За затрыманых па "справе Плошчы" паручыліся ўжо некалькі дзясяткаў чалавек

Ужо некалькі дзясяткаў чалавек паручыліся за затрыманых па "справе 19 снежня" палітыкаў і іх прыхільнікаў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў.
Гэтую ідэю прапанавала Партыя БНФ, каб такім чынам выразіць сваю салідарнасць з затрыманымі.
"Зараз актыўна заклікаем людзей падпісвацца. Рассылаем электронныя версіі гэтых хадайніцтваў. Людзі прыходзяць мэтава і кажуць, што гатовыя падпісацца за ўсіх. Падпісваюцца пад хадайніцтвамі, бяруць для сваіх знаёмых і сяброў. Людзям гэтая ідэя з хадайніцтвамі спадабалася. Не баяцца і таму падпісваюцца актыўна", – кажа сябра БНФ Сяржук Семянюк.
Згодна з 121-м артыкулам Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, напісаць хадайніцтва можа кожны жадаючы. За кожнага затрыманага павінна падпісацца не менш за двух чалавек. Яны бяруць на сябе адказнасць у выпадку, калі падазраваны раптам схаваецца ад правасуддзя. Тады паручыцелю можа пагражаць штраф ад 1600 да 5800 долараў.
Але па словах праваабаронцы Гары Паганяйлы, такой мерай следчыя амаль не карыстаюцца, таму спадзяванняў на тое, што кагосьці выпусцяць мала.
"Я на сваім веку не памятаю, каб кагосьці пад паручыцельства выпусцілі з-пад варты. Як паказвае практыка, такая форма вельмі рэдка выкарыстоўваецца з аднаго боку, а з іншага практычна не ўжываецца следчымі. Ім прасцей ўзяць падпіску аб не выездзе і яўцы, чым дзейнічаць праз паручыцеляў".
Як аказалася, стаць паручыцелямі могуць не ўсе. Паручыцца за вязня павінны вядомыя і аўтарытэтныя ў грамадстве людзі.
"Паручыцелямі, як па законе ўказана, павінны быць нейкія вядомыя людзі, якія клапоцяцца пра свой маральны аўтарытэт і не дазволяць, каб здарылася нешта іншае. Калі ўважліва пачытаць артыкул працэсуальнага кодэкса, то там ўсё ж такі маецца на ўвазе, што не кожны можа стаць паручыцелем", – адзначае Гары Паганяйла.
Аднак падпісацца можа кожны ахвочы – закон не забараняе. І гэта можа быць добрым грамадзянскім крокам. Такім чынам можа праяўляцца грамадзянская актыўнасць і занепакоенасць сітуацыяй, падкрэслівае праваабаронца Гары Паганяйла.
"Сама ініцыятыва БНФ не дрэнная. Ёй можна карыстацца, раскручваць яе. Заахвочваць хоць да нейкай грамадзянскай актыўнасці людзей, якія сёння знаходзяцца ў разгубленым стане. Нехта проста паралізаваны тым бязмежжам, якое адбываецца ў краіне: масавымі ператрусамі, арыштамі, прыцягненнем да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Вал гэты не сціхае, а працягвае накатвацца на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Таму любыя формы такой грамадзянскай актыўнасці, як спачуванне і маральная падтрымка, яна патрэбна. І нават калі не задаволяць следчыя гэтыя хадальніцтвы аб паруцы, тым не менш займацца гэтым трэба".
Сяржук Семянюк адзначае, што падпісваюцца пад хадайніцтвамі даволі шмат людзей, якія да апазіцыі не маюць дачынення. Кожны дзень на Управу БНФ прыходзяць дзясяткі чалавек.
"Некалькі дзясяткаў чалавек прыходзяць. Гэта людзі, якіх я асабіста не ведаю. Больш за тое, нават на Управе першы раз бываюць. Людзі абсалютна звычайныя".
Паручыцца можна за некалькіх чалавек, але за кожнага вязня павінна быць не менш за двух падпісантаў. Пажадана, вядомых людзей. Падпісацца ў блогу прапануюць за 22 чалавек. Па звестках ПЦ "Вясна" у зняволенні знаходзіцца 32 чалавекі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі