Znich у акустыцы ці канец света для Алеся Таболіча

120225 znich.mp3

Аднойчы Еўрарадыё зрабіла апытанку сярод наведвальнікаў і ўдзельнікаў акустычных тузінаўскіх вечарынак наконт таго, каму з беларускіх гуртоў і выканаўцаў проста неабходна паказаць сябе ў акустыцы. Вынік апытанкі не прымусіў сябе чакаць, і вось на сцэне акустычны Znich!

Атмасферу выступа рабілі духавыя ад Канстанціна Трамбіцкага, акустычная гітара ад Макса з гурта “Кліч” і голас вакалісткі каманды “Unia” Шуні. Песні “Зніча” станавіліся больш зразумелымі, глыбокімі і лірычнымі. Аднак, падавалася, што галоўны паган-металіст краіны Алесь Таболіч ні на жарт усхваляваны новым амплуа свайго гурта. І роля сольнага спевака без гролінгу яму не надта пасуе і падабаецца. І што ўвогуле вось-вось надыдзе канец свету.

“З аднаго боку, канешне, было страшнавата, таму што я ж не класічны, ці не фальклорны спявак, — дзеліцца ўражаннямі ад выступу Алесь Таболіч. — Я ж нот і не ведаю, толькі танальнасць ведаю. У хэві-метале ці метале наперадзе эмоцыі ці агрэсія. А тут паспрабаваць гэта спалучыць са спевамі. Дзякуй, канешне, Шуні за тое, што дапамагла. Як яно ўвогуле б гучала без яе! Вельмі мала ў нас было часу для рэпетыцый. Але я думаю, што гэта эксперымент з аднаго боку, а з іншага — экспромт”.

Алесь Таболіч не выключае, што з акустычнай спробы можа вырасці сур’ёзны  акустычны праект “Зніча”, маўляў, варта проста за яго ўзяцца. Не выключае яшчэ аднаго выступу акустычнага “Зніча” і рэдактар парталу TUZIN.fm Сяргей Будкін, які называе часова змененае амплуа металістаў “нараджэннем новай зоркі”

Сяргей Будкін: “Мне падаецца, што гурт Znich паказаў сябе ў іншай новай якасці, якая абсалютна была цікавай. І мне шкада тых людзей, якія не прыйшлі на гэты канцэрт, таму што гэта трэба было бачыць. І мы, магчыма, гэта паўтарым, бо мы плануем выніковы канцэрт — хочам паставіць кропку ў гэтым сезоне ў “Тузіне. Анплагд”, магчыма нешта перадумаем і, можа быць, зробім другі сезон. А можа і не зробім. Але тое, што было, самае лепшае людзі ўбачаць. І хіба што Znich будзе таксама”.

Сяргей Будкін

Спадабалася Будкіну — гэта яшчэ не значыць, што спадабалася фэнам “Зніча”. І праўда, тыповы Znich, якім завяршыўся выступ гурта, успрымаўся прыхільнікамі на “ура”. Яны не прамяняюць гучанне свайго гурта ні на якую акустыку!

“Не прамяняю, бо неакустычны Znich лепшы за акустычны, — выказвае сваё меркаванне наведальнік Павел. — Таму што ў ім ёсць драйв, слэм, энергетыка і рух. Акустычны Znich — гэта больш для старэйшага пакалення, якое любіць пасядзець, выпіць піва”.

Апроч “Зніча” акустычную версію сваёй праграмы паказаў гурт ZM99. У параўнанні з паган-металістамі, каманда на чале з вакалісткай Зояй Сахончык глядзелася больш класічна за кошт акустычнай гітары і джамбы. У ролі іспанскага гітарэра ў беласнежнай кашулі з залатым бранзалетам на запясці і жарстным граннем выступаў гітарыст Уладзімір Сахончык. Джамбістам апынуўся бас-гітарыст каманды Яўген Броўка. Напрыканцы сэта да трыа далучыўся бубнач каманды, гранне якога ўспрымалася калегамі па гурце і гледачамі проста як імправізацыя чыстай вады.

“Я хацеў перадаць атмасферу вогнішча, калі збіраецца вакол яго некалькі чалавек, і адзін бярэ гітару, а іншы спявае — то бок, як звычайна гэта адбываецца, — тлумачыць сваё бачанне “акустыкі” гітарыст гурта Уладзімір Сахончык. Бубнач каманды жартуючы дадае: “Аднак не ўсё атрымалася. Тут з’явіўся я і ўсё сапсаваў”.

ZM99 схапілі гледача за горла адпачатку свайго выступу і не адпускалі да завяршэння. А часам хацелася выдыхнуць. Ух! Тым не менш, перагледзець сваю творчасць у акустыцы справа не лёгкая, і музыкі, якія пагадзіліся на прапанаваны “Тузіном” эксперымент — сапраўдныя героі. Слава Героям!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі