За вадой нарматывы могуць увесці на электраэнергію і газ (відэасюжэт)

111003 Nasta Vada.mp3

Цяпер, калі вы скарыстоўваеце больш за 140 літраў за суткі, за кожны дадатковы літр будзеце плаціць па сабекошце.


"Я шмат карыстаюся вадой — два разы на дзень прымаю душ, пару разоў на тыдзень магу прыняць ванну… Будзе непрыемна атрымліваць вялікія рахункі за ваду”, — скардзіцца Еўрарадыё Таццяна. Дзяўчына жыве ў аднапакаёвай кватэры адна, а працуе з дому.

Раней не задумвалася пра тое, ці шмат вады скарыстоўвае. Магчыма цяпер мусіць пачаць…


Цікава, што аб’ём адной ванны — 200 літраў. Пральная машына за адно мыццё выкарыстоўвае ад 80 да 150 літраў. Аб’ём бачка ў прыбіральні — 9 літраў.


Калі пералічыць усё ў звыклыя кубаметры, што прапісваюць у жыроўцы, атрымліваецца, што пад танныя тарыфы падпадае толькі 4,2 кубаметры вады ў месяц на чалавека. Цяпер за адзін кубаметр мы плацім 890 рублёў, а калі лічыць па сабекошце, то атрымліваецца 2546 рублёў.


“Гэта даволі непрыемнае новаўвядзенне, асабліва цяпер, у наш час, калі ў краіне крызіс і людзі і так знаходзяцца ў цяжкім стане. Для іх гэта будзе досыць цяжка”, — працягвае Таццяна.


Чыноўнікі ж сцвярджаюць, што 140 літраў вады на чалавека ў суткі — гэта еўрапейскі нарматыў. Дзіўна, але чамусьці ён меншы за сярэдняе спажыванне вады ў месяц. Пра гэта распавядаюць Еўрарадыё ў “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы”. У сярэднім за суткі ў Мінску чалавек спажывае 150 літраў вады.


“Дзесьці 150 літраў у суткі на аднаго чалавека — гэта тыя, у каго ёсць лічыльнікі. Гэта вельмі цяжкае пытанне. Калі ён, напрыклад, будзе спажываць 140 літраў вады ў дзень і звыш яго — па сабекошце (па 2548), можаце сабе ўявіць, што гэта будзе… Што гэта такое для насельніцтва, наколькі яно абвостранае ў нас у гэтым плане!”.


А вось тых людзей, якія лічыльнікі так і не паставілі, новаўвядзенне ніяк не закране.


"Панікаваць не трэба, — кажуць у “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы”. — Вада — гэта дробязь… Вада ў нас каштуе капейкі. Вось электраэнергія і газ — гэта так! А вада — капейкі… Нават па тым сабекошце, што плануецца (2548), — гэта драбяза. Узялі вы на куб болей, 2 тысячы заплацілі — гэта тры разы ў транспарце праехалі…”.


Але, як даведалася Еўрарадыё, нарматывы могуць увесці не толькі на ваду, а таксама на электраэнергію і газ!


“Мінгаржылгас”: “Гэта ж не толькі па вадзе. Па газе будзе, па электраэнергіі таксама…”


Нагадаем, што ўрад таксама павялічыў тарыфы і на некаторыя паслугі ЖКГ — тэхабслугоўванне, ацяпленне, электрычнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі