Вызначаныя першыя ўдзельнікі дабрачыннага канцэрта для ахвяраў тэракту

Беларускі саксафаніст Павел Аракелян напісаў адкрыты зварот да сваіх калегаў, у якім патлумачыў канцэпцыю запланаванага канцэрта, і яшчэ раз прапанаваў дзеячам культуры далучыцца да арганізацыі дабрачыннай акцыі для пацярпелых ад тэракту ў мінскім метро.

Павел Аракелян: "То бок мы тлумачым, што гэта акцыя кансалідацыі ды салідарнасці, бо шматлікія людзі напалоханыя і яны жадаюць перажыць гэтую трагедыю разам. Больш чым упэўнены, што да таго часу, а гэта будзе прыкладна праз месяц, з'явяцца канкрэтныя людзі, якім патрэбная доўгая, дарагая рэабілітацыя, якую ім ніхто не аплоціць. Але нейкія сабраныя грошы могуць быць накіраваныя на падтрымку вось гэтых людзей".

Паводле Паўла, да яго звярнулася ўжо больш за сто чалавек абсалютна розных спецыяльнасцяў, якія рэальна здольныя дапамагчы ў арганізацыі. Што ж датычыцца музыкаў, то тут пытанне больш складанае. Пакуль няма дакладнай даты мерапрыемства. Адпаведна, немагчыма сказаць, ці не будуць музыкі ў гэты дзень занятыя на іншых канцэртах.

Павел Аракелян: "Ёсць людзі, якія пагадзіліся папярэдне, але ёсць музыкі, якія канкрэтна падпісаліся. Гэта класічны кампазітар Святлана Шэіна, якая ў свой час напісала прысвячэнне ахвярам трагедыі на Нямізе, адгукнуўся Аляксандр Цыганок (лідар гурта Al Narrator Orchestra і адзін з найвядомых блюзмэнаў краіны. — Заўв. Еўрарадыё), а таксама некалькі маладых гуртоў, у тым ліку "Akana" і неафолк-гурт "Рокаш". Поп-выканаўцы, я думаю, і пабаяцца, ды і шмат каму з іх гэта ўвогуле ўсё роўна, з рок-выканаўцамі мы пакуль не вялі прамых перамоваў, але будзем. Таксама сваё жаданне паўдзельнічаць выказалі пісьменнікі ды паэты".

Але іх імёны, як і імёны фатографаў ды мастакоў, Павел пакуль не называе, бо баіцца, што не атрымаецца зладзіць для іх вартую выставу. Сумняваецца музыка і ў тым, што здолее пераканаць беларускіх чыноўнікаў у неабходнасці правядзення акцыі ў канцэртнай зале.

Павел Аракелян: "Мы б хацелі правесці гэта ў канцэртнай зале, каб маглі прыйсці ўсе, хто пажадае. Але ў нас з гэтым увогуле складана, то бок складана дамагчыся ад афіцыйных і дзяржаўных структур рухаў насустрач. Але, тым не менш, мы вядзем перамовы, і на наступным тыдні поўная канкрэтыка па мерапрыемстве будзе данесеная да аўдыторыі".
 
Ну, а пакуль Павел разам з музыкамі гурта "The Outsiders" плануе выдаць кампазіцыю-прысвячэнне, якая была напісаная разам з сястрой саксафаніста пэўны час таму.

Павел Аракелян: "Мы сядаем у студыю акурат ад пачатку тыдня. Некалькі месяцаў таму мы напісалі такую... малітву. І зараз мы думаем, што самае годнае для яе будзе прысвяціць яе загінулым. Гэта будзе інтэрнэт-рэліз, я думаю, гэтага будзе дастаткова. Калі раптам гэтая ініцыятыва займее працяг сярод іншых гуртоў, якія пажадаюць штосьці канкрэтнае прысвяціць ахвярам трагедыі, то, магчыма, будзе мець сэнс узяцца за выданне нейкага дыску — таксама як за дабрачынную акцыю".

Больш падрабязная інфармацыя пра дату гэтага інтэрнэт-рэлізу з'явіцца разам з падрабязнасцямі дабрачыннага канцэрта — на пачатку наступнага тыдня.

Зварот Паўла Аракеляна:

Сябры, усе мы жудасна абураныя трагедыяй, што адбылася на станцыі метро “Кастрычніцкая”. Абураныя і напалоханыя. І не ведаем, што рабіць. Але рабіць нешта трэба - я прапаную нам усім кансалідавацца, перажыць гэтую бяду разам і даць усім навокал адчуць гэтую сілу салідарнасці, сілу яднання.

У сваім персанальным блогу я прапанаваў арганізаваць канцэрт са зборам сродкаў на дабрачынныя мэты. (Бо зусім хутка стане зразумела, каму з пацярпелых спатрэбіцца доўгая і дарагая рэабілітацыя і ніякія сродкі не будуць лішнімі). Мэты гэтага канцэрта - сабрацца разам, паказаць тую частку беларускага грамадства, якой не ўсё роўна і ўсё роўна ўжо не будзе. У нас ёсць магчымасць не ціснуцца па вуглах, а кансалідавацца і зрабіць добрую справу, патрэбную справу.


Сотні людзей ужо звязаліся са мной, прапаноўвалі сваю дапамогу. Ужо з простага канцэрту гэта мерапрыемства ператварылася ў вялікі івент, дзе будуць прымаць удзел мастакі, пісьменнікі, паэты, музыкі ўсіх стыляў і накірункаў. Таму я прапаную беларускім дзеячам культуры - давайце з намі!

Мы пастараемся арганізаваць гэтае мерапрыемства так, каб кожны мог прамовіць сваё слова, пазначыць сваю пазіцыю - магчыма, менавіта Ваша падтрымка дапаможа некаму справіцца з горам, страхам! Таксама я запрашаю прыняць удзел усіх, хто можа хоць чымсьці дапамагчы. Бо арганізацыя вялікага мерапрыемства - гэта заўсёды цяжкае справа, і ніякая дапамога не будзе лішняй - фінансавая, юрыдычная, арганізацыйная, дызайнерская, і многае іншае. Аб'яднаемся ўсе разам, бо гэта трэба перш за ўсё НАМ! А сродкі, атрыманыя ў выніку нашай сумеснай дзейнасці, мы разам з вамі накіруем на дапамогу пацярпелым, і, хто ведае, быць можа, гэта дзеянне дасць пэўны вынік і дапаможа выратаваць жыццё, або будучыню, аднаму з пацярпелых.


Падрабязная інфармацыя пра фармат мерапрыемства, а таксама пра дату і месца правядзення выйдзе на наступным тыдні. Сябры, нас ужо сотні (я не жартую). Далучайцеся!


Кантакты Паўла: Velcom - 1211395, МТС - 5003468
пошта [email protected], Facebook

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі