Roskilde Festival абвясціў праграму і патлумачыў, чаму яна такая

Адзін з найбуйнейшых еўрапейскіх рок-фэстаў Roskilde нарэшце абвясціў, хто і калі будзе выступаць на сёлетнім фэсце. Roskilde адбудзецца з 2 па 5 ліпеня ў Даніі ўжо 28-ы раз. І гэтым разам збярэ фанаў такіх гуртоў-хэдлайнераў, як Nick Cave & The Bad Seeds, Coldplay, Faith No More, Nine Inch Nails, Oasis, Pet Shop Boys, Slipknot, Trentemoller і Kanye West.

Гэта хэдлайнеры толькі адной “аранжавай” пляцоўкі (Orange stage). Усяго на Roskilde іх 7, і выступоўцаў больш за 175.

Як і ўсе вялікія фэсты, Roskilde доўгі час не абвяшчаў канчатковую праграму, а заяўляў па адным-два гурты на працягу ўсяго года. Зараз арганізатары спадзяюцца, што больш зменаў і перастановак не будзе, усе гурты на сваім месцы і на сваёй пляцоўцы, распісаныя па хвілінам.

З канчатковым варыянтам праграмы можна азнаёміцца на афіцыйнай старонцы фэсту.

Арганізатары раяць наведвальнікам раздрукаваць гэты расклад і не забыцца на аловак на ўсялякі выпадак.

Натуральна, што праграма выклікала вялікую рэакцыю з боку наведвальнікаў. Яны яшчэ з вясны хваляваліся, каб канцэрты іх любімых выканаўцаў не паставілі ў адзін час (на вялікіх фэстах такое часцяком здараецца, бо пляцовак вельмі шмат). Арганізатары круцілі як маглі, каб задаволіць усіх, але пасля абвяшчэння праграмы пытанні ўсё адно з’явіліся. Вось самыя папулярныя:

Чаму Faith No More будуць граць а 17:00 у пятніцу?

Faith No More абвясцілі хэдлайнерамі ў самы апошні момант, хоць перагаворы з гуртом вялі ажно з мінулага жніўня. І калі тыя пагадзіліся, аказалася, што галоўная пляцоўка Orange Stage на пятніцу ўжо занятая Нікам Кейвам, Oasis і Nine Inch Nails. “Канечне, Faith No More шыкоўна выглядаюць у цемры, — тлумачаць арганізатары але, з іншага боку, складана прыдумаць лепшы гурт, які б распачаў пятнічную праграму на галоўнай пляцоўцы”.

Чаму не маглі ўсе "металічныя" гурты паставіць выступаць уначы?

Так павялося, што Roskilde праходзіць на Скандынаўскай зямлі, дзе доўгія і светлыя летнія ночы, таму цягам адной такой ночы можа адбыцца толькі 2 канцэрты “ў цемры”. А "металічных" гуртоў на фэсце значна больш, чым два за ноч. Таму некаторыя пагадзіліся выступаць і на працягу дня.

Чаму швецкі рэпер Petter адкрывае галоўную пляцоўку? Няўжо гэта не мусіць быць нехта з Даніі?

“Мы хочам адкрываць галоўную пляцоўку па-рознаму” — тлумачаць арганізатары. — “Ніхто не вызначаў, што абавязкова дацкі гурт мусіць распачынаць фэст. Гэта ўсяго традыцыя, але мы любім ламаць традыцыі”.

Больш інфармацыі пра Roskilde Festival і пра іншыя еўрапейскія фэсты глядзіце на фэст-старонцы Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі