У беларускай цяжкай атлетыцы новы скандал

Выступленне беларускіх штангістаў на Алімпіядзе ў Лондане многія лічаць правальным.

Двойчы срэбны прызёр алімпіяд Рыбакоў прыехаў на Гульні траўмаваным, рэкардсмен свету Арамнаў парваў мышцу на адным са стартаў напярэдадні галоўных спаборніцтваў чатырохгоддзя. Дзве бронзы ў Лондане змаглі ўзяць толькі нашы жанчыны ― Шкерманкова і Кулеша.

Еўрарадыё стала вядома пра чарговы канфлікт у нацыянальнай камандзе па цяжкай атлетыцы. Некалькі алімпійцаў-медалістаў падпісаліся пад лістом новаму міністру спорту Аляксандру Шамко, дзе паскардзіліся на галоўнага трэнера Аляксандра Ганчарова і запатрабавалі яго адстаўкі.

Усе трэнеры засталіся на ранейшых пазіцыях. Іншая справа, што прыйшоў новы міністр спорту, і яму падкідваюць розную інфармацыю, у тым ліку і пра цяжкую атлетыку. Ёсць пэўныя “скаржнікі”, ― выказваецца галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы Аляксандр Ганчароў.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, чаму некаторыя спартсмены і зоркі цяжкай атлетыкі мінулых гадоў выступаюць супраць вас?

Аляксандр Ганчароў: “Я не хацеў бы тут агулам пра ўсіх казаць, але ёсць і раўнівае стаўленне да людзей, якія, не стаўшы алімпійскімі чэмпіёнамі, а будучы проста майстрамі спорту, займаюць такую пасаду, як я, і маюць вынік. Ёсць і іншыя моманты вакол сённяшняй цяжкай атлетыкі. Будзем так казаць: ніхто не адмяняў барацьбу паміж групоўкамі, кланамі. Таму што ў любой галіне існуе барацьба супрацьлегласцяў. І калі ёсць розныя задачы, пачынаюцца войны”.

Аляксандр Ганчароў. БелТА

Еўрарадыё: Як вы лічыце, што здарылася з Рыбаковым і Арамнавым перад Алімпіядай? Няўжо траўмаў нельга было пазбегнуць?

Аляксандр Ганчароў: “Рыбакоў ― гэта чалавек, які ішоў на трэцюю Алімпіяду. Напярэдадні Гульняў ён атрымаў траўму. Тут многія выгаворваюць, што гэта памылка трэнераў, у тым ліку галоўнага. Але што тычыцца тых людзей, якія рыхтуюцца стаць медалістамі Алімпіяды, гэта раўназначна таму, што паляцець у космас. Таму трэба быць гатовымі па поўнай праграме. Не вытрымаў арганізм, Рыбакоў траўмаваўся. Так атрымалася, што зробіш. І ёсць іншая траўма ― траўма Арамнава, які трэніраваўся, дзе яму хацелася. Сядзеў і ў Бабруйску, і ў Барысаве, і сюды заязджаў на пару тыдняў, і зноўку з’язджаў. Займаўся пісанінай, а не тым, чым павінен быў займацца. Калі б не здарылася сітуацыі, што Рыбакоў траўмаваўся, а Арамнаў запісаўся ў пісьменнікі, у нас былі б чатыры медалі. І ўсё было б нармальна. Ніякіх правалаў няма. Проста ёсць збег многіх абставінаў, якія неабходна разабраць, і многія моманты трэба прыбіраць…”

“Незразумелая сітуацыя з галоўным трэнерам, ― паведамляе Еўрарадыё дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Міхаіл Захаранка. ― Скажу так, на сёння ў Аляксандра Ганчарова да канца года падпісаны кантракт. Што будзе далей ― невядома”.

Выслухаўшы галоўнага і дзяржаўнага трэнераў, вырашаем звязацца з легендамі беларускай цяжкай атлетыкі.

З чатырох беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў двое (Андрэй Арамнаў і Леанід Тараненка) не шкадуюць моцных выразаў, крытыкуючы сённяшняга галоўнага трэнера. Яшчэ адна легенда (Аляксандр Курловіч, сёння вядомы суддзя) прытрымліваецца дыпламатычнага нейтралітэту. Не размаўлялі мы раней толькі з алімпійскім чэмпіёнам Манрэаля-1976 Валерыем Шарыем. З ім і звязваемся.

Трымаецца за ўладу гэты Ганчароў магілёўскі, быццам іншыя ўсе неразумныя і дурныя, ― з месца рэжа Валерый Пятровіч. ― Няправільная ў яго стратэгія адносінаў да спартсменаў, да абласцей. Ён узурпаваў уладу, і ўсё гэта адбілася на выніку. Слабая методыка, канфліктны чалавек, цяжкі. Калі будзе яго замена, то будзе вынік на наступным этапе”.

Фота bwu.by


Валерый Шарый дзеліцца сваім бачаннем працы Аляксандра Ганчарова і не можа дараваць таму, напрыклад, траўму Андрэя Арамнава, якая здарылася перад Гульнямі ў Лондане.

Валерый Шарый: “Галоўны трэнер прымусіў яго выступіць перад Алімпіядай, за месяц да спаборніцтваў. Гэта непрымальна, гэта грубая памылка. І спартсмен траўмаваўся. Калі б ён не выступаў, паціху трэніраваўся і набіраў форму, то 100% перамог бы на Алімпіядзе, нават на адной назе”.

Цікавімся меркаваннем, бадай, самага паспяховага трэнера па выніках лонданскіх Гульняў Віктара Шылая. Гэты спецыяліст падрыхтаваў Настассю Новікаву (чэмпіёнку света, якую, на думку многіх, засудзілі ў Лондане) і Ірыну Кулешу (бронзавую медалістку Алімпіяды).

Спецыяліст лічыць, што ўсё ж наспеў час мяняць кіраўніцтва нацыянальнай зборнай. Пакуль жа Віктар Шылай наладжвае змены ў трэніровачным працэсе сваіх вучаніц.

Віктар Шылай: “Хутчэй за ўсё, я пайду па іншай сцежцы трэніровачнай. Пасядзеў у бібліятэках, пачытаў літаратуры, па інтэрнэце пашукаў, як выглядаюць новыя методыкі трэніроўкі. Сёе-тое для сябе знайшоў. Думаю, што буду выкарыстоўваць гэта падчас падрыхтоўкі сваіх спартсменаў”. 

Віктар Шылай і Настасся Новікава

Сённяшні кіраўнік нацыянальнай цяжкаатлетычнай зборнай лічыць, што план па мужчынах на лонданскіх Гульнях не выкананы з-за форс-мажору. Але і сёння некаторыя топавыя спартсмены не задаволены трэніровачнымі методыкамі і мікракліматам у зборнай.

Беларускую цяжкаатлетычную зборную трасе і сёння, што наўрад ці добра адаб’ецца на будучых выніках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі