Сэкандхэнды адкрываюцца як і прадуктовыя магазіны
“Зараз у нас 15 сэканд-хэндаў, а за апошні год адкрылася пяць крамаў”, — кажуць у раённай адміністрацыі.
Дырэктар сеткі “Эканом-сіці” Наталля заўважае, што за год яны адкрылі тры крамы. Ці беларусы масава пайшлі ў сэканд-хэнды?
У іншых раёнах сталіцы: у Партызанскім і Маскоўскім — гэту тэндэнцыю не пацвярджаюць. Маўляў, гандлёвыя кропкі сэканд-хэндаў адкрываюцца ў такой жа прапорцыі, як і… прадуктовыя крамы.
Сэканд-хэнды сталіцы з большага выглядаюць прыстойна. Калі б не пах рэчаў — звычайны магазін. Здзіўляюць кошты, бо даўно не бачыла майкі па 30-40 тысяч рублёў, джынсы і джэмперы за 70 тысяч і сукенкі за такія ж грошы. У краме сэканд-хэнду “Мега” кажуць, што ёсць рэчы і па мільёне рублёў — калі гэта дублёнка.
Нацэнка на рэчы такая ж, як і ў звычайных крамах — 30%, кошт яшчэ залежыць ад зношанасці і нават ад моды:
“Мы адсочваем модныя тэндэнцыі, глядзім ступень паношанасці і адпаведнасць модзе. Нават калі зусім не ношаная, але старога фасону — не будзе каштаваць дорага”.
Тым часам звычайныя крамы прапаноўваюць беларусам растэрміноўку на пакупку вопраткі.
Беспрацэнтны крэдыт на адзенне можна аформіць у магазіне на суму да 15 мільёнаў рублёў і выплачваць грошы цягам чатырох месяцаў. Кансультант “Белросбанка” Кацярына, што працуе ў ЦУМе, кажа Еўрарадыё, што гэта вельмі папулярна перад зімой.
“І тэхніку, і адзенне-абутак. Паліто, напрыклад. Звычайна сума пакупкі не перавышае 3 мільёны. Асноўная маса бярэ на 2 мільёны”.
Ва ўнівермагу “Беларусь” мне асабіста нават рэкамендуюць расцягнуць выплаты на некалькі месяцаў, калі я хачу натуральнае футра:
“Гэта вельмі добра. На шубы і шапкі, золата-брыльянты. Няма чаго сумнявацца І мы вельмі радыя, і пакупнікі… Да 15 мільёнаў!”