Рыторыка беларускіх уладаў змянілася, ці зменіцца нешта пасля 28 верасня?

23 і 24 ліпеня ў літоўскім сойме праходзіць канферэнцыя пад назвай "Беларуская грамадзянская супольнасць і журналістыка 2008. Парламенцкія выбары ". Абмеркаванне праблемаў і выклікаў, якія стаяць перад СМІ і грамадскімі арганізацыямі напярэдадні парламенцкіх выбараў, — такую мэту ставіць перад сабой канферэнцыя. Што ўсё ж такі адбываецца ў Беларусі? Якую ступень дэмакратычнасці выбараў можна чакаць? Што пра іх можна сказаць ужо сёння? Што можна палепшыць у выбарах пры наяўнасці жадання ўладаў? Гэта спрабавалі асэнсаваць беларускія праваабаронцы, журналісты, чальцы літоўскага сойма, прадстаўнікі Літвы ў Радзе Еўропы, якія ў гэтыя дні сабраліся ў Канстытуцыйнай зале літоўскага сойма.

Гэта вельмі важная для літоўцаў зала. На вялізных, ва ўсю сцяну, фотаздымках — шлях літоўцаў да дэмакратыі.

Нагадаем, што 47 краін Еўропы з'яўляюцца чальцамі Рады Еўропы, і толькі адна краіна —Беларусь — не ўваходзіць у яе. Усе прысутныя выказвалі спадзяванні, што Беларусь далучыцца. І што дэкларацыі беларускіх уладаў, якія заяўляюць сёння пра намер правесці паказальныя дэмакратычныя выбары, нешта зменяць. Як звычайна, вялікімі аптымістамі выступалі еўрапейцы. Аднак знакі нейкіх зрухаў, напэўна, шукалі ўсе.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта, лічыць, што дэмакратычныя выбары немагчымыя без незалежных СМІ і трэцяга сектара.

Алег Гулак: "Выбары – гэта не аднадзённы працэс, гэта не проста само галасаванне і падвядзенне вынікаў галасавання. Выбары – гэта праява таго, наколькі ўвогуле ў краіне створаныя і працуюць дэмакратычныя інстытуты. Таму зараз, канешне, вельмі складана гаварыць пра насамрэч свабодныя і справядлівыя выбары, таму што грамадства запалоханае, свабоды слова няма, няўрадавыя арганізацыі ў большасці былі ліквідаваныя і дзейнічаюць з забаронай на дзейнасць незарэгістраваных арганізацый. Гэта ўсё вельмі адмоўна ўплывае на магчымасць правядзення свабодных выбараў зараз.
У плюс можна аднесці тое, што ўвогуле пачаліся абяцанні ўлады, што выбары будуць празрыстымі і свабоднымі, што мы зацікаўленыя ў еўрапейскіх каштоўнасцях".

Палітолаг Раман Якаўлеўскі перакананы, што пры моцным рэжыме па азначэнні не можа быць моцнай апазіцыі:

Раман Якаўлеўскі: "Гістарычны досвед падказвае, што калі рэжым моцны, апазіцыя слабая. Не можа быць пры моцным рэжыме – а ён сёння ёсць у Беларусі, працуе вертыкаль, рэпрэсіўная сістэма, – пры гэтым не можа па азначэнні быць моцнай апазыцыі. Асабіста мой пункт гледжання, што большую ролю мусіць адыграць знешні фактар".

Філосаф Алесь Анціпенка заўважыў змены ў самой рыторыцы беларускай улады і бачыць у гэтым паварот да Захаду:

Алесь Анціпенка: "Змянілася сама рыторыка ўлады. Пад пагрозай тыя сацыяльныя кантракты, якія рэжым меў з такімі катэгорыямі, як студэнты ці пенсіянэры. Змест гэтых кантрактаў будзе зменены. Я магу прадказаць, што рэжым ахвяруе падтрымкай пенсіянэраў, але, з другога боку, будзе шукаць іншых шляхоў сваёй легітымізацыі. І адзін са шляхоў гэтай легітымізацыі – гэта рух на Захад".

Рэдактар сайта nn.by Андрэй Дынько, у сваю чаргу, ніякіх дэмакратычных зменаў у Беларусі не бачыць:

Андрэй Дынько: "Давайце апераваць фактамі. Мы маем сферу СМІ. Ніводная газета не вярнулася ў беларускія друкарні з тых, якім было забаронена друкавацца тут, ніводная газета не вярнулася ў сістэму распаўсюду і падпісныя каталогі Белсаюздруку, ніводная новая незалежная газета не з’явілася ў рэгіёнах, ніводзін карэспадэнт “Еўрапейскага радыё для Беларусі” ці “Радыё Рацыя” не быў акрэдытаваны ў Беларусі. Пра якія змены мы гаворым?"


Прапануем Вашай увазе праект рэзалюцыі, распрацаваны на канферэнцыі.

ПРАЕКТ
Рэзалюцыя
Канферэнцыі “Грамадзянская супольнасць і СМІ ў Беларусі
напярэдадні парламентскіх выбараў 2008 года”

1. Канферэнцыя “Грамадзянская супольнасць і журналістыка ў Беларусі напярэдадні парламентскіх выбараў 2008 года” (надалей – Канферэнцыя) абмеркавала сітуацыю ў сферы СМІ, працу праваабаронцаў і іншых структураў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі напярэдадні і ў час кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, якія прызначаныя на 28 верасня 2008 году. Удзельнікі Канферэнцыі падкрэсліваюць асаблівую ролю медыяў і грамадзянскай супольнасці для функцыянавання дэмакратычнага грамадства, якая асабліва ўзрастае ў перыяд выбарчых кампаніяў.

2. Удзельнікі Канферэнцыі засведчылі, што існуе шэраг праблемаў у дзейнасці медыяў, праваабарончых арганізацыяў і іншых структураў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Працягваецца ціск і пераслед структураў грамадзянскай супольнасці і грамадскіх актывістаў. Палітыка беларускіх уладаў да незалежнай прэсы і праваабаронцаў застаецца жорсткай. Судовая сістэма і праваахоўныя органы выкарыстоўваюцца для іх пераследу. У заканадаўстве краіны дагэтуль прысутнічаюць артыкулы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дэфамацыю і дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Канферэнцыя адзначыла ў якасці станоўчага моманту скарачэнне актыўнага прымянення гэтых артыкулаў, але, ў той жа час, нагадвае, што сам факт наяўнасці гэтых палажэнняў у беларускім заканадаўстве робіць немагчымым нармальнае існаванне недзяржаўных арганізацыяў і свабодных медыяў, а таксама функцыянавання іншых інстытутаў грамадзянскай супольнасці.

3. Удзельнікі Канферэнцыі выказваюць заклапочанасць паспешлівым прыняццем Нацыянальным Сходам Беларусі Закона “Аб СМІ”, некаторыя палажэнні якога, на думку нацыянальных і міжнародных экспертаў, сур’ёзна пагоршаць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі. Усведамляючы, што свабода здабываць і распаўсюджваць інфармацыю з’яўляецца неабходнай умовай існавання дэмакратычнага грамадства, удзельнікі Канферэнцыі заклікаюць Прэзідэнта Беларусі не падпісваць гэты законапраект, вярнуць яго ў нацыянальны парламент і наладзіць грамадскае абмеркаванне законапраекта з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку нацыянальнай і міжнароднай экспертнай супольнасці.

4. Удзельнікі Канферэнцыі вітаюць запрашэнне беларускімі ўладамі міжнародных назіральнікаў для назірання за парламентскімі выбарамі 2008 года і заклікаюць грамадзянскую супольнасць, медыі і праваабаронцаў актыўна супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі, якія маюць цікавасць да выбарчай кампаніі ў Беларусі.

5. Удзельнікі Канферэнцыі засведчылі, што, нягледзячы на некаторыя фармальныя прызнакі пазітыўных зрухаў у выбарчым працэсе, яго першыя этапы засведчылі аб тым, што прынцыповых зменаў у працэсе падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Беларусі не адбываецца.

6. Удзельнікі Канферэнцыі выказваюць спадзяванні на тое, што беларускія дзяржаўныя электронныя і друкаваныя СМІ будуць трымацца прынцыпаў роўнасці доступа кандыдатаў у дэпутаты да магчымасцяў абвяшчаць свае праграмы. Канферэнцыя таксама заклікае беларускіх журналістаў асвятляць выбарчы працэс, кіруючыся не ідэалагічнымі, а прафесійнымі стандартамі і прынцыпамі журналісцкай этыкі. Прадстаўнікі прэсы мусяць усведамляць сваю адказнасць перад выбарцамі за ўсебаковае асвятленне выбараў.

7. Удзельнікі канферэнцыі заклікаюць беларускія ўлады:

7.1. Запрасіць да назірання за парламентскімі выбарамі 2008 года ўсе еўрапейскія арганізацыі, якія здзяйсняюць маніторынг выбарчых стандаратаў, у прыватнасці Парламентскую Асамблею Рады Еўропы і Еўрапейскі Парламент.
7.2. Спыніць адміністрацыйны і эканамічны ціск на структуры грамадзянскай супольнасці, у першую чаргу медыяў і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама выкарыстанне спецслужбаў, праваахоўных органаў і судовай сістэмы для пераследу грамадскіх актывістаў;
7.3. Адмяніць пяць артыкулаў Крымінальнага Кодэксу Беларусі, а менавіта Артыкула 367 “Паклёп у дачыненні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, Артыкула 368 “Знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, Артыкула 369 “Знявага прадстаўніка ўлады”, Артыкула 369-1 “Дэскрыдытацыя Рэспублікі Беларусь” і Артыкула 193-1, які тычыцца адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі;
7.4. Забяспечыць поўны і свабодны доступ усіх медыяў да ўсебаковай інфармацыі, што тычыцца перадвыбарчага працэсу і правядзення выбараў, а таксама забяспечыць неабходныя ўмовы для ўсебаковага грамадскага назірання за ходам падрыхтоўкі і правядзення выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі ў верасні 2008 года.

8. Удзельнікі Канферэнцыі звяртаюцца да Рады Еўропы, АБСЕ, Еўрапейскага Звязу і іншых зацікаўленых міжнародных структураў і арганізацыяў з заклікам:

8.1. Актыўна ўдзельнічаць у працэсе стварэння і дзейнасці Еўрапейскай рады па маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Беларусі;
8.2. Узмацніць супрацоўніцтва з беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі і медыямі напярэдадні і падчас выбараў, выкарыстоўваючы іх патэнцыял для забяспечання незалежнай інфармацыі і маніторынгу выбарчага працэса.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі