"Рэвалюцыю" ў Малдове арганізавалі футбольныя фанаты?

Сітуацыя ў Малдове падобная да "цюльпанавай рэвалюцыі" ў Кіргізіі. Аднак гэта зусім не тое, што было ў Грузіі ды Украіне. Такую думку Еўрарадыё выказаў дырэктар Еўрапейскага інстытута палітычных даследаванняў Малдовы Віарэл Чыбатару.

“Не можа ісці гаворкі пра дэмакратычную рэвалюцыю, таму што працэс дэмакратыі, няхай з цяжкасцю, хай з незадавальненнем, але мае месца. Рэвалюцыя чаго? Каб мы хутчэй дэмакратызаваліся? Сітуацыя больш падобная на Кіргізію — я быў там адразу пасля "цюльпанавай рэвалюцыі". Але зараз сітуацыя абсалютна іншая. І ўмовы іншыя, і г.д.”

Маладыя людзі выйшлі ў цэнтр Кішынёва на знак пратэсту супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, на якіх перамагла партыя камуністаў. Аднак сітуацыя развівалася настолькі стыхійна, што хутка акцыя пераўтварылася ў масавыя беспарадкі.

Сітуацыя стала абарочвацца ў міжнародны скандал. Прэзідэнт краіны Ўладзімір Варонін аб’явіў румынскага пасла персонай нон-грата. Таксама Малдова ўводзіць візавы рэжым з Румыніяй. “Ва ўсіх працэсах, што зараз адбываюцца, замяшаная Румынія. Цярпенне таксама мае межы. Нам вядомыя аўтары гэтых падзеяў”, — паведаміў прэзідэнт Малдовы Ўладзімір Варонін.

Віарэл Чыбатару аднак мяркуе, што ва ўсім вінаватыя маладзёны з крымінальным мінулым ды футбольныя фанаты, якія неўзабаве далучыліся да мірных маніфестантаў.

Віарэл Чыбатару: “Маніфестацыя пачалася стыхійна. У першы дзень сабраліся, каб проста выказаць сваё незадавальненне вынікамі выбараў. І ў адзін момант натоўп вырас ад некалькіх сотняў, як меркавалі арганізатары, да 10 тысячаў у першы дзень, у другі дзень ужо ад 10 да 15 тысячаў. І фактычна за хвіліны сітуацыя дэградавала настолькі, што пачаліся гэтыя беспарадкі. Там было вельмі шмат моладзі з крымінальным мінулым, футбольныя фаны”.

Ці была сапраўды фальсіфікацыя выбараў, думкі разыходзяцца. Наш карэспандэнт Ігар Аскірка пабываў на выбарах і сустрэўся з прадстаўнікамі апазіцыйных партыяў. Паводле яго слоў, кіраўнік альянсу “Наша Малдова” сказаў, што камуністы надрукавалі 600 тысячаў падробленых бюлетэняў.

Ігар Аскірка: “Ва ўсіх штабах казалі, што будуць фальсіфікацыі. Кіраўнік альянсу “Наша Малдова” нават сказаў, што камуністы надрукавалі 600 тысячаў падробленых бюлетэняў. Так, усе казалі, што будуць фальсіфікацыі. Але прытым яны спадзяваліся, што нават калі камуністы ў некаторай ступені сфальсіфікуюць выбары, яны ўсё роўна перамогуць. То бок, усе тры партыі набяруць разам больш, чым камуністы”.

А вось супрацоўнік беларускага Цэнтрвыбаркаму Ўладзімір Падаляк, які прысутнічаў на парламенцкіх выбарах у Малдове ў якасці прадстаўніка місіі СНД, значных парушэнняў не заўважыў. Таму, на яго думку, адзінай прычынай масавых беспарадкаў можа быць умяшанне сілаў з-за межаў Малдовы.

Уладзімір Падаляк:
“Значных парушэнняў закона Рэспублікі Малдова аб выбарах (ён называецца Кодэкс аб выбарах) практычна не было выяўлена. На ўсіх участках была дастатковая колькасць нацыянальных назіральнікаў. Яны прадстаўлялі ўвесь спектр палітычных партыяў, якія прымалі ўдзел у выбарах. Тое, як гэта ўсё адбылося… мая суб’ектыўная думка, што тут не абышлося без рэгуляцыі нейкімі сіламі звонку Малдовы”.

Кіраўніцтва краіны спрабуе зрабіць усё магчымае, каб утрымаць сітуацыю пад кантролем. Прэзідэнт Уладзімір Варонін заявіў, што любыя спробы паўтарэння падзеяў учорашняга дня будуць сустракаць згодна з заканадаўствам. У тым ліку можа быць адкрыты агонь на паражэнне.

Між тым, моладзь ізноў збіраецца ў цэнтры Кішынёва, каб працягнуць маніфестацыі.



Фота агенцтва Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі