За акцыю "Стоп-бензін" агулам аштрафавалі на паўтоны паліва

8 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна асудзілі людзей, якія назіралі за акцыяй аўтамабілістаў "Стоп-бензін".


Павел Груздзіловіч і Дзмітрый Кавалгін атрымалі штрафы па 700 тысяч рублёў, Алеся Макась і Аляксандр Рэдзькін — па 525 тысяч.


"Краіна хоча вырашыць свае фінансавыя праблемы за кошт затрыманых. 20 базавых велічынь ну няма за што. Пакаранне не адпавядае правіннасці", — гаворыць маці Паўла Груздзіловіча.


Акцыя супраць падаражання паліва праходзіла ў Мінску 7 чэрвеня. Аўтамабілісты павольна праехалі па цэнтральным праспекце краіны і ўтварылі вялізарны затор. Людзі, якія стаялі з боку дарогі, апладыравалі, самых актыўных затрымлівала міліцыя — ну як затрымлівала, проста без цырымоній закідвала ў машыну.


"Калі затрымлівалі, ніхто не прадстаўляўся. Магу сказаць яшчэ, што мяне асабіста сказаў затрымаць таварыш Яўсееў. Пасля нас адвезлі ў РАУС, там доўга не тлумачылі, хто і за што нас затрымаў. Потым амапаўцы селі за парту, перапісалі адзін за адным пратаколы і рапарты. На ноч адвезлі на Акрэсціна, сёння раніцай зноў у РАУС, і цяпер тут мы сядзім на падлозе, ніякіх нармальных умоваў няма", — гаворыць Дзмітрый Кавалгін.


Па іроніі лёсу Паўла Груздзіловіча судзілі ў той жа самай зале, дзе 11 гадоў таму ён адзначаў выпускны. У будынку Цэнтральнага суда раней месціўся Коласаўскі ліцэй, які і скончыў Павел.


"Мы тут святкавалі яго выпускны. Тут каля сценачкі, тут усё было ў сталах накрытых. Мы сядзелі песні спявалі з Баршчэўскім, з настаўнікамі. А яны танчылі ў калідоры", — у судовай зале дзеліцца ўспамінамі маці Паўла.


Сведкі-міліцыянты давалі аднолькавыя паказанні, такім жа чынам напісаныя, нібы пад капірку, выглядалі рапарты і пратаколы: стаяў на мосце праз Свіслач, трымаў у руках ліст паперы А4 з выявай бензакалонкі, надпісам "Мы супраць падаражання паліва" і кантактнымі тэлефонамі, а значыць удзельнічаў у незаконным пікеце. Калі суддзя папрасіў сведку-міліцыянта паказаць у зале затрыманага ім Кавалгіна, спецназавец яго не пазнаў і сказаў, што яго тут няма.


Большасць людзей, якія назіралі за акцыяй, апынуліся там выпадкова. Гэтак жа і Павел Груздзіловіч ды Аляксандр Рэдзькін з жонкай вярталіся пасля працы.


"Мы сустрэліся пасля працы, гулялі ў парку. А потым, як пачалося гэта ўсё, пайшлі глядзець, як і ўсе людзі", — гаворыць жонка Аляксандра Рэдзькіна Яўгенія.


Потым пад'ехаў спецназ, пачалі затрымоўваць Алесю Макась. Людзі пачалі крычаць "Ганьба!", тых, на каго паказваў намеснік кіраўніка мінскай міліцыі Яўсееў, таксама сталі затрымліваць.


"Пачалі бегаць за дзяўчынай, а потым падышоў той, хто кіраваў усім, і сказаў: "І вось гэтага затрымаць". Потым 30 хвілін я высвятляла, куды павезлі майго мужа. Мне ніхто нічога не сказаў, і я яго шукала 2,5 гадзіны па ўсіх аддзяленнях. Потым, калі я прыехала ў Цэнтральны РАУС, мне дзяжурны сказаў, што яго там няма. Але ў гэты момант нехта выходзіў з кабінета і мы яго пабачылі".


Ніхто з абвінавачваных сваю віну не прызнаў. Ноч яны правялі на Акрэсціна і агулам на чацвярых атрымалі штраф 2 мільёны 450 тысяч, на якія можна купіць 480 літраў бензіна. Між іншым, Лукашэнка заявіў, што "Белнафтахім" мусіць знізіць кошты на паліва да 4500 рублёў.

Анлайн з суда

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі