Знялі галоўнага трэнера цяжкаатлетычнай зборнай Ганчарова

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Аляксандр Ганчароў адпраўлены ў адстаўку. Як даведалася Еўрарадыё, цішком ад штангістаў новым трэнерам прызначаюць яго найбліжэйшага паплечніка, які раней кіраваў жаночай зборнай.


Аляксандр Ганчароў займаў гэту пасаду з пачатку 2000-х гадоў. Але апошнім часам зборную скалыналі скандалы, вынікі мужчынскай каманды дэградавалі — ніводнага медаля на лонданскай Алімпіядзе. Праўда, з’явіліся новыя зоркі жаночай штангі. 


Цікавімся ў Беларускім цяжкаатлетычным саюзе, ці змяніўся кіраўнік зборнай.


БЦС: “Так, ён змяніўся, але гэта ніхто не каментуе. Загаду яшчэ няма. Днямі пачынаюцца зборы нацыянальнай каманды ў Стайках. І там будзе прадстаўлены новы трэнер. Будзе прысутнічаць і міністр спорту, і прадстаўнікі федэрацыі. Пасля можна будзе каментаваць. А пакуль усё кулуарныя размовы”. 

 
Праз спартсменаў нацыянальнай зборнай даведваемся, што новым галоўным трэнерам стане Валянцін Кароткін, раней ён быў кіраўніком жаночай цяжкаатлетычнай зборнай. 


Некаторыя штангісты, з якімі Еўрарадыё ўдалося на ананімных умовах паразмаўляць, выказваюць незадавальненне. Па сутнасці Кароткін — правая рука, найбліжэйшы паплечнік Аляксандра Ганчарова. Цяжкаатлеты параўналі гэту трэнерскую ракіроўку з палітычнай схемай Пуцін-Мядзведзеў, калі ад перамены месцаў сэнс мала ў чым мяняецца. 

Валянцін Кароткін (справа) і Аляксандр Ганчароў

Кароткін (крайні справа) цяпер можа заняць цэнтравую пазіцыю ў нашай цяжкай атлетыцы


Адкрыта выказацца наконт новага прызначэння пагадзіўся толькі алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў

Калі гэта здарыцца, я адразу кладу на стол заяву аб сыходзе. Зарплату атрымаў 200 тысяч, галоўным трэнерам прызначылі…. Я завязваю з цяжкай атлетыкай, пакуль не будзе годнага галоўнага трэнера. Бо гэта спакой у камандзе. А так новы трэнер будзе рабіць тое, што яму скажа Ганчароў. Гэта яшчэ горш. Поглядам спартсменаў на гэты конт не пацікавіліся”.  


Як удалося даведацца Еўрарадыё, Валянцін Кароткін працаваў разам з Аляксандрам Ганчаровым у магілёўскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Ён асабіста трэніруе Дзіяну Сазанавец (4-е месца на Алімпіядзе ў Лондане) і цягам пэўнага часу займаўся Віталём Дзербянёвым (4-разовы чэмпіён Еўропы).


“Мяне выклікалі да старшыні Беларускага цяжкаатлетычнага саюза Шпілеўскага Аляксандра Францавіча, дзе было аб’яўлена, што я прызначаны, — паведамляе Валянцін Кароткін Еўрарадыё. — Але прадстаўлення яшчэ не было, гэта павінна адбыцца на зборах 10-га студзеня”.

 
Еўрарадыё: Валянцін Данілавіч, а былы трэнер таксама будзе працаваць?


Валянцін Кароткін: “Так. Мы з ім былі ў Аляксандра Францавіча. Аляксандр Ганчароў будзе займаць пасаду “старшы трэнер па рэзерве зборных каманд”.

ФОТА з архіву Беларускага цяжкаатлетычнага саюзу

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі