Выгадныя “чарнілы” набываюць праз кодавыя словы: “Фаўст”, “16.80”, “віно"

121119_martynovi4_4arnila.mp3

Адмяняць продаж “чарнілаў” у Мінску перадумалі, бо аматары таннага віна могуць набыць гэты напой па-за межамі сталіцы.

“Лакальная забарона малаэфектыўна, бо дзейнічае толькі на тэрыторыі горада Мінска. А на тэрыторыі Мінска размешчаныя два вялікія буйнарознічныя прадпрыемствы — Еўраопт і Bigzz. Яны знаходзяцца па-за тэрыторыяй горада — гэта Мінскі раён, і на іх гэтая забарона не распаўсюджваецца. Любы жадаючы сеў на грамадскі транспарт, даехаў і набыў ўсё, што захацеў. Такім чынам той, хто хоча выпіць, ён знойдзе, дзе гэта набыць”, — тлумачаць ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

Пра малаэфектыўнасць забароны гаворыць і кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Неўзабаве пасля яго словаў у Мінгарвыканкаме і перадумалі.

Кіруемся ў крамы, каб праверыць попыт на гэтыя напоі. Прадаўшчыца ў “Краме на Каржа” гаворыць Еўрарадыё пра сотню пакупнікоў гэтага напоя штодня. Але пры мне мужчына бярэ гарэлку, а не віно.

У краме насупраць пад назвай… “Фабрыка здароўя”  бяруць "чарнілы", як і гарэлку.

“Гэта 0.5, 0.7 таксама таннае ў параўнанні з гарэлкай. Бывае, набываюць закусіць нешта. А наогул нам усё роўна, адменяць продаж ці не. Не па тое — дык па іншае прыйдуць”, — гаворыць прадаўшчыца.

Найбольшы наплыў аматараў “чарнілаў” — у краме-кавярні “Падмурак” на перакрыжаванні Каржа і Лібкнехта. Адразу за мной заходзіць пара за 40 і бяруць дзве бутэлькі. Назву  нават не агучваюць: прадаўшчыца і так ведае. Каштуе 16 тысяч 800 рублёў.

За імі па віно заходзіць пенсіянер Іван Станіслававіч. Бярэ бутэльку.

“Як у бабы выбавіш на бутэльку гэтага "чарніла". Кожны дзень выбаўляю. Адменяць — тады піць не будзем. Бо гарэлку я не п’ю: калі працаваў на спіртзаводзе, атруціўся. Я во лепш гэтага вазьму”, — расказвае пенсіянер.

І прыгадвае, што Гарбачоў ужо адмяняў продаж алкаголю — не пракаціла.

За ім заходзіць мужчына: мяркуючы па форме, супрацоўнік ЖЭСу. Акуратна хавае бутэльку “чарнілаў” у валізку. Не гаварлівы…

За 20 хвілінаў, пакуль стаю ў “Падмурку”, “чарнілы” набываюць каля 10 чалавек. Назву амаль ніхто не кажа. Гавораць кодавымі словамі: “віно”, “16.80” (ад кошту ў 16800 рублёў за 0.7) ці “Фаўст”. Прадаўшчыца прызнаецца: “Калі б адмянілі продаж, у крамы былі б страты”. І пазнае пастаянных пакупнікоў.

Рабочы Міхась бярэ два "Фаўсты" і раіць мне закусваць такое віно бутэрбродамі з вяндлінай. А калі пытаюся пра адмену, адказвае проста: “Будзем гнаць самагон, калі адменяць”.

У мясной краме па праспекце Жукава “чарнілы” набываюць па 100 чалавек за дзень. Пра скасаванне забароны на продаж тут яшчэ не ведаюць.

“Гандаль нам яшчэ не казаў пра гэта. Афіцыйнай паперы ніякай не прыходзіла. Бяруць нароўні з гарэлкай. Калі даведаліся пра адмену, ажыятажу не было”, — тлумачыць прадаўшчыца.

У мэтах эксперыменту Мінгарвыканкам збіраўся забараніць у Мінску продаж мацаваных вінаў з 1 снежня. Не атрымалася.

Фота: nash-dom.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі