Ворсін: Трэнерам зборнай можа стаць славянін з нямецкім пашпартам

Старшыня Федэрацыі хакея Яўген Ворсін распавёў Еўрарадыё пра найбольш верагоднага трэнера нацыянальнай зборнай. Ён кажа, што федэрацыя спынілася на кандыдатуры латвійскага спецыяліста Алега Знарка. Апошнія пяць гадоў гэты трэнер працаваў са зборнай Латвіі, а летась узначаліў маскоўскае “Дынама”.

На апошнім чэмпіянаце свету Латвія заняла толькі 13-е месца, і Алег Знарок быў адпраўлены ў адстаўку. За 5 гадоў, што Знарок узначальваў зборную, Латвія толькі аднойчы выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету — у 2009 годзе. Але, на думку Ворсіна, трэнера нельга ацэньваць толькі па апошніх выніках.

Яўген Ворсін: “Ёсць умовы, ёсць супярэчнасці паміж трэнерам і федэрацыяй, трэнерам і камандай. Здарыцца можа што заўгодна! Але трэнер ад таго не становіцца непрафесіяналам. Вы разважаеце з пункту гледжання апошняга выніку, а мы — з пункту гледжання яго прафесійных якасцяў на працягу дзесяцігоддзяў”.

Расійскі трэнер Уладзімір Крыкуноў, з якім вялі перамовы раней, хутчэй за ўсё, не зможа ўзначаліць зборную Беларусі з-за занятасці ў казанскім “Ак Барсе”. Але ён зможа працаваць у якасці трэнера-кансультанта беларускай каманды.

Яўген Ворсін: “Мы падбіраем штаб зборнай з людзей, якія б маглі б працаваць у кантакце. Спыніліся на Знарку яшчэ да таго, калі яшчэ размаўлялі з Крыкуновым. Высветлілі яго (Крыкунова — Еўрарадыё) меркаванне як паважанага намі спецыяліста. Ён пацвердзіў правільнасць нашага выбару і дапамагае нам весці перамовы. Рыхтуецца кантракт, які мусіць быць падпісаны пасля 20-га ліпеня. Пытанне ўзгодненае, засталіся толькі дэталі”.

Дарэчы, зараз Алег Знарок з’яўляецца грамадзянінам Нямеччыны. Але Яўген Ворсін мяркуе, што Знарка нельга лічыць у Беларусі замежнікам.

Яўген Ворсін: “Ён наш айчынны трэнер, гулец айчыннага хакея. Зараз працуе ў маскоўскім “Дынама”. Гэта славянін, у якога з намі даўнія сяброўскія і прафесійныя адносіны. Якое грамадзянства ён прымае — гэта ўжо дзесятае пытанне”.

На пытанне, як зменіцца гульня зборнай Беларусі, Яўген Ворсін паабяцаў адказаць пасля падпісання кантракту.

Фота: championat.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі