За паказ Еўра-2012 без дазволу БТ мінскія кавярні будуць штрафаваць?

"Кожны бар ці рэстаран сам вырашае, хоча ён паказваць ці не. А калі хоча, то на прававых падставах ці не. Калі бары і рэстараны паказваюць "НТВ-Плюс" — гэта пірацкі паказ, паколькі гэтыя каналы маюць права на трансляцыю толькі на тэрыторыі Расіі. На тэрыторыі Беларусі выключным праваўладальнікам з'яўляемся мы. Калі бар хоча паказваць чэмпіянат па футболе ў прававым полі, ён павінен заключыць дамову з тэлеканалам "Беларусь-2". Гэта сума не вялікая, бо мы самі зацікаўленыя ў тым, каб нас паказвалі ў межах прававога поля", — распавядаюць Еўрарадыё ў юрыдычным аддзеле тэлебачання.

Пасля заключэння дамовы рэстаран мае права паказваць усе праграмы, у тым ліку і футбол. Як даведалася Еўрарадыё, каштуе гэта 500 тысяч за месяц, калі ў кавярні месцаў не больш чым на 50 чалавек. Паводле нашых звестак некаторыя ўжо падпісваюць такую дамову.

"Дамова ляжыць на ўзгадненні на стале ў дырэктара", — кажуць у “Ракаўскім бровары”.

Хаця ў некаторых рэстаранах пра гэта ўвогуле не чулі. А футбол там будзе.

"Нам такога не прыходзіла. Можа прыйдзе яшчэ. Але мы будзем паказваць па "НТВ-Плюс" праз спадарожнік".

У іншым рэстаране Еўрарадыё кажуць, што не плануюць падпісваць нейкія дамовы.

"Калі за гэта не бяруцца грошы, то не трэба. Калі б мы прадавалі квіткі на трансляцыю і бралі грошы, тады гэта ўжо камерцыйнае выкарыстанне. Мы і так плацім за пакет "Космас-ТВ". Мы ж не карыстаемся нічым бясплатна".


На БТ ж нагадваюць пра закон "Аб аўтарскіх і сумежных правах". Там за гэта нават адказнасць прадугледжана.

"Паводле закону выкарыстанне маёмасных правоў можа быць толькі на дамоўнай аснове. Ёсць Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, ёсць артыкул Крымінальнага кодэкса. Ну, і ў самім законе "Аб аўтарскіх і сумежных правах" прапісаныя санкцыі ад 10 да 50 тысяч базавых велічыняў".

Юрысты пацвярджаюць, што бясплатна паказваць футбол можна толькі дома. Калі ж гэта рэстаран, то прэтэнзіі БТ абсалютна абгрунтаваныя. Што праўда, на тэлеканале ўсяго тыдзень займаюцца гэтым пытаннем, і некаторыя кавярні атрымалі лісты толькі ў сераду. За два дні да чэмпіянату Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі