Як мы шукалі прыбіральню экс-міністра (фота)

“Дзе лецішча міністра? Дык вось яно, лецішча міністра сувязі. Вам трэба не міністра сувязі, а былога міністра спорту? Не, хлопцы, дзе гэтага — я не ведаю. У нас тут шмат чые лецішчы”, — з характэрным акцэнтам расказвае таксіст, жыхар вёскі Закаблукі.

Вёска, што ўсяго ў 10 кіламетрах ад Мінска, ля самай гарадзенскай трасы, знакамітая з-за дзвюх… прыбіральняў. Раніцай 18 лютага інтэрнэт-выданне “Штодзённік”, вядомае сваімі выкрывальніцкімі публікацыямі, змяшчае артыкул аб тым, што ў Закаблуках на лецішчах былога міністра спорту Алега Качана і такога ж былога памочніка кіраўніка дзяржавы па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Ігара Заічкава знойдзеныя два незаконна збудаваныя “спецыфічныя аб’екты нерухомасці”, кожны коштам 10 мільёнаў рублёў. Маўляў, плаціў за іх “Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі”, а паставілі прыбіральні на ўчастках Качана і Заічкава ў Закаблуках.

Вёска Закаблукі.

Мясцовыя жыхары пра скандал яшчэ не чулі. Але расказаць маюць што. У пошуках участка Качана знаходзім архітэктара, які займаўся планіроўкай новых сядзібных участкаў у Закаблуках. Расказвае страшныя рэчы: “Тут пяць генералаў КДБ дачы маюць, а вунь там — міліцэйскія. Вось гэтыя дамы, бачыце, — гэта следчыя пракуратуры сабе пабудавалі. ДФР (Дэпартамент фінансавых расследаванняў. — заўв. Еўрарадыё) таксама ёсць. Грызуцца паміж сабой за ўчасткі, дамы, пабудовы… Да 2006 года тут чыноўнікаў не было. Свае людзі жылі. А потым панаехала. І ніводзін з намі не склаўся, каб камунікацыі аплаціць. І ваду, і газ — усё мы за свае грошы рабілі. Яны прыехалі на ўсё гатовае”.

Дамы ў Закаблуках насамрэч шыкоўныя. Яшчэ больш шыкоўныя машыны ля гэтых дамоў. Ад вёскі фактычна засталася адна вуліца з дзясяткам драўляных хатаў. Жыхарка адной з іх расказвае, што яшчэ на пачатку 90-х у вёску правялі каналізацыю і ў катэджах “усё па-гарадскому”. Пачуўшы пра скрадзеныя прыбіральні, здзіўляецца і гаворыць, што калі мы і знойдзем у Закаблуках “шпакоўню”, то хіба ля ейнай хаты. Іншыя даўно правялі і ваду, і газ.

Паўгадзіны пошукаў насамрэч нічога не даюць. “Шпакоўню” заўважаем толькі ля адной вясковай хаты. Акрамя гэтага — некалькі пластыкавых будак для будаўнікоў. У тое, што жыхары двух-трохпавярховых катэджаў бегаюць “да ветру” на вуліцу, верыцца з цяжкасцю.

Па словах мясцовых жыхароў, гэты домік належыць міністру сувязі. Хаця сам Мікалай Панцялей кажа, што ніякага дома ў гэтай вёсцы ў яго няма.

Тым часам цуды на скрадзеных прыбіральнях не заканчваюцца. Генеральная пракуратура ўжо распачала справу па “справе аб прыбіральнях”. Аднак абвінавачанымі па ёй праходзяць чамусьці не Качан і Заічкаў, а дырэктар Уздзенскага лясгаса са сваім падначаленым. Маўляў, менавіта там былі зробленыя туалеты, якія пазней адвезлі ў Закаблукі. Аднак у размове з Еўрарадыё дырэктар лясгаса Уладзімір Цвірко няўпэўнена паведаміў, што пра ўсю “справу з прыбіральнямі” нічога не ведае. А вось у Следчым камітэце Еўрарадыё расказалі, што справа ўзбуджаная па другой частцы 210 артыкула КК РБ (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены паўторна або групай асоб па папярэдняй змове), абвінавачаны - Цвірко. Качан і Заічкаў праходзяць сведкамі. "Свеціць" дырэктару лясгаса ажно сем гадоў з канфіскацыяй.

Як расказалі Еўрарадыё ў адным з агенцтваў па нерухомасці, добры катэдж у 10 кіламетрах ад кальцавой з падведзенай вадой, газам і электрычнасцю можа каштаваць ад 300 тысяч долараў. А ў сярэднім — каля 500 тысяч. У параўнанні з такімі сумамі прыбіральня за 1200 — проста нішто.

Жыхары Закаблукаў мяркуюць, што акурат гэтыя будынкі і ёсць "дача" Качана.

Такіх будоўляў у вёсцы - дзясяткі.

Адна "шпакоўня" ў Закаблуках усё ж знайшлася.

“Тут пяць генералаў КДБ дачы маюць, а вунь там — міліцэйскія. Вось гэтыя дамы, бачыце, — гэта следчыя пракуратуры сабе пабудавалі. ДФР (Дэпартамент фінансавых расследаванняў. — заўв. Еўрарадыё) таксама ёсць. Грызуцца паміж сабой за ўчасткі, дамы, пабудовы… Да 2006 года тут чыноўнікаў не было. Свае людзі жылі. А потым панаехала. І ніводзін з намі не склаўся, каб камунікацыі аплаціць. І ваду, і газ — усё мы за свае грошы рабілі. Яны прыехалі на ўсё гатовае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі