Як дэпутаты супраць прыватызацыі дзяржмаёмасці выступілі (фота)

“Мы шукаем сабе герояў у далёкім мінулым альбо за межамі краіны. А я скажу ў нашым утульным коле, што кожны з вас зрабіў гераічны ўчынак”, — узнёсла вітае Анатоль Лябедзька дэпутатаў, адначасова раздаючы ўсім матэрыялы юрыдычнай экспертызы, згодна з якой гэта акурат яны дагэтуль з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі беларускага народа. А таму могуць у Дзень Канстытуцыі вырашыць самае актуальнае пытанне — пытанне прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.

“Незаконна распушчаным дэпутатам”, як называе прысутных былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, словы лідара АГП прыйшліся даспадобы. У залу назбіралася ажно 18 ветэранаў айчыннай палітыкі, якім Лябедзька прапанаваў далучыцца да “антыпрыватызацыйнай заявы”. Пакуль народныя абраннікі знаёмяцца з тэкстам, выступае былы старшыня Нацыянальнага банка і прафесар Станіслаў Багданкевіч. Гаворыць пра важнасць захавання агульнанацыянальнай спадчыны.

“Перадусім прыватызацыю павінна праводзіць легітымная ўлада. Бо мы пад выглядам прыватызацыі распрадаём агульнанацыянальную спадчыну”

Тым часам дэпутаты Вярхоўнага савета 13-га склікання тэкст дачытваюць. Прычым некаторыя з іх нават вырашаюць раскрытыкаваць яго. Асабліва шчыруюць у гэтым Уладзімір Ганчарык, Людміла Гразнова і Генадзь Грушавы. Ганчарык заўважае, што да такіх дакументаў трэба “падыходзіць стрымана”, Гразнова называе дакумент “празмерна рамантычным” і звяртае ўвагу на тое, што абяцанне прызнаць заключаныя Лукашэнкам дамовы па продажы маёмасці замежным фірмам незаконнымі можа напалохаць цывілізаваных інвестараў. А Грушавы ўвогуле сумняваецца ў прафесіяналізме яго аўтараў.

“Трэба ўсё ж больш прафесійна папрацаваць над дакументам. Я не супраць той ідэі, якая нас усіх тут сёння сабрала. Наадварот — за. Я за гэтую ідэю. Але ў дадзеным выпадку мы не проста група грамадскасці. Мы выступаем у статусе дэпутатаў”, — заявіў ён падчас свайго выступу.

Асабліва Генадзю Грушавому не падабаецца наступная фраза: “тое, што было прададзена з парушэннем закона, будзе вернута”. Маўляў, незразумела, які менавіта закон парушаны. Анатоль Лябедзька з Сяргеем Калякіным, якія вядуць рэй на сходзе, насамрэч не могуць патлумачыць, які менавіта закон парушаюць “раскрадальнікі нацыянальнай спадчыны”.

Пасля непрацяглай дыскусіі Калякін усё ж пагаджаецца “ўключыць дэмакратыю” і прагаласаваць за стварэнне працоўнай групы па падрыхтоўцы новага дакумента. Але ідэю Грушавога падтрымліваюць толькі тры чалавекі, таму заяву пра недапушчэнне “незаконнай прыватызацыі” прымаюць у першародным выглядзе, абяцаючы дапрацаваць пазней.

Любові Гразновай застаецца толькі ціха сказаць: “Што пра нас будуць думаць па гэтым дакуменце…” Яе словы патанаюць у энергічным спічы Анатоля Лябедзькі, які ўжо расказвае пра будучыя 200 тысяч подпісаў пад заявай. За вокнамі паўпадвальнай залы бушуе завіруха.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі