Рэпрэсіі не забіваюць грамадзянскую супольнасць, але і мацнейшай не робяць

Працягваць працаваць? / pixabay
Працягваць працаваць? / pixabay

Дзяржава павінна быць зацікаўлена ў тым, каб рэгістраваць НДА, а не касаваць іх, лічыць палітолаг Андрэй Ягораў. І тлумачыць: у такім выпадку ў яе будзе магчымасць кантраляваць дзейнасць такіх ініцыятыўных груп.

"Калі адбіраюць рэгістрацыю, актыўнасць застаецца, з ёй нічога нельга зрабіць. Але тут важная воля людзей, жаданне працягваць дзейнасць. Можам прывесці ў прыклад "Вясну", якую даўным-даўно пазбавілі рэгістрацыі, але яна існуе. І не яна адна", — кажа палітолаг Андрэй Ягораў.

Але ўпадаць у аптымізм не варта. Такія дзеянні ўладаў наўрад ці зробяць НДА мацнейшымі. Маючы афіцыйную рэгістрацыю, яны мелі нашмат большы спектр магчымасцяў. І датычыцца гэта ў першую чаргу дабрачынных арганізацый, для існавання якіх важная афіцыйная рэгістрацыя дабрачыннага фонду.

"Той жа дабрачынны праект "ИМЕНА", пераходзячы ў іншыя формы, зможа дапамагчы значна меншай колькасці чалавек. Але і гэта не выключае магчымасці працягваць дзейнасць", — кажа Ягораў.

Калі ўсё ж спрабаваць шукаць пазітыўны бок у закрыцці НДА, можна дапусціць, што гэтыя дзеянні ўладаў справакуюць грамадзянскую супольнасць на больш глыбокія рэфлексіі.

"Да гэтага моманту ўсе разумелі, што рэпрэсіі магчымыя, але многія працягвалі трымацца на пэўнай адлегласці ад пратэставага руху. Стараліся прайсці між кропель дажджу, захаваўшы нейтральнасць у адносінах і да пратэстоўцаў, і да беларускай дзяржавы. Але мы не можам не рэагаваць на палітычныя рэпрэсіі, не вызначаючыся, на якім мы баку. Частка арганізацый спрабавала гэта зрабіць і трапіла пад рэпрэсіі", — лічыць Ягораў.

Сітуацыю ў Беларусі пасля таго, як шэраг НДА быў пазбаўлены рэгістрацыі, ён параўноўвае з ваенным становішчам у Польшчы ў 80-я гады.

"Усякая дзейнасць, актыўнасць людзей — гэта нешта падазронае, нешта, за што людзі могуць трапіць за краты. Гэта робіцца толькі для таго, каб спыніць усякую грамадска-палітычную актыўнасць", — канстатуе палітолаг.

Праўда, ён мяркуе, што эфект можа быць адваротным. Раз пад гэтую хвалю рэпрэсій трапляе шырокае кола ўдзельнікаў, то яны могуць аб'яднаць людзей.

"Людзі з розных слаёў грамадства могуць пазнаёміцца якраз у турме. У нейкім сэнсе гэта можа ўмацоўваць сувязі паміж групамі", — робіць маласуцяшальную выснову Ягораў.

Поўную версію гутаркі глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі