“Замарожаныя” цэны падраслі, а пасля таго, як іх адпусцілі, знізяцца…

 28 траўня ўрад "замарозіў" цэны на шэраг тавараў: жывая і свежамарожаная рыба, крупы, агуркі, памідоры, яблыкі, бананы, лімоны, апельсіны, кава, гарбата, сасіскі ды інш.

Прайшоў месяц. Дзіўна, але на шмат якую прадукцыю нават "замарожаныя" цэны раслі!

Сярэдняя цана кілаграма яблыкаў за травень па Беларусі была 8724 рублі. А ў чэрвені яны ўжо каштавалі 12905 рублёў, паводле інфармацыі Белстата. Такім чынам, "замарожаныя" цэны падняліся на 4 тысячы з капейкамі…

Рыба марожаная: 9879 рублёў у траўні і 13681 — у чэрвені. Падаражэнне таксама амаль на 4 тысячы.

Цытрусавыя — цана за месяц вырасла на 12%, гарбата — на 16,5%, сінтэтычныя мыючыя сродкі — 19,4%.

А вось цэны на агуркі і памідоры сапраўды знізіліся. Бананы таксама трошку патаннелі — на 3%.

Ці ўзляцяць цэны пасля таго, як іх “адпусцілі”?


Цяпер імпарцёры змогуць свабодна ўсталёўваць цэны на згаданыя тавары. Але як даведалася Еўрарадыё, цэны наўрад ці вырастуць, а могуць нават і… знізіцца.

Гэтак, адзін з пастаўшчыкоў садавіны ды гародніны кажа, што цэны і так не танныя, таму падымаць іх не будуць:

“Мы нават практычна не працуем з-за таго, што цана выходзіць не нізкай. І натуральна, што да бясконцасці падвышаць цэны ніхто не будзе. Таму што пакупніцкая здольнасць не бязмежная. Продажы і так упалі… І я думаю, што моцна цэны ад таго, што іх адпусцілі, не ўзляцяць”.


Імпарцёр садавіны ды гародніны кажа, што цэны могуць нават знізіцца! Але не моцна…

“Цалкам магчыма, цана знізіцца. Дакладна, што моцна яна не патаннее. Ніхто не будзе круціць нацэнку 50%. Рынак проста можа не прапусціць такую цану. Людзі перастануць купляць. Таму вялікіх скачкоў наўрад ці варта чакаць”.


Імпарцёры кавы таксама павышаць цэны не збіраюцца. Не было падаражэння і за апошні месяц.

"Правіжн": “У нас якімі былі кошты, такімі і застаюцца. Як была цана сфарміраваная ў траўні  — у прынцыпе, такая і засталася, стаіць. Мы ўвогуле нічога падвышаць не будзем: як працуем у гэтай цане, так і будзем”.


Еўрарадыё: Можа быць, цэны ўвогуле знізяцца?

“Правіжн”: "Я мяркую, што знізіцца яны могуць толькі калі стане зразумела штосьці з курсам. А так — я не думаю. Проста незразумела, у якім курсе працаваць".


Імпарцёры прызнаюць, што сёння ёсць кава, якая каштуе больш, чым мусіць каштаваць…

"Які сэнс трымаць высокую цану? У нас на сёння наша Ionia і так каштуе даволі адэкватна, 250 молатай кавы 25500 без ПДВ. Я лічу, што гэта — абсалютна адэкватная цана. Шмат якія імпарцёры ўсталёўваюць большую цану… Paulig на сённяшні дзень каштуе шалёна дорага. Мы ў гэтай цане, у гэтай дэльце і будзем трымацца…"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі