Якія льготы прапаноўваюць міліцыянерам?

Еўрарадыё наведала першы кірмаш вакансій для міліцыянераў.

Нягледзячы на несусветную завіруху, у будынку Першамайскага РУУС Мінска, дзе праходзіць кірмаш, шматлюдна.

“Бачым, што такія мерапрыемствы праводзяць іншыя арганізацыі, вырашылі паспрабаваць і мы. Вось паспрабавалі. Хочам расказаць маладым людзям, што ёсць міліцыя вось такая, вось яна. У асноўным мы зацікаўлены ў маладзёнах да 25 гадоў”, — заўважае Еўрарадыё супрацоўнік прэс-службы ГУУС Яўген Сачок.

У актавай зале, дзе сабралі ўсіх прысутных, каб распавесці пра плюсы службы ў міліцыі, няма дзе ўпасці яблыку. Сярод тых, хто прыйшоў, —  дзясятак дзяўчат. Хоць для іх тут толькі некалькі вакансій: самая верагодная — інспектар па справах непаўналетніх.

“Пакуль не планую ісці ў міліцыю. Я толькі гляджу, вучуся на 4-м курсе на юрыдычным факультэце — таму пакуль прыглядаюся”, — расказвае Еўрарадыё студэнтка прыватнага Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва Аліна Краснагір.

Спачатку прысутных збіраюць ў актавай зале, дзе будучым міліцыянерам расказваюць пра выгады. Адна з самых важных — жыллё.

“Калі вам не далі службовага жылля, мы кампенсуем 5 тарыфных ставак, гэта трошкі больш за мільён, а таксама кампенсуем кожнаму члену сям’і. Сям’і з трох чалавек даюць прыкладна 200 долараў. Можна здымаць кватэру”, — заўважае намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы кадравага забеспячэння сталічнай міліцыі  Валерый Мацейка.

Перавезці рэчы з іншага горада, бясплатна падлячыцца, накіраваць дзяцей у дзіцячы садок ці лагер міліцыянер можа без чаргі і за кошт МУС.

Асаблівыя льготы і на пабудову жылля.

“Вы становіцеся ў чаргу адразу па прыездзе ў Мінск, і вам не трэба будзе 10 гадоў стаяць. Натуральна, вы ўсе будзеце ісці як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых ўмоваў. У нас свая чарга, таму яна ідзе ў разы хутчэй, чым ільготнікаў, дзе чарга ідзе 20 гадоў”, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы кадравага забеспячэння ГУУС Мінгарвыканкама Валерый Мацейка.

Яшчэ адзін плюс працы — працяглы адпачынак. Да 10 гадоў службы ў міліцыі ён складае 30 дзён, а потым ідуць дадаткі.

“Праезд да месца адпачынку вам кампенсуюць, а калі вы адпачываеце за мяжой — колькасць дзён праезду да асноўнага месца дадаюць да адпачынку. Таксама выдаюцца праязныя і білеты, калі трэба дабрацца да месца працы”, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы кадравага забеспячэння сталічнай міліцыі Валерый Мацейка.

Пасля кароткага экскурсу ў ільготы і прывілеі для міліцыянераў усім прысутным прапаноўваюць прайсці ў спартыўную залу, дзе стэнды прадставілі ўсе раённыя аддзелы ўнутраных спраў і падраздзяленні міністэрства.

“Падыходзьце, у нас і для дзяўчат ёсць вакансіі”, — нечакана прапаноўваюць карэспандэнту Еўрарадыё каля стэнда падраздзялення АМАП.

“25 дзяўчат служыць у АМАПе, яны вельмі дапамагаюць нам на канцэртах. Вось бачылі, як на ўваходзе правяраюць дзяўчаты? Гэта нашы дзяўчаты”.

Усе жадаючыя на кірмашы маглі пацэліцца з аўтамата, разабраць яго ці памахаць дубінкай.

Паводле слоў намесніка па ідэалагічнай працы Валерыя Мацейкі, у штаце сталічнай міліцыі 5000 чалавек. Недакамплект складае 10% — у асноўным патрабуюцца інспектары патрульна-паставой службы.

“Праблема не ў тым, што ў нас вялікі недакамплект, а праблема ў тым, што мы не набіраем ўсіх, хто хоча да нас ісці”.

Крытэрыі адбору: стан здароўя, маральна-дзелавыя якасці і адсутнасць судзімасці.

Але заробку міліцыянераў не пазайздросціш: у АМАПе і на афіцэрскай службе атрымоўваюць ад чатырох мільёнаў, на патрульна-паставой — ад 3,5 мільёнаў.

Але ёсць даплаты — за затрыманне злодзея, за выслугу гадоў.

“Калі толькі вы прыйшлі, вы ніякіх надбавак не маеце. Але першы год вы будзе вучыцца. А потым дадуць надбаўкі — адна надбаўка 10%, другая… Глядзіш, праз два гады можна разлічваць на заробак у 5 мільёнаў”, — распавядае Еўрарадыё намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы кадравага забеспячэння сталічнай міліцыі Валерый Мацейка.


Але што заробак, як заўважаюць на кірмашы міліцыянераў — хоць “заробак міліцыянера і невялікі, але стабільны, бо дзяржава ніколі міліцыянера не кіне, бо без міліцыі парадку ў краіне не будзе”...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі