Высновы Савета ЕС па Беларусі: ЕС працягвае палітыку крытычнага набліжэння

Наадварот, "ЕС па-ранейшаму выступае за палітыку крытычнага набліжэння, у тым ліку праз дыялог і Усходняе партнёрства, і нагадвае, што ЕС пастаянна прапаноўваў Беларусі паглыбіць адносіны".

Разам з тым Савет ЕС адзначае, што такое набліжэнне залежыць ад павагі да прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека.

У высновах па Беларусі Савет ЕС, сярод іншага:
— паўтарае свае патрабаванні неадкладна вызваліць затрыманых па палітычных прычынах;
— заклікае Беларусь паважаць правы затрыманых і іх сем'яў, з асаблівай увагай да дзяцей затрыманых, і права на юрыдычную дапамогу;
— заклікае беларускія ўлады пакласці канец пераследу дэмакратычных сілаў, незалежных СМІ, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і студэнтаў.

Як і чакалася, Савет ЕС вярнуў забарону на ўезд Лукашэнку і іншым чыноўнікам, а таксама дапоўніў "чорны спіс". Разам з тым, сам спіс пакуль не апублікаваны. Паводле непацверджанай інфармацыі, у яго ўваходзяць не толькі чыноўнікі і прадстаўнікі рэгіянальных выбарчых камісій, але і некаторыя журналісты. "Гэтыя забараняльныя захады і спіс асобаў будзе адкрытым і пастаянна пераглядацца", — адзначаецца ў высновах.

Савет ЕС падкрэслівае, што зняццё гэтых абмежаванняў залежыць ад:
— вызвалення і рэабілітацыі затрыманых па палітычных прычынах;
— далейшага рэфармавання Выбарчага кодэкса;
— павагі да свабоды выказвання і СМІ, свабоды сходаў і асацыяцый.

Разам з тым "ЕС па-ранейшаму выступае за ўзмацненне супрацоўніцтва з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. ЕС выпрацоўвае захады, каб забяспечыць неадкладную дапамогу рэпрэсаваным і затрыманым па палітычных прычынах, іх сем'ям, а таксама грамадзянскай супольнасці". Адзначаецца, што дапамога ЕС будзе перадусім тычыцца асобных няўрадавых арганізацый і студэнтаў, у тым ліку праз Міжнародную канферэнцыю донараў, якая адбудзецца ў Варшаве 2 лютага.

Паводле высноваў, Савет ЕС "з нецярплівасцю чакае пачатку перамоваў па спрашчэнні візавага рэжыму і дамоваў пра рэадмісію", а таксама шкадуе аб рашэнні Беларусі не падаўжаць мандат офіса АБСЕ ў Мінску.


Фота: РІА "Новости"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі