Як па прыкладзе трэнера Яфімава мы падсыпалі допінг у каву (фота, відэа)

Трэнер Аляксандр Яфімаў сцвярджае, што сам падсыпаў допінг
метэналон у каву Надзеі Астапчук. Пры дапамозе журналісцкага эксперыменту
правяраем праўдзівасць гэтых словаў.

Звяртаемся да спартсменаў, якія дапамагаюць нам знайсці на
ценявым рынку анабалічны стэроід.

100-міліграмовую ампулу з метэналонам купляем цягам аднаго
дня. Рынкавая назва прэпарата “Прымабол”. Кошт – каля васьмі долараў. Прэпарат
уводзіцца ўнутрымышачна, але паэксперыментуем і з ім.

Таблетак жа нам давялося чакаць каля двух тыдняў. У выніку
за 60 долараў купляем упакоўку “Прымабол таблетс”, вага кожнай пілюлі – 50
міліграмаў. На ўпакоўцы прамым тэкстам пазначана: “Анабалічны гармон для
прасоўвання канструктыўнага анабалізму бялку”.

Эксперымент 1.

У гарачую распушчальную каву дадаём вадкасць “Прымабол” з
ампулы, мяшаем.

На паверхні ўтварылася тлустая пляма, не заўважыць якую не
магчыма. Таксама кавава-анабалічная мяшанка вылучае відавочны хімічны пах.
Такім чынам, незаўважна дадаць такі допінг у каву – немагчыма.

Эксперымент 2.

Дзве таблеткі метэналону з упакоўкі “Прымабол таблетс”
таўчом і дадаём атрыманы парашок у каву. Размешваем. Парашок распушчаецца з
цяжкасцю, прыліпае да лыжкі і белымі кропачкамі плавае на паверхні.

Інтэнсіўна размешваем парашок у каве яшчэ цягам некалькіх хвілін.
Белыя кропачкі знікаюць з паверхні.

На пах атрыманы напой нямногім адрозніваецца ад кавы.
Каштуем. Адчуваецца хімічны прысмак, але невідавочны. Не кожны гэта заўважыць.

Пераліваем напой у іншы кубак – на дне бачым відавочны
асадак, не заўважыць які – немагчыма. Парашкападобны метэналон, як аказалася,
распушчаецца не цалкам.

Такім чынам, хутка падсыпаць метэналон у каву – няпроста. Не
заўважыць асадак на дне кубка – складана. Толькі калі вы не гурман, спяшаецеся
або вам усё адно, што вы пілі. Спартсмены акурат вельмі ўважліва ставяцца да
ўсіх прадуктаў і напояў.

Высновы

Эксперымент Еўрарадыё паказвае, што незаўважна распусціць як
вадкі, так і парашкападобны метэналон у каве вельмі складана.

Пра гэта сведчаць і папярэднія даследаванні Еўрарадыё:
аказалася, што кавы, у якую, па словах трэнера, быў падсыпаны допінг, не было ў
меню рэстарана
, дзе Астапчук харчавалася. 

Якая місія допінгу ў арганізме Надзеі Астапчук? 

Расследаванне Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва
сведчыць: допінг падсыпаў трэнер, без ведама спартсменкі.

Да гэтай версіі многія эксперты ставяцца крытычна: навошта
заслужанаму трэнеру Яфімаву падсыпаць парашок, калі практычнага сэнсу ад гэтага
няма? 

Па іншай версіі, Астапчук прымала метэналон для паляпшэння
вынікаў. Але своечасова вывесці прэпарат з арганізму не паспелі.

“Усё сыходзіцца. Гэта прэпарат высокай ступені актыўнасці,
дазваляе дакладна рэгуляваць тэрміны яго вывядзення, прэпарат вельмі эфектыўна
выкарыстоўваецца жанчынамі,
— пералічвае выканаўчы дырэктар Расійскага
антыдопінгавага агенцтва Мікіта Камаеў. Ёсць нашмат больш простыя прэпараты,
субстанцыі і метады, якія дазваляюць, скажам так, рабіць спартсмена вінаватым,
без яго ўдзелу. Метэналон – гэта прэпарат, які набываецца, выкарыстоўваецца ў
вузкіх канкрэтных выпадках людзьмі, якія ведаюць, на што ідуць”.

Паводле СМІ, Надзея Астапчук перастала прымаць удзел у
міжнародных стартах прыкладна за два месяцы да Алімпіяды. Гэта акурат той
тэрмін, за які можна прайсці метэналонавы курс і вывесці сляды стэроіда з
арганізму. Праўда, гэты аргумент – усяго толькі суб’ектыўныя назіранні. 

Нагадаем, што пытанне па тэрмінах дыскваліфікацыі для Надзеі
Астапчук спачатку вырашыць Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі.

“Потым мы зацвердзім гэта рашэнне ці не, — паведамляе
Еўрарадыё мэнаджар па сувязях Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Яніс
Нікалаоу.
Таму што часам мы не зацвярджаем і мы звяртаемся ў федэрацыю, каб
рашэнне, калі яно няправільнае, было зменена”.

У чым праўда? Ці прымала Надзея Астапчук допінг асэнсавана?
І якая роля трэнера?

Рабіце высновы самі.