Вяртаць грошы за квіткі на Глеба Самойлава пачалі... пасля званка Еўрарадыё

120118 Malina Republik.mp3

Арганізатары канцэрта Глеба Самойлава і гурта The Matrixx у клубе Re:Public адмянілі мерапрыемства і зніклі. Цікава, што выступ расіян быў запланаваны на той жа дзень 11 лютага, калі ў клубе мусіла выступаць "Крамбамбуля". Дырэктар Re:Public ведаў пра планы прывезці Самойлава і кампанію, але гэтай даты арганізатарам не даваў. А пра 11 лютага даведаўся... з рэкламнага роліка на радыё.

"Свавольна пачалі рэкламу, не заключаючы з намі ніякай дамовы, - каментуе сітуацыю дырэктар клуба Андрэй Старцаў. - Яны прадавалі квіткі, бо людзі да нас звярталіся. Таму мы вывесілі на клубе аб'яву, што ніякага дачынення да гэтага канцэрту не маем. Я напісаў на афіцыйны сайт Глеба Самойлава, што ў нас на гэтую дату запланаванае іншае. І папрасіў зняць рэкламу з сайта. На наступны дзень яны знялі, і я пра гэта забыўся".

Але ў суполцы мерапрыемства "Вконтакте" да гэтага часу з'яўляецца шмат каментарыяў ад прыхільнікаў Глеба Самойлава, якія не могуць забраць свае грошы. Еўрарадыё знайшло дзяўчыну, якая ад імя арганізатараў запэўнівае, што грошы вярнуць.

"Недзе адсоткаў 70-80 ужо вярнулі, - пераконвае сяброўка арганізатараў Вольга Шышкавец - Зараз проста збіраем астатнюю суму і аддаём. Калі што, то тэлефануйце на нумар (029)1010888 і размаўляйце з арганізатарамі".

За дзень, пакуль рыхтаваўся гэты матэр'ял, ніводны тэлефон арганізатараў так і не запрацаваў. Але пасля званка Еўрарадыё тая самая Вольга Шышкавец, сама пачала звязвацца з тымі, каму дагэтуль не вярнулі грошы.

“З моманту, як даведаўся пра адмену, я ім тэлефанаваў, - кажа малады хлопец, які ловіць арганізатараў ужо некалькі тыдняў. – Спачатку мы дамаўляліся, а потым тэлефон быў недаступны. Але толькі што патэлефанавалі, сказалі, што праз хвілін 40 патэлефануюць і скажуць, калі і як грошы ўсё ж вярнуць”.

Дарэчы, канцэрт гурта The Matrixx і Глеба Самойлава ўсё ж пройдзе ў тым жа клубе Re:Public, але ўжо 28 красавіка і з іншымі арганізатарамі.

"Гурт, каб неяк кампенсаваць гэтую сітуацыю, прапанаваў усім, хто не здолее вярнуць грошы за квіткі, але пойдзе на канцэрт 28-га красавіка, падарыць па дыску, - распавядае новы арганізатар будучага канцэрту Самойлава Віталь Супрановіч. – Але, ў прынцыпе, людзі павінны звяртацца да мінулых арганізатараў, каб ім вярнулі грошы".

Прыхільнік Самойлава і кампаніі, якому паабяцалі вярнуць грошы а дзевятай увечары серады, вырашыў, што адразу ж пойдзе набываць квіток на той жа канцэрт, толькі ўжо 28-га красавіка.

Фота: xlam.of.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі