і якаснае. Таму пяты год апранае дачку толькі ў модных буціках.

Алена: Нягледзячы на парадак цэн, якія, у прынцыпе, “кусаюцца”, але яны ніжэй за еўрапейскія. Калі нават браць распродаж у Вільні, у Варшаве, то яны тут даступныя. Тым больш не трэба ехаць і адкрываць візу.

Да заняткаў фізічнай культурай розныя дзеці таксама рыхтуюцца па- рознаму: бедныя крочаць на рынак, каб набыць спартовы касцюм за 25 тысяч рублёў і красоўкі за 30. А багатыя – у краму “Спортмайстар”. Найлепшыя фірмы, такія як “Nike”, “Merrell”, прапануюць сваю прадукцыю. Колькі за яе яны просяць, мы запыталіся ў прадавачкі Вольгі Жупрынскай.

Вольга Жупрынская: Дзіцячых спартовых касцюмаў усяго пару штук, а цана іх 231 тысяча і са зніжкай 184 тысячы. Красоўкі “Nike” – 107 тысяч, але гэта зніжкі. Першапачатковая іх цана – 134 тысячы.

Пасля таго, як ранец з школьнымі прыналежнасцямі, касцюм і спартыўная форма куплены, на гэтым зборы беднага вучня амаль закончыліся, засталося толькі набыць мабільны тэлефон, які быў у выкарыстанні, коштам 20-30 долараў. А багаты вучань адпраўляецца разам з бацькамі выбіраць модны ноўтбук і мабільнік. Напрыклад, смартфон Nokia 6290 за 389 долараў з умантаванай камерай, дыктафонам, фотаальбомам, МР3-плэерам. І не менш круты ноўтбука Acer Aspire 3613WLC коштам 870 умоўных адзінак.

Вось і атрымоўваецца, што беднага вучня ў школу мы сабралі за 200.200 рублёў, а багатага – за 3 мільёны 761 тысячу беларускіх рублёў. Але гэта розніца зусім не бачна ў школе, так Еўрарадыё сказала дырэктар сталічнай гімназіі №12 Кацярына Пятроўна. І такія паняцці, як бедны і багаты вучань, адсутнічаюць.

Кацярына Пятроўна: Зараз заказалі шыць “Элеме” адзіную форму для нашых гімназістаў. У панядзелак будзе прымерка. Так што ўсе будуць хадзіць у аднолькавых пінжаках, спадніцах. І нельга будзе зразумець, хто з якой сям’і. А да гэтага ўсе дзеці хадзілі ў касцюмах дзелавога стылю. Ніякіх праблем не было.

На гэту тэму з намі адмовіліся размаўляць некалькі дырэктараў сталічных гімназій. Па іх словах, гэта надуманая праблема журналістаў, якая ў рэальным свеце не існуе.


Фота — richclement.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі