Забарону на продаж “чарніла” ў Магілёве адмянілі “з-за Лукашэнкі”

“Так, праўда. Гэта рашэнне ад 24 студзеня. Апублікаванае на нашым сайце. Атрымоўваецца, што яно заснаванае на распараджэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, — расказваюць Еўрарадыё ва ўпраўленні гандлю і паслуг мясцовага гарвыканкама.

Абмежаванні ўвялі яшчэ ў кастрычніку 2011 года. Тады па рашэнні таго ж гарвыканкама “чарнілы” забаранілі прадаваць па ўсім горадзе з 12 да 14 гадзін, і з 18 да 10-ці раніцы. Фактычна, рабочы чалавек у вольны ад працы час набыць сабе айчыннага “таннага і якаснага” напою не мог. Толькі дарагое і чужынскае. Працягвалася гэтая антыпатрыятычная несправядлівасць больш за два гады, пакуль за справу не ўзяўся сам кіраўнік краіны. У снежні 2012 года на адной з нарад ён паведаміў, што забароны нічога не даюць.

"Гэтыя забароны нічога талковага не дадуць. Збярыцеся і сур'ёзна падумайце над тым, да чаго гэта можа прывесці. Забароннымі метадамі мы нічога не зробім”.

Як бачым, першымі сабраліся і сур’ёзна падумалі ў Магілёве. Усе абмежаванні і забароны адмянілі 24 студзеня. Праўда, паведамілі аб гэтым толькі на сайце гарвыканкама. Магчыма па гэтай прычыне магілёўцы пакуль не асабліва цягнуцца за беларускім віном у вольны ад працы час. Прынамсі, так мне расказваюць у адной з буйных алкагольных крамаў Магілёва — “Крышталі”.

“Ніякага ажыятажу, ні чэргаў, нічога. Прынамсі, мы на сабе не адчуваем. Як было да адмены абмежаванняў, так і засталося”.

Але адзінства думак наконт “чарнілаў” у Магілёве няма. Яшчэ 18 студзеня кіраўнік УУС магілёўскага аблвыканкама Фёдар Балейка выказваецца за абмежаванне продажу алкагольных напояў. І расказвае, што у 2012 годзе дрэнным алкаголем смяротна атруцілася больш за 200 чалавек. А яшчэ 500 памерла ад хваробаў, звязаных з алкагалізмам. Адмены забароны на продаж “чарнілаў” у непрацоўны час яны не дачакаліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі