Журналісты правялі “Бажынкі-2012”

На аграэтнасядзібу мастака і музыкі Алеся Лося на Валожыншчыне завіталі некалькі дзясяткаў сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Тэмай сёлета абралі пірацтва. Юрыст Андрэй Бастунец распавёў пра аўтарскае права ў галіне журналістыкі. Удзельнікі падзяліліся на пірацкія каманды і паспаборнічалі на спартовых пляцоўках ды ў інтэлектуальных гульнях. У залік пайшлі міні-футбол, валейбол, стральба з лука, перацягванне ліны, эстафеты, а таксама адгадванне пірацкіх тэкстаў паводле малюнкаў і турнір на лепшую прэзентацыю каманды, дэвіз і гімн.
 
Пераможцы атрымалі прызы і кубкі для кавы з выявай  талісмана — “Жабкі БАЖа”.  Увечары першага дня даў канцэрт і паказаў фаер-шоў гурт  “Нагуаль”.  Гаспадар сядзібы сыграў на дудзе і праспяваў некалькі песень, сабраных у фальклорных экспедыцыях.


Як заўсёды, удзельнікі пакінулі  ў базе дадзеных фэсту адбіткі пальцаў (уся далонь, колер на выбар).
 
Надвор’е спрыяла святу да апошняга.  Надзвычайнай была колькасць вос, але ніхто не пацярпеў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі