Я б заплаціў больш, каб слухаць Арлову полулежачы і ўяўляць нешта цудоўнае

120228 Svjardlou Arlova.mp3

Пасля леташняга аншлага ніхто не сумняецца ў тым, што Аліну Арлову ў Мінску чакаюць. Каб на канцэрт трапілі ўсе ахвочыя, сёлета яе “вязуць” у клуб Re:Public – самы вялікі ў Мінску. Але і ён так не запаўняецца ніколі! Людзі стаяць паўсюль: на танцполе, на прыступках-тэрасах і нават на лесвіцах! Каб не трансляцыя на экран над сцэнай, танюткую Арлову, якая схілілася ў куточку над сінтэзатарам, пабачылі б далёка не ўсе. 


Слухаць чароўны голас літоўскай спявачкі ў такім натоўпе складана… Асабліва скардзяцца на гэта прадстаўнікі старэйшага пакалення. Нават дырэктар студыі гуказапісу “Осмас” Павел Юрцэвіч, якога, здавалася б, поўным клубам не напужаеш, прызнаецца: засяродзіцца на голасе Аліны Арловай у такім вэрхале вельмі складана.


Павел Юрцэвіч: “Мне здаецца, што арганізатары павяліся на бабло і крыху няправільна зрабілі канцэрт. Ён быў патрэбны, ён адбыўся, і гэта вельмі добра. Але, пэўна, патрэбны быў бы і іншы канцэрт, з даражэйшымі квіткамі. Бо гэтую музыку трэба слухаць, полулежачы на скураных канапах, заплюшчыўся вочы і ўяўляючы сабе нешта пяшчотнае і цудоўнае, чым і з’яўляецца Аліна. Хаця я і не ведаю, у якім клубе гэта можна было б зрабіць ў Мінску, але я гатовы заплаціць больш, каб было менш людзей, каб не было танцполу, каб былі толькі сядзячыя месцы і каб усе зазнавалі нірвану. А тут мне сумна і часам мутарна, бо я ўвесь канцэрт стаю, прыціснуты да барнай стойкі”

Аднак Еўрарадыё мяркуе, што справа тут зусім не ў грошах. Арганізатары канцэрта – івэнт-група SKOROZAVTRA – зрабілі з прыезду Арловай сапраўднае свята! Яшчэ 11 лютага яны сабралі ўсіх фанатаў спявачкі ў кавярні CoffeeON на pre-party, дзе можна было пачаставацца пірагамі і паглядзець відэазапрашэнне ад Аліны Арловай, здымаць якое адмыслова ездзілі ў Вільню. Кошты квіткоў на канцэрт, у аншлагавасці якога ніхто не сумняваўся, засталіся дэмакратычнымі. Што кажа пра тое, што ў SKOROZAVTRA папросту хацелі, каб у Re:Public трапіла як мага больш людзей, закаханых у творчасць Арловай. І, відаць, увогуле не думалі пра тое, што такіх людзей можа атрымацца зашмат.


Сама Аліна пасля канцэрту пачуваецца акрыленай і натхнёнай:


“У мінулым годзе было вельмі прыемна. У гэтым годзе – яшчэ больш прыемна. Мы не шмат думалі, як там што будзе. Вядома, была нейкае вера ў тое, што гэта будзе так, як было… І так і здарылася. Гэта таму, што тут публіка, як з мінулага канцэрта можна было чакаць, вельмі адкрытая, сапраўдная, без вось гэтай дыстанцыі, ацэнкі, такая блізкая… Усё гэта вельмі прыемна. Такія канцэрты – самыя лепшыя! Ты адчуваеш, што не толькі аддаеш – усё гэта вяртаецца”, – разважае спявачка.

Атмасфера перапоўненага Re:Public спявачку таксама не напружвае. На пытане Еўрарадыё, ці не перашкаджае ёй такая колькасць людзей у клубе, Аліна шчыра адказвае:


Аліна Арлова: “Мне не замінае. Вядома, музыка, мабыць, не зусім пасуе да такога вялікага клубу. Можа, некаторыя з песень, але не усе. Увогуле, калі людзей так шмат, ім цяжэй засяродзіцца. Я па сваім досведзе магу сказаць, што калі ты стаіш там, заціснуты, гэта нават проста фізічна цяжка… Але мне было добра. Калі ёсць сілы, калі людзі слухаюць, – значыць ўсё адбываецца, і не важна, наколькі клуб вялікі і наколькі ў ім шмат людзей”.

Гэтым разам спявачка прыехала ў Мінск з новым складам музыкаў: бубны, скрыпка і бас-гітара замест віяланчэлі. Сама Аліна не толькі піша песні, але і засвойвае новыя інструменты. Напрыклад, акардэон і калімбу. Дзяўчына даказвае, што любоў слухачоў і павагу крытыкаў заслужыла не авансам: крыху адышоўшы ад таго камернага гуку, які зрабіў яе папулярнай, яна аздабляе свае песні джазавымі імправізацыямі, построкавымі рыфамі і нават элементамі клезмеру.

Як і звычайна, Аліна спявае на трох мовах: па-руску, па-літоўску і па-ангельску. Спявачка імкнецца перакласці ці патлумачыць амаль кожную песню, якую спявае на літоўскай мове. Але высвятляецца, што пераклад патрэбен не ўсім.

 
Еўрарадыё пытаецца ў Аўгінні, адной са слухачак, з якой мы размаўлялі яшчэ пасля мінулага канцэрту Аліны ў Мінску, пра што яна думае, калі слухае тэксты Арловай, перакладаў якіх яна не ведае. І вельмі здзіўляемся адказу:


Аўгіння: “Я іх разумею. Калі я пачала слухаць Аліну, я пачала вучыць і літоўскую мову, і цяпер большасць словаў я ўжо разумею”.


Варта заўважыць, што Арлова натхняе і не на такія подзвігі. Слухачы на мінскі канцэрт адмыслова ляцелі нават з Камчаткі!

Аліна ж вышла на біс да сваіх фанатаў ажно тры разы, а потым адзначыла, што за час імпрэзы ніколькі не стамілася:


“Здараецца часам такое, калі, здаецца, і сіл ужо няма. Але не гэтым часам. На гэты раз была, як гэта называецца, – эйфарыя, і усё так духоўна і прыгожа. Ніхто мяне не змучыў, і нават наадварот!”



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі