Падмятаць лесвіцу у пад'езде мусяць кожны дзень! Два разы на тыдзень — мыць

120119 Nasta Tehobslujivanie.mp3

"Гэта абслугоўванне да дзвярэй вашай кватэры", — тлумачаць Еўрарадыё ў разліковым цэнтры ЖРЭА Цэнтральнага раёна.


Сюды ўваходзіць асвятленне пад'езду, уборка і рамонт лесвічных пляцовак, уборка і асвятленне двара, тэхагляд інжынернай сістэмы дома… А таксама — пакос травы, уборка снегу ўзімку… І нават пасыпанне тэрыторыі соллю і агляд дзіцячай пляцоўкі!


Дырэктар "Арэса-Сэрвіс ЖЭС" Аляксей Лаута лічыць, што тэхнічным абслугоўваннем павінна называцца толькі тое, што патрабуе тэхнічных ведаў.


“Ну, якія тэхнічныя веды патрэбныя на тое, каб памыць пятачок каля ліфта? Але, тым не менш, яно ўваходзіць у тэхнічнае абслугоўванне! Вось закруціць лямпачку, дзе ты можаш падвергнуцца ўдару электратоку — гэта ўжо тэхнічны момант. Абслугоўванне ліфтаў — так, гэта тэхнічнае абслугоўванне. А памыць акно — дзе тут тэхнічны момант?”


Тым не менш, “памыць акно” — таксама тэхабслугоўванне. Паводле нарматываў, акно ў пад’ездзе павінны мыць два разы на год. А вось падмятаць лесвіцу мусяць кожны дзень! І два разы на тыдзень — мыць і дэзынфіцыраваць. Цікава, ці шмат у якіх дамах камунальнікі прытрымліваюцца нарматываў?


Жыхары адлічваюць штомесяц грошы на тэхабслугоўванне. Але рамонт унутры сваёй кватэры павінны аплочваць асобна. І гэта нягледзячы на тое, што сума за тэхабслугоўванне напрамую залежыць ад памеру кватэры!


"Гэта нелагічна, калі вы будзеце, напрыклад, замаўляць сабе замену ваннай, а пры гэтым казаць, што — ну я ж заплаціў за тэхнічнае абслугоўванне… Усё, што вы хочаце зрабіць у кватэры, вы робіце за свой рахунак!" — тлумачаць у ЖЭСе.


Але ж самому давядзецца плаціць не толькі за замену ваннай, але таксама і за тое, каб залатаць дзірку ў трубе.
Паводле закону ўладальнік трохпакаёвай кватэры плаціць за тэхабслугоўванне ў тры разы больш за ўладальніка аднапакаёвай — хаця яны аднолькава карыстаюцца лесвіцай, ходзяць па двары і г.д… Чаму сума ў графе "тэхабслугоўванне" ў жыроўках залежыць ад квадратных метраў кватэры?


"Так паводле інструкцыі", — каротка тлумачаць у разліковым цэнтры ЖРЭА Савецкага раёна.


Акрамя як тым, што "так паводле закону", не можа гэтага патлумачыць і начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Эдмунд Грышкевіч:


"Ваша доля ў агульнай долевай уласнасці дома прапарцыянальная вашай кватэры. Вобразна: калі ў мяне аднапакаёвая кватэра, а ў вас трох-, то ваша доля ў кошце ліфта ў тры разы большая за маю. І так далей — лесвіца, падвал, гарышча і г.д. Так вырашыў заканадавец. І ў Жыллёвым кодэксе так і прапісаў".


Еўрарадыё: "Але ж я прайду па лесвіцы роўна столькі, як і вы?"


Эдмунд Грышкевіч: "Вы ўтрымліваеце, акрамя сваёй кватэры, яшчэ і долевую ўласнасць. А калі пачаць дзяліць долю, то ў вас атрымаецца ў тры разы болей, чым у мяне".


Сёння тарыф за тэхабслугоўванне складае 350 рублёў за метр квадратны. Такім чынам, уладальнік 2-пакаёвай кватэры за месяц мусіць аддаць прыкладна 20 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі