“Які канец свету? У Беларусі складзеныя планы на 2013-ы год!”

21 снежня ад Сонца распаліцца касмічная атмасфера, і на Зямлі пачнуцца геамагнітныя буры, знікне электрычнасць і гэтак далей. У інтэрнэце жвава абмяркоўваюцца чуткі пра канец свету, дату якога вызначылі паводле календара мая.

Тэлефануем па мінскім нумары “Экстранай псіхалагічнай дапамогі”, каб даведацца, як супакойваюць тых, хто трывожыцца з-за чутак пра апакаліпсіс.

psih_dapamoha.mp3

― Калі ўсё ж гэта адбудзецца, як лепш пражыць гэты месяц? ― з хваляваннем цікавімся.

― Пры гэтым краіна працягвае жыць, ёсць планы і на 2013-ы год. Вас гэта не здзіўляе?

― Планы ёсць, а калі нешта здарыцца? І ўсё, і няма Зямлі…

― І што?

― І ўсе мы знікнем, і знікне ўся чалавечая цывілізацыя!!! Калі ўсё ж гэта здарыцца, як лепш пражыць?

― Вы ведаеце, я мяркую: было, ёсць і будзе, будзе-не будзе, усё залежыць ад таго, што вы чытаеце, што вы думаеце і як вы зараз жывяце. Калі вам зараз не цікава, што ж будзе далей? ― не дае мне шанцаў псіхолаг.

 

― А як лепш жыццё сваё зрабіць больш цікавым?

― Насыцьце яе самі тым, што вы хочаце. Удачы, да пабачэння.

Дзяржава Беларусь склала планы на 2013-ы год ды і як можа згаснуць вечны агонь! Які тут канец свету.

Тым часам на беларускіх спецыялізаваных форумах, дзе абмяркоўваюць паранармальныя з’явы, з’явілася інфармацыя пра нядаўнія паступленні на тэрыторыю Беларусі сігналаў з космасу.

“Сігналы былі наступныя: з’яўленне гукаў, нібыта невытлумачальных. Людзі спрабавалі выдаць іх за нейкія прадвеснікі канца свету. Але гукі аказваліся містыфікацыямі, ― супакойвае мяне Ілля Бутаў, старшыня Беларускага ўфалагічнага камітэта. ― Але мы выкрылі гэта як абсалютную містыфікацыю. То бок людзі фальсіфікавалі відэа”.

 

Разважаючы пра шматлікія трактоўкі календара мая, Ілля Бутаў схіляецца да версіі, што дату канца свету вызначылі няправільна:

“З чаго ўсё пачалося ― гэта каляндар мая, які нібыта сканчаецца. Але ён мае форму кольца, ці кола. Ён не сканчаецца, а пачынаецца новы адлік. Падставаў панікаваць, баяцца няма ніякіх”.

 

У хрысціянстве маецца паняцце Страшнага суда. З так званым канцом свету 21 снежня 2012 года яно, канешне, не звязана. І, як тлумачыць Пратаіерэй Сергій Лепін, прэс-сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы, канкрэтных дат і тэрмінаў “не ведаюць нават анёлы”.

Пратаіерэй Сергій Лепін: “Вучэнне пра тое, што гэты свет канечны і аднойчы ён будзе зменены, уступіць на новы віток сваёй гісторыі, ― гэта вучэнне Бібліі. “Дзень Гасподні”, “Дзень Страшнага суда”, “Дзень апакаліпсіса” і гэтак далей. Аб тым, калі гэта будзе, Свяшчэннае Пісанне кажа адназначна словамі Ісуса Хрыста: “Не ваш час ведаць часы і тэрміны”. І Бог папярэджвае, што будуць ілжэмісіі, якія будуць спекуляваць на тэме гэтых апакаліптычных страхаў. Свяшчэннае Пісанне кажа пра тое, што аб гэтым дні не ведаюць нават анёлы”.


Пратаіерэй Сергій Лепін тлумачыць, што боязь канца свету і смерці ― гэта нядобры знак:  

“Вучэнне пра Другое прышэсце Хрыста, а разам з тым і аб канцы гэтага часу ― гэта добрая навіна, а не дрэнная. Мы ж чакаем не сканчэння гэтага свету, а змянення гэтага свету. Мы чакаем вяртання Ісуса Хрыста на зямлю. Таго, у каго мы верым, на каго спадзяёмся, каго чакаем. А калі думкі аб канцы свету, у тым ліку аб канцы жыцця, звязаны для нас толькі з негатывам, ― гэта трывожны сімптом”.

Па заданні рэдакцыі (сёй-той усё ж пабойваецца ўспышак на Сонцы і нечаканых атак на Беларусь) правяраю, ці можна ў выпадку чаго прытаіцца ў старых мінскіх бамбасховішчах.

Аказалася, у новых раёнах Мінска дамы будуюцца без такіх опцый. Аднак у старых ― сховішчы альбо не выкарыстоўваюцца, альбо здаюцца ў арэнду пад склады, музычныя студыі і іншае.

Толькі ў Цэнтральным раёне пасля Другой сусветнай вайны збудавалі каля шасці дзясяткаў бамбасховішчаў.

“Яны па-ранейшаму прыдатныя да выкарыстання. Існуе тэрмін прывядзення іх у гатоўнасць ― гэта шэсць гадзін”, ― паведамляе Еўрарадыё мясцовы інжынер па грамадзянскай абароне.

Уваход у старое бамбасховішча (знаходзіцца ў сотнях метраў ад Панікоўкі) 

Калі пасля гэтага матэрыялу канец свету вас па-ранейшаму палохае, плануйце сваё месцазнаходжанне бліжэй да сталінскіх забудоваў, дзе бамбасховішчы некалі былі прадугледжаны праектам. І чытайце планы краіны на 2013 год!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі