Жадобін: У Лукашэнкі тое ж званне, што і да таго, як ён стаў прэзідэнтам

— Пэўны час таму старшыні аблвыканкамаў сталі генерал-маёрамі. А якое званне ў афіцэра запасу Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які працуе на пасадзе кіраўніка Беларусі?

— Па шчырасці, я не зусім валодаю сітуацыяй — у якім званні знаходзіцца. Увогуле, у яго пасада галоўнакамандуючага, як і ў любога іншага прэзідэнта. А званне ў яго тое, якое было да таго, як ён стаў прэзідэнтам. Але, па шчырасці, я не цікавіўся, таму сказаць дакладна не магу.

— Як вы ставіцеся да такой сітуацыі, калі на пасадзе міністра абароны знаходзіцца цывільны чалавек? А ў некаторых выпадках, як, да прыкладу, у Літве, гэта — жанчына?

— У кожнай дзяржаве, зыходзячы са сваіх мэтаў, задач, якія ўскладзеныя на Міністэрства абароны, існуюць свае своеасаблівасці. Калі падзеленыя паўнамоцтвы ваенна-палітычнага характару і ўласна ваеннага, то, напэўна, і цывільны чалавек ўзначальвае ваеннае ведамства. Але ён не вырашае пытанні стратэгіі, аператыўнага мастацтва, тактыкі і ўсіх астатніх, непасрэдна звязаных з ваеннай дзейнасцю. Ён займаецца ваенна-палітычнымі пытаннямі. У нас сёння такой неабходнасці няма і таму ў нас кіраўнік ваеннага ведамства — прафесіянал. Так сама, як і ў іншых органах дзяржаўнага кіравання — ці то міністр транспарта, ці міністр прамысловасці. Не палітычны дзеяч, а прафесіянал у сваёй галіне. Менавіта таму ў нас пакуль так. Нешта зменіцца ў падыходах да будаўніцтва органаў дзяржаўнага кіравання — можа, памяняецца. А ў цэлым я стаўлюся да гэтага станоўча.

— А ці будуць нашы генерал-губернатары вырашаць нейкія ваенна-стратэгічныя пытанні? Ці гэта больш — ваенна-палітычнае кіраўніцтва?

— Згодна з нашым заканадаўствам, у нас створаныя тэрытарыяльныя войскі, якія па сваёй арганізацыйна-штатнай структуры дзеляцца на зоны тэрытарыяльнай абароны і раёны тэрытарыяльнай абароны. Згодна з заканадаўствам, губернатар з’яўляецца кіраўніком зоны тэрытарыяльнай абароны. А гэта дастаткова адказная галіна дзейнасці. У нас больш як 10 гадоў існуе гэтая сістэма. І пасля правядзення шэрагу мерапрыемстваў аператыўна-баявой падрыхтоўкі прыйшлі да высновы, што гэта мэтазгодна. Зыходзячы з гэтага і былі прысвоеныя вайсковыя званні.

Фота:  http://photo.bymedia.net/