Вы тут

Рэйтынгавае агенцтва S&P прытрымліваецца негатыўнага прагнозу па Беларусі

Прагноз змяніўся на "негатыўны" 11 верасня 2020 года

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings прытрымліваецца негатыўнага прагнозу па Беларусі. Эксперты бачаць "высокія рызыкі для фінансавай стабільнасці нацыянальнай банкаўскай сістэмы, вялікая частка якой знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем", гаворыцца ў аглядзе, апублікаваным на сайце агенцтва.

Эксперты таксама адзначаюць імкненне грамадзян перавесці зберажэнні ў замежную валюту і забраць ўклады "пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у мінулым годзе".

"Гэта можа прывесці да знясілення наяўных валютных рэзерваў цэнтральнага банка Беларусі і стварыць для ўрада рызыкі ўмоўных абавязацельстваў", — адзначаецца ў аглядзе.

Нявызначанасць можа нарастаць і ў выніку адбіцца на эканамічным росце Беларусі. Краіне складаней стане атрымаць доступ да замежнага рынку капіталу, а гэта можа паўплываць на рэйтынгі.

Але пакуль эксперты агенцтва прынялі рашэнне пакінуць Беларусі доўгатэрміновы і кароткатэрміновы суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі па абавязацельствах у замежнай і нацыянальнай валютах на ўзроўні "В/В".

Такое рашэнне ў агенцтве растлумачылі тым, што ў краіны захоўваецца магчымасць прэтэндаваць на крэдытныя лініі з Расіі і Кітая. Гэтыя грошы дазволяць пагашаць дзярждоўг.

Перагледзець жа прагноз з негатыўнага на стабільны не атрымліваецца з-за трывалай палітычнай нявызначанасці.  

Да выбараў — у красавіку 2020 года — Standard & Poor's таксама ацэньвала рэйтынг Беларусі як "В", аднак прагноз быў "стабільны". На "негатыўны" ён змяніўся 11 верасня 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.