З якімі баламі і чаму паступаюць у Акадэмію МУС?

120709 Savi4 Menty.mp3

У першы дзень падаюць дакументы тыя, хто "з дзяцінства марыць быць міліцыянерам" і "ўпэўнены, што міліцыя — самая цікавая спецыяльнасць".

Да абеду абітурыентаў не густа — у гадзіну па чайнай лыжцы. Масавасць ствараюць тыя, хто прыйшоў па сертыфікаты цэнтралізаванага тэставання.

Дзясятак апытаных журналістам Еўрарадыё абітурыентаў ля ўваходу ў Акадэмію МУС упэўненыя, што паступленне сюды як мінімум "прэстыжнае".

Спачатку Еўрарадыё трапляе на Змітра з Гродна. Ён расказвае, што даўно марыць пра кар'еру міліцыянта. Займаецца спортам, без праблем прайшоў медкамісію і ўвогуле на тэставанні набраў… 310 балаў!

"З дзяцінства марыў быць афіцэрам. Гэта самая цікавая спецыяльнасць", — упэўнены Зміцер. Нам патрэбныя такія міліцыянты!

Наступным спрабуе пераканаць карэспандэнта Еўрарадыё ў прэстыжнасці прафесіі праваахоўніка абітурыент Яўген. У выбары прафесіі ён кіруецца аўтарытэтам брата — той таксама працуе міліцыянтам. Яўген набраў 180 балаў і ўпэўнены, што для МУС яму хопіць. А на пытанне, якой павінна быць сучасная міліцыя, упэўнена чаканіць: усё ідэальна!

"Па-мойму, сучасная міліцыя такая, якая і павінна быць".

Аляксей уражвае мяне… верай у сябе. Ён набраў толькі 147 балаў. Хоць сам абітурыент ацэньвае свае вынікі як "не вельмі добрыя", але ўсё ж спадзяецца, што і такі паказчык дазволіць яму папоўніць шэрагі курсантаў Акадэміі. Дарэчы, летась на факультэце міліцыі для паступлення дастаткова было парадку 152 балаў. Лёша расказвае, што пайшоў на гэты факультэт па парадзе бацькі.

Аляксей шчыра верыць, што быць міліцыянтам — пачэсна: "Міліцыя павінна мужна і добрасумленна абараняць сваіх грамадзян", — ацэньвае Лёша прэстыж сваёй прафесіі. Хочацца спадзявацца, што рыцарства нікуды не дзенецца з гэтага хлопчыка.

Ля выхаду з Акадэміі сустракаю і дзяўчат — дзіва, якія прыгожыя: лёгкія сукенкі, абцасы, яркая памада. Абітурыентка Маша ў мінулым закончыла... мадэльную школу. Да таго ж займаецца дзюдо! Дзяўчына падала дакументы на следча-экспертны факультэт. З 347 баламі яна яшчэ сумняваецца.

"Я набрала парадку 350 балаў: спадзяюся, гэтага хопіць, — распавядае Маша. — Дзяўчатам цяжэй паступаць, чым хлопцам".

Каля варот стаяць некалькі ўжо дзеючых супрацоўнікаў міліцыі, якія збіраюцца ў Акадэмію. Абітурыент Павел паступае на другую вышэйшую “дзеля агульнага развіцця”. Ён упэўнены, што браць абы-каго ў міліцыю не варта — і так “панабіралі каго заўгодна”.

"Міліцыя павінна быць больш адказнай і... скараціць бы яе напалову", — здзіўляе смелымі заўвагамі суразмоўца.

Дарэчы, як сведчаць аператыўныя дадзеныя ўступнай кампаніі на сайце МУС, на 15 гадзін панядзелка толькі трое з амаль трох дзясяткаў абітурыентаў маюць бал, вышэйшы за 300. Восем патэнцыйных студэнтаў маюць вынікі ад 200 да 250 балаў. І яшчэ ў 16 чалавек да 190 балаў.

Фота — onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі