Рок з яйцамі ніяк не звязаны

Так сказалі дзве рок-князёўны - Кася Камоцкая і Руся - у адказ на агучаны стэрэатып “жанчына-рокер – баба з яйкамі”. Таксама напярэдадні Дня жаночай салідарнасці яны распавялі Еўрарадыё пра размеркаванне абавязкаў у сваіх сем’ях, пра тое, што рокершы большыя разгільдзяйкі за рокераў, пра інтымныя стасункі з музыкамі і самыя прыемныя падарункі ад сваіх мужчынаў за апошні час.
Пра рок-выканаўцаў-жанчын і мужчын

Галляш Валынец: Вітаю ўсіх, хто слухае Еўрарадыё. Сёння, напярэдадні 8 сакавіка, мы вырашылі паразмаўляць з дзвюма жанчынамі-рокерамі як пра гэта свята, так і пра іх жыццё і адносіны сярод мужчын і рок-тусоўкі. У нашай студыі знаходзяцца Руся – вакалістка гурта Indigа і рок-князёўна 2005 года ды Кася Камоцкая – франтмэн гурта “Новае Неба” і двойчы рок-князёўна. Пачнем з таго, што для вас быць рок-выканаўцай-жанчынай?

Руся: Мне падаецца, што быць рок-выканаўцай-жанчынай гэта вельмі цікава. Бо да жанчыны аўдыторыя мае адмысловы давер. Нават дзесьці можна крыху “падхалявіць”, бо жанчына гэта заўсёды прыгожа.

Кася Камоцкая: Я думаю, што быць рок-выканаўцай-жанчынай і рок-выканаўцам-мужчынам – гэта амаль тое ж самае. Таму “халявіць” не трэба. Дадам, што не ўсім жанчынам прыемна бачыць на сцэне жанчыну. І ў гэтым ёсць складанасці, таму што бабы больш зласлівыя і больш раўнівыя.

Р.: Кася, ну мы ж з табой такія моцныя, сапраўдныя жанчыны – што нам зайздрасць чужая, праўда?

К.К.: Нам так, але і пра іншых трэба падумаць.

Г.В.: Зайздрасць паміж выканаўцамі-жанчынамі, напрыклад, зразумелая. Але тое, што мужчыны рок-выканаўцы лічаць, што жанчына не можа спяваць рок-музыку… І ў прынцыпе рок-музыка ўспрымаецца як музыка мужчынская.

К.К.: Я так не думаю. Мне падаецца, што тыя часы, калі думалі, што рок-н-рольная музыка выключна мужчынская, канулі ў Лету разам з думкамі, што рок можна спяваць толькі па-англійску. Гэта проста звычайная чалавечая неадкрытасць да іншага. І зараз, мне падаецца, ва ўсім свеце і ў Беларусі гэтыя часы ўжо прайшлі, і жанчына на рок-сцэне нікога больш не здзівіць. Тым больш, усе нашыя мужчыны на рок-сцэне спяваюць такімі мілымі і пяшчотнымі тэнарамі, што, баюся, розніца невялікая.

Р.: А я думаю, што такія думкі, маўляў, жанчына не павінна спяваць рок-н-рол, нейкія сэксісцкія. Бо калі рок-н-рол – гэта музыка пратэсту, то глупства лічыць, што жанчыне няма супраць чаго пратэставаць.

К.К.: Нават, напэўна, болей!




Пра імідж і стасункі з рокерамі-мужчынамі

Г.В.: Як складаюцца вашыя адносіны з рок-выканаўцамі-мужчынамі? Ці не падаецца вам, што калі мужчына рок-выканаўца, то з ім складаней размаўляць, чым з простым мужчынам?

Р.: Ды не! У мяне нават раманы былі з рок-выканаўцамі. Усё нармальна, звычайныя такія, файныя дзядзькі.

К.К.: Службовы раман называецца! Я думаю гэта нейкія міфічныя ўяўленні, што рок-музыкі – гэта нейкія іншыя людзі. Якраз я нездарма ўзгадала пра службовы раман, бо калі ўвесь час варышся ў гэтым коле, то там і раманы ўзнікаюць. А калі б ты, Руся, часцей бывала ў пастарунках міліцыі, то, ведаеш, у цябе мог бы быць і іншы службовы раман.

Г.В.: Ну, а ці не павінен ваш мужчына быць рокерам? Бо гэта імідж, і калі вы жанчына-рокер, то і той чалавек, які вас суправаджае, павінен быць таксама рокерам.

Р.: Не, мы ж разумныя жанчыны, і навошта нам гэтыя дурныя забабоны пра нейкі імідж ды пра рок-фармат!

Г.В.: Ну, а фанаты, якія бачаць, што вы зусім не з рокерамі тусуецеся?

Р.: Ведаеш, калі нейкія інтымныя стасункі па жыцці мець з рокерам, то гэта азначае толькі адно – спаборніцтва за тое, хто што больш зрабіў для рок-н-ролу… Мне так падаецца, але не ведаю. Кася больш дасведчаная, напэўна, можа, у яе іншае меркаванне.

К.К.: Я, шчыра кажучы, увогуле кепска ўсё жыццё стаўлюся да паняцця “імідж”. Я лічу, што калі рокер думае пра тое, што ў яго павінен быць імідж, то ён нешта іншае прапускае. Ёсць людзі, якія ўсё жыццё ходзяць у скуры, і пры гэтым яны не рокеры. Калі чувак кажа: “Я спяваю такую музыку, а таму… сам-то я люблю хатнія тапкі і фланэлевыя кашулі, але мушу вось хадзіць у скуры”. Мне гэта не падабаецца. Ведаеце, як хто апрануты – не вырашае, хто больш круты рокер. А імідж, які ў цябе ёсць, гэта ўжо не імідж – гэта тваё светаўспрыняцце. Ну, а прымушаць сябе толькі з-за таго, што ты мусіш мець нейкі імідж, ну гэта неяк няправільна. Вось, напрыклад, Марк Нопфлер, ён на сцэне такі ж, як у жыцці. Ён не змяняе фракаў, кашуляў, і гэта што – імідж? Гэта нейкая цэласнасць, асоба.

Р.: Ці, напрыклад, Бобі Макфэрэн, ён так выглядае на сцэне, нібыта толькі што выйшаў з трамваю. І мне падаецца, што натуральны імідж, прыродны такі выгляд мае чалавек, калі ён самастойны і мае самастойныя ўпэўненыя меркаванні ды думкі. А лягчэй за ўсё пабачыць фоткі нейкага крутога рокера і вырашыць: “Усё, я буду такім!” Гэта не шчыра.




Пра фемінізм і баб з яйцамі

Г.В.: Ну, а не бывае такога, што спявае жанчына і вам падаецца, што не, яна дрэнна спявае, я б лепш гэта зрабіла?

К.К.: Ну, я лепей спяваю свае песні, а чужыя я б ніколі лепей не праспявала. Але, канешне, і жанчыны кепска спяваюць. Ты што, думаеш, гэта прэрагатыва толькі мужчын? Не, у нас сёння жаночы дзень, мы прапануем раўнапраўе, а таму і жанчыны таксама кепска спяваюць.

Г.В.: А назавіце адрозненне беларускага жаночага року ад расійскага, украінскага, агулам – сусветнага жаночага року?

Р.: Я нешта такіх адрозненняў не бачу. Зразумела, што ў беларускім року ёсць такі палітычны прысмак часам, адзіная розніца, якую я бачу, гэта, можа, якасць гучання, аранжыроўкі і музычнай апрацоўкі. Што тычыцца глабальнага канцэпту, мне падаецца, што музыка, яна заўсёды аднолькавая.

К.К.: Трэба ж зазначыць, што нашыя жанчыны самыя прыгожыя. Гэта, канешне, мужчына мусіў сказаць, але мы ж з табой ведаем…

Г.В.: Вось! Яшчэ ёсць такі погляд, што жанчыны-рокеры звычайна феміністкі. І ўвогуле жанчын-рокерш называюць бабамі з яйцамі. Ці можна гэты выраз як-небудзь аднесці і да вас?

Р.: Мне падаецца, што рок з яйцамі ніяк не звязаны. Мне падаецца, што калі жанчына моцная па жыцці, то не важна, спявае яна рок ці папсу ці ўвогуле яна гатуе пяльмешкі па выходных. І ўвогуле, а што такое феміністка?

Г.В.: Ха-ха!

Р.: Ну, ты задаеш пытанне, што так лічаць а сам ведаеш, што гэта?

К.К.: На тваю думку…

Г.В.: Я ў гэтым так не разбіраюся, калі шчыра. Па-мойму, феміністка – гэта жанчына, якая лічыць, што мужчына і жанчына роўныя па ўсіх пунктах, і нават не можа быць такой думкі, што нехта слабейшы, а нехта мацнейшы.

К.К.: Ну, я хачу сказаць, што пытанне пра слабасць і моц – гэта пытанне адвечнае, бо ўвогуле немагчыма сказаць, дзе тая слабасць і моц. Гэта філасофскае пытанне. Я сама не лічу сябе феміністкай, бо не бачу прычыны адстойваць свае правы, я і так іх зашмат набрала, і трэба ўжо раздаваць. Але ёсць жанчыны, якія знаходзяцца ў цалкам залежным ад мужчынаў становішчы. І камусьці з жанчын гэта балюча. Ну, агульна вядомы факт, што па ўсім свеце, не толькі ў Беларусі, жанчыны зарабляюць на аналагічных працах менш, чым мужчыны. І тут развіваецца, так скажам, глеба для гэтага фемінізму, для змагання за роўную хоць бы аплату працы. У прынцыпе, я цалкам не супраць гэтага, проста я не знаходжуся ў такіх адносінах з грамадствам, каб гэта адчуваць гэта. І таму не лічу сябе феміністкай і наўрад ці калісьці змагла б браць удзел у такім руху. Напрыклад, я вельмі люблю жывёлаў, але не ўступіла ў Таварыства па ахове жывёлаў. І помнікі люблю архітэктурныя, праўда!




Пра каханых мужчын, хатнія справы і 8 Сакавіка

Г.В.: А ў вашых адносінах з мужчынамі хто мацнейшы, хто галоўны ў сям’і?

Р.: У маёй сям’і так: ёсць пытанні, дзе мацнейшы і разумнейшы мой каханы чалавек, а ёсць – дзе выключна я. У нас усё па-роўнаму.

К.К.: Да таго ж перакананая, што яму вельмі падабаецца, што менавіта ты вырашаеш гэтыя пытанні. Я думаю, што кожная разумная і хітрая жанчына і кожны хітры мужчына жадае аддаць больш паўнамоцтваў у сям’і іншаму. Таму што менш адказнасці і менш галава баліць. Я б была шчаслівая, каб галоўным у сям’і быў бы мой муж, але ён таксама хітры, а таму па прадукты амаль увесь час хаджу я.

Г.В.: А якія яшчэ хатнія справы робіце вы, а якія – мужчына?

К.К.: У мяне дык нічога не робіць… Ну, лямпачку ўкруціць.

Р.: А ў нас дык і справаў ніякіх няма, бо мы пакуль здымаем кватэру. А сустракаемся толькі пасля працы літаральна на 5-6 гадзінаў, каб пераначаваць, і ўсё.

К.К.: А есці хто гатуе?

Р.: Хто галодны, той гатуе. Звычайна мужчына.

К.К.: Вось, бачыш, як добра, а ў мяне халадзільнік.

Г.В.: Можаце ўзгадаць самы прыемны момант, зладжаны вашым мужчынам?

К.К.: Ой, я не памятаю! Памяць у мяне дзявочая, я не памятаю, колькі альбомаў напісала, нават. Проста лічу, што я вельмі шчаслівы чалавек, і такіх момантаў у мяне было шмат, а таму і не памятаю.

Р.: Мне таксама мужчына вельмі часта робіць прыемныя падарункі, а таму я прызвычаілася і доўга буду ўзгадваць.

Г.В.: Ну, а што было апошнім?

Р.: На днях мы крыху пасварыліся…

К.К.: І ён падарыў табе пярсцёнак.

Р.: Не, ён проста сярод ночы кудысьці схадзіў і прынёс маю ўлюбёную страву сушы. Сказаў: “Не злуйся на мяне больш, я ж цябе так кахаю!”

К.К.: А я, шчыра кажучы, не памятаю. Можа быць, гэта было тое, што мне нарэшце падарылі посудамыйную машыну. Самае, што я ненавіджу ў жыцці, гэта мыць посуд. І калі яна з’явілася, я зразумела, што чалавек мяне кахае. Бо калі я расказала пра гэта сваякам, яны здзівіліся: навошта столькі грошай выкідаць?

Г.В.: Ці ёсць у вас нейкія пажаданні на гэтае 8 сакавіка?

Р.: Я апошнім часам адчуваю сябе такім шчаслівым чалавекам, у такім добрым балансе, што нават не ведаю. Зусім хутка я збіраюся святкаваць свой дзень нараджэння, і ўчора сядзела і спрабавала зрабіць “віш-спіс”, каб агучыць яго сябрам, і яны мне гэтыя рэчы падарылі. Сапраўды нічога не хочацца. Толькі глабальныя рэчы, якія я магу спраўдзіць толькі сама.

К.К.: Я стаўлюся да 8 сакавіка вельмі скептычна, нягледзячы на тое, што не феміністка. А падарункі люблю, і люблю падарункі нечаканыя. Таму спіс скласці я таксама не здолела б. Ёсць такая гісторыя з дачкой адных з музыкаў “Народнага альбому”, якую спыталі, што ёй прывезці і падарыць. І вось яна два дні хадзіла думала, а потым пачала плакаць, што ў яе ўсё ёсць. Так што разумееце, у мяне ўсё ёсць.



Пра творчых людзей і дэпрэсіі

Г.В.: І, гледзячы па ўсім, жанчына-рокер не адрозніваецца ад жанчын – не рокераў…

К.К.: Нічым не адрозніваецца – гэта так, але можа быць адрозненне ў тым, што жанчына-рокер большая разгільдзяйка і больш свабодная, бо можа сабе гэта дазволіць. Ну і вядома, тым, што ёсць ва ўсіх артыстаў, не толькі рокераў, гэта тое, што ёсць пэўныя абавязкі, гастролі і г.д., якія ўскладняюць звычайныя сямейныя адносіны. У тым сэнсе, што не заўжды ёсць час, напрыклад, хату прыбіраць. То бок, я пасля канцэрту яшчэ два тыдні не буду прыбірацца. Бо я яшчэ нервуюся, перажываю, ды як гэта я буду прыбірацца.

Р.: Любы творчы чалавек больш чуллівы і мае своеасаблівае светаўспрыманне.



Г.В.: Рок-музыка, яна ж больш жорсткая. Лагічна ж, каб жанчына-рокер была больш жорсткай, чым простая жанчына.

К.К.: Не ведаю, я лічу сябе не жорсткім чалавекам, а не вельмі схільным да кампрамісаў. Хоць у сямейным жыцці гэта не так. Калі браць стасункі з маім мужам, то я заўсёды гатовая на кампраміс, гэта больш датычыцца творчасці альбо грамадскага жыцця. Канешне, рок-н-рол мне даў адчуванне свабоды, самадастатковасці, таго, што я проста магу мець сваё меркаванне, абараняць яго правільнасці. То бок, слухаць іншых, але не даваць збіць сябе са шляху.

Р.: Ну так, праўда! Давайце паспрабуем уявіць сабе дзяўчыну, якая займаецца камерцыйнай поп-музыкай. Што яе цікавіць? Гэта імідж, гладкія ногі, прыгожыя пазногці…

К.К.: Ну чаму? Грошы, правільна створаны праект…

Р.: Добра, а жанчына, якая займаецца больш свабодалюбівай музыкай, як рок-н-рол прынамсі, яна больш думае пра тое, што яна сама адчувае, мае цвёрдае меркаванне і заўсёды гатовая яго абараняць. Гэта, мне падаецца, жанчына жорсткіх прынцыпаў.

Г.В.: Вы хаваецеся за рок-музыкай, калі нешта здараецца?

Р.: Не, звычайна, калі ў мяне нешта здараецца і трэба разняволіцца, я слухаю джаз ці нейкую павольную музыку, а агрэсіі хапае на сцэне, калі грымяць.

К.К.: І я таксама не магу сказаць, што я зараз слухаю шмат рок-н-ролу, і наадварот, гэта будзе хутчэй звязана з добрым настроем. Калі штосьці здараецца, я, напэўна, увогуле не слухаю музыкі і сыходжу ў сябе ці кладуся спаць.

Г.В.: Часта бывае жаданне вось так схавацца?

К.К.: У мяне, дзякуй богу, не. У мяне зусім іншы характар, і я не ведаю, што такое дэпрэсія, можа, і ведаю, але не ведаю, што гэта яна. Магчыма, таму што я аптымістка. І ў мяне гэты настрой так хутка змяняецца, што я не паспяваю зайсці ў глыбокі смутак.

Р.: А мне падаецца, што я заўсёды неяк крыху сама па сабе. А такіх дэпрэснякоў, каб тыднямі хадзіць і думаць, у чым сэнс жыцця, навошта я тут жыву, навошта мне ўся гэтая творчасць – такога ў мяне няма.

К.К.: То бок, мы не задумваемся!

Р.: Не, мы проста жывем як жывецца. Ну вось музыка ёсць – добра, няма – дрэнна, але хутка будзе нешта зноў.



Фотаздымкі Русі: www.generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі