Замест неўязнога чыноўніка ў Еўрасаюз не пускаюць яго цёзку

У "чорным спісе" ЕС не хапае звестак, а з аднолькавым імем і прозвішчам можна знайсці дзясятак людзей.


"У мяне вялікія праблемы з выездам у Еўрасаюз, — кажа цёзка па імені і прозвішчы гендырэктара БелТА Дзмітрыя Жука. — Але толькі на мяжы, у пасольстве праблем няма. Праблема выехаць. У нас з ім адно прозвішча і нават імя па бацьку адно. На літоўскай мяжы, калі пачынаюць правяраць дакументы, аказваецца, што ў іх дадзеных няма нумара пашпарта".


Сапраўды, Еўрарадыё заўважае, што ў "чорным спісе" Еўрасаюза не на ўсіх чыноўнікаў дастаткова дадзеных. Таму ў людзей з такім самым прозвішчам і іменем узнікаюць праблемы на мяжы.


"Калі гэта першы раз здарылася, мяне адправілі назад і не пусцілі ў Літву. Я пачаў скардзіцца і пісаць у міграцыйныя службы Літвы. Мне дасылалі адказы, і толькі з імі я цяпер езджу. А без іх у мяне зноў пачынаюцца праблемы. Цяпер, калі я прад'яўляю ліст, яны мяне хвілін 20 трымаюць, правяраюць і толькі потым адпускаюць. Раней усё было нармальна, 5 хвілін паглядзелі пашпарт і ўсё. Калі я пачаў разбірацца, у мяне была трохмесячная віза. Увесь час пайшоў на разбіральніцтва, ні разу па гэтай візе не выехаў", — кажа не гендырэктар БелТА Дзмітрый Жук.


Само існаванне "чорнага спісу" ён лічыць патрэбным толькі ў выпадку, калі чалавек здзейсніў злачынства. Пра палітычны падтэкст неўязнога статуса свайго цёзкі раней не ведаў.


Толькі ў базе аднаго з мабільных аператараў — 7 чалавек з прозвішчам і іменем Жук Дзмітрый Аляксандравіч. 10 Ігараў Кузняцовых і 10 Сяргеяў Воўкавых. Гэтыя ж прозвішчы мы бачым у "чорным спісе". Першы ж Сяргей Воўкаў па тэлефонным даведніку адказвае, што ў яго ёсць шэнгенская віза! Ігар Кузняцоў — вядомы беларускі гісторык. У яго таксама гадавы шэнген. Свайго цёзку з "чорнага спісу" ён добра ведае.


"Гэта начальнік Інстытута нацыянальнай бяспекі. У нас нават ініцыялы супадаюць. Я Мікалаевіч, а ён Мікадзімавіч. Тэарэтычна, павінны быць праблемы, але я перасякаў мяжу без праблем. Ні разу не было, каб у мяне былі на мяжы праблемы з-за прозвішча", — распавядае гісторык Ігар Кузняцоў.


Атрымоўваецца, што з-за недакладных звестак у спісе могуць мець праблемы людзі, якія да яго адносінаў не маюць, як Дзмітрый Жук, і наадварот — атрымаць візу, тэарэтычна, могуць людзі са спісу?

"У "чорным спісе" дзясяткі імёнаў без нумара пашпарта і нават без дакладнага напісання лацініцай", — пацвярджае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў.


Як даведалася Еўрарадыё, у мінулым годзе больш за 200 беларусаў завярнулі на мяжы з Еўрасаюзам з-за таго, што ім забаронены ўезд. Палітычны "чорны спіс" тут ні пры чым.


Андрэй Елісееў: "Людзі, якіх заносяць у "чорны спіс" ЕС, апыняюцца ў так званай Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме. Калі чалавека вяртаюць, разварочваюць на мяжы, то ў базу дадзеных уносіцца, што яму адмовілі па гэтай прычыне. Ёсць дакладная лічба, што ў мінулым годзе 225 грамадзян Беларусі завярнулі на мяжы. Але колькі з іх былі асобамі з “чорнага спісу”, сказаць складана".


Палітолаг Алесь Лагвінец лічыць, што галоўнае — гэта маральныя санкцыі, а не сама забарона на ўезд. Людзі з "чорнага спісу" цудоўна ведаюць, што яны ў ім.


"Сістэма не застрахаваная ад дысфункцыяў. Найбольшыя санкцыі супраць такіх людзей — маральныя санкцыі. Калі б наша грамадства было больш здаровым, то санкцыямі было б асуджэнне ў Беларусі, а так даводзіцца чакаць яго ад ЕС".


Дапоўніць дакладнымі дадзенымі "чорны спіс" складана. Праўда, імя па бацьку гендырэктара БелТА, якога ў спісе няма, лёгка знаходзіцца нават праз інтэрнэт. З нумарамі пашпартоў цяжэй. Гэтак жа не заўсёды вядома правільнае напісанне прозвішчаў у пашпартах "неўязных", таму некаторыя ў спісе напісаныя ў двух ці нават трох варыянтах.

Фота: euromag.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі