З каго спытаюць грошы за шкоду, нанесеную выбухам у метро?

Валянціна Багавая ў метро пацярпела разам з сынам. Шкоду, нанесеную выбухам, ацаніла, а вось сын гэтага рабіць не стаў.

"У нас адразу быў следчы, рабіў апытанне. Я свае рэчы ацаніла на паўтара мільёна".

Гэта паліто за 400 тысяч, боты за 300 тысяч, тэлефон Nokia 7210 за 469 тысяч, штаны і кофта.

У бальніцу следчыя прыходзілі да ўсіх пацярпелых, апытвалі. Яўген Хойдым таксама ацаніў шкоду ў мільён рублёў: куртка, кашуля, кофта, джынсы і туфлі, якія прыйшлі ў непрыдатнасць.

"Яны казалі, што нешта павінны выплаціць за тыя рэчы. Я калі ў бальніцы ляжаў, да мяне прыходзілі, я іх ацэньваў", — гаворыць Яўген.

Але з каго спытаюць гэтыя грошы? Атрымоўваецца, што з абвінавачаных, якім пагражае смяротнае пакаранне ці пажыццёвы тэрмін за кратамі?

"Грамадзянскі іск прад'яўляецца да злачынцаў, да тых, хто прычыніў шкоду", — гаворыць юрыст, старшыня БХК Алег Гулак.

Валянціна Багавая цікавілася, калі атрымлівала позву з суда, хто будзе выплочваць кампенсацыю.

"Я спытала, дык яны гавораць, не ведаем. Хіба яны могуць выплаціць вось гэтую шкоду?"

Адзін з пацярпелых ацаніў маральную шкоду, нанесеную свайму сыну, у 500 тысяч еўра!

"Гэта будуць проста вялікія сумы, якія ніколі не будуць спагнаныя", — лічыць Алег Гулак.

Таццяна Кацуба панесла матэрыяльную шкоду амаль на 4 мільёны: гэта вопратка, жаночая сумка з рознай касметыкай, упрыгожванні, флэшкі, навушнікі, два мабільныя тэлефоны Nokia 5530 і Nokia 6131.

"Мне сказалі так, што гэта трэба для абвінавачання. Грошы гэтыя мне не вярнуцца, проста каб да матэрыялаў справы падшыць нанесеную шкоду".

Калі вінаватыя не змогуць выплаціць гэтыя грошы, можа, трэба прад'явіць іск за нанесеную шкоду міліцыі ці метрапалітэну, якія не забяспечылі бяспеку?

"На міліцыі не ляжыць адказнасць не дапусціць злачынства. Гэта ж не тое, што вы здалі міліцыі сябе пад ахову. Дзяржава нясе адказнасць толькі за прыняцце мер, але ўвогуле не гарантуе ніякай кампенсацыі", — гаворыць Алег Гулак.

Як даведалася Еўрарадыё, Мінскі метрапалітэн мае абавязак страхавання грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі. Тэракт — гэта страхавы выпадак, таму ад прадпрыемства "Белэксімгарант" пацярпелыя атрымалі кампенсацыю.

Больш падрабязна пра гэтыя ды іншыя выплаты і тое, ці хапіла іх на лячэнне, чытайце неўзабаве.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі