Заробкі беларусаў за сакавік выраслі амаль на 100 тысяч!

На 83 тысячы больш атрымалі ў сакавіку занятыя ў сельскай гаспадарцы, на 74 тысячы – працаўнікі абутковай прамысловасці. І ажно на 185 тысяч больш зарабілі за сакавік вытворцы транспартных сродкаў!


Але ж каментуюць рост сваіх заробкаў на прадпрыемствах неахвотна. Кажуць, што супрацоўнікі гэтага не ацэняць.


Мінскі завод колавых цягачоў: “Самае галоўнае, што нашы заробкі адстаюць ад коштаў. Кошты растуць, а заробкі растуць не такімі тэмпамі. Таму хваліцца тут асабліва няма чым. Паднялі мы, дапусцім, заробкі на 10%. Ну і што? А цэны такія, што не дагоніш”.


Нагадаем, ў студзені заробкі па Беларусі знізіліся адразу на 186 тысяч, але другі месяц запар заробкі растуць!
Паводле Белстату сярэднемесячны заробак у сакавіку склаў больш за мільён 500 тысяч рублёў. І павялічыўся ў параўнанні з лютым на 6,8%, або на 98 тысяч рублёў.


Белстат: «У прамысловасці сярэдні заробак у сакавіку склаў 1 мільён 667 тысяч рублёў, у будоўлі – 1,8 мільёна, у транспарце і сувязі – 1,66, у сельскай гаспадарцы – 1 мільён 31 тысяча».


Чыноўнікі сцвярджаюць, што заробкі выраслі, таму што людзі вырабілі больш прадукцыі.


«У самім слове «заробак» закладзены сэнс, што яго зарабілі. Значыць, людзі зрабілі прадукцыю – атрымалі заробак. Больш вырабілі – больш атрымалі. Іншых тлумачэнняў проста быць не можа», - гаворыць Еўрарадыё прэс-сакратар Белстату Віктар Міхно.


Але на абутковай фабрыцы «Нёман» кажуць, што павышэнне заробкаў – чыста механічная з'ява.


«Нёман»: “Ну, у нас па 100 тысяч да святаў давалі матэрыяльную дапамогу. Да 8 сакавіка і 23 лютага прыходзіла матэрыяльная дапамога. Гэта і дало рост. Такая разавая дапамога… Не тое, што мы павялічвалі заробак. Разумееце, тут такія фактары – механічныя... За кошт адпрацаваных дзён таксама ,магчыма, болей”.


Магчыма, у сельскай гаспадарцы заробкі выраслі з-за таго што падчас пасяўной было больш працы?
Еўрарадыё абтэлефанавала некалькі калгасаў, каб даведацца ці адчулі яны на сабе рост заробкаў. Але тое, што мы пачулі са статыстыкай не супадае.


У прыёмнай калгасу «Авангард» росту заробкаў не заўважылі:


«Мы не заўважылі, бо ўсё падаражэла. Таму мы як былі калгаснікі, так і засталіся. Але магчыма вам штосьці скажа эканаміст, патэлефануйце яму».


Пасля словаў «не ведаю, што вам сказаць», эканаміст «Авангарду» кінуў слухаўку.


У калгасе «Данукалава», што ў Лёзнінскім раёне, сярэдні заробак за апошні месяц увогуле знізіўся.


«Мы не паспяваем за ростам цэн, - кажа Ірына Алфёрава, галоўны эканаміст калгасу, - У сакавіку, у параўнанні з лютым, у нас заробак паменшыўся. Сярэдні за сакавік склаў 865 тысяч, а ў лютым быў 900 тысяч».


Еўрарадыё ўсё ж такі знайшло калгас, дзе заробкі павысіліся. На 38 тысяч.


Атраднае Агра: «У нас заробкі падымаліся. У лютым сярэдні быў 638 тысяч, а ў сакавіку стаў 668 тысяч».


Адзначым, што заробкі ў гэтым калгасе значна адстаюць ад сярэдняга заробку ў сельскай гаспадарцы.
Тут разлічваюць на пасяўную:


«Заробкі ў нас здзельна-прэміяльныя. Пасяўная пачынаецца з 1 красавіка. Тады будзе адчувацца, менавіта, калі ўзяць заробак механізатараў. У красавіку будзе тэмп росту дзесьці 30%. Гэта ўжо штосьці – 150 тысяч зверху».


Эканаміст Леанід Заіка нічога экстрэмальнага ў 100 тысячным падвышэнні заробкаў падчас крызісу не бачыць. Гэта ўжо працягваецца 8 гадоў, кажа ён:


«Існуюць прагнозныя паказчыкі на гэты год. Таму чыноўнікі, дырэктары прадпрыемстваў хацелі б адчытвацца за выкананне паказчыкаў, яны іх малююць. Тое, што заробак павялічыўся, няма нічога дзіўнага – гэта ўжо працягваецца гадоў 8. Майце на ўвазе, што заробак займае у агульным кошце нацыянальнай прадукцыі усяго 15%. Калі ў Мінску 2 мільёны сярэдні заробак, то 100 тысяч – гэта не тыя грошы, якія могуць на штосьці ўплываць».

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі