Вопратка работнікаў "Пінскдрэва" згарэла адразу, бо рабілася з сінтэтыкі

Як мінімум адзін чалавек загінуў у выніку выбуху на адным з цэхаў пінскага дрэваапрацоўчага камбіната. 18 пацярпелых у цяжкім стане знаходзяцца ў цэнтральнай лякарні горада. Машыны хуткай дапамогі працягваюць дастаўляць параненых. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў цэнтральнай лякарні Пінска.

У той жа час прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі ў размове з Еўрарадыё адзначыў:

Навіцкі: "Адзін чалавек загінуў. 9 знаходзіліся на месцы крушэння, 8 выбраліся самі, аднаго чалавека ратавалі з дапамогай вайскова-ратаўнічага інструменту".

Паводле інфармацыі відавочцаў трагедыі, ратавальнікі пакуль не могуць збіць полымя і ўвайсці ў сам цэх.

"Ствараецца ўражанне, што пажар толькі пачынаецца", – распавёў мясцовы жыхар. Па яго словах, чорны дым бачны амаль ва ўсім горадзе.

У момант выбуху, у цэху знаходзілася каля 30 чалавек.

15.00 Як паведамілі Еўрарадыё пінскія жыхары, устаноўка "Цыклон", якая стаіць на пінскай фабрыцы, ужо выбухала гадоў 5 таму. Тады загінуў 1 чалавек.

Цяперашні выбух адбыўся прыкладна ў 13.00. Ад выбуховай хвалі павыбівала шкло ў некаторых дамах. Побач з гэтай устаноўкай ёсць цэх смалы, яна цячэ па трубаправодах. Менавіта таму складана пагасіць полымя.

15.40 Падчас выбуху абрынулася страха цэху плошчай у 100 квадратных метраў. Як паведаміў Еўрарадыё сп.Навіцкі, вогнішча лакалізаванае. Ратавальнікі змагаюцца з асобнымі ачагамі полымя. Вядуцца разборы завалаў.

Мясцовыя жыхары кажуць, што чорнага дыму над заводам ужо не відаць.

16.30 Як паведамілі Еўрарадыё ў Пінскай лякарні, з 18 пацярпелых ад выбуху на "Пінскдрэве" 14 знаходзяцца ў рэанімацыі.

Пажар ужо пагашаны.


17.30 Пінчукі здадуць кроў для пацярпелых ад пажару на фабрыцы?

На месцы пажару на фабрыцы "Пінскдрэва" працавала больш за 10 машынаў хуткай дапамогі. Паводле неафіцыйных звестак, у горадзе збіраюць усіх, хто здаваў калі-небудзь кроў, каб яны зноў сталі донарамі.

Ад выбуху пашкоджаны не толькі дах, але і кавалак фабрычнай сцяны. Пра гэта Еўрарадыё распавёў відавочца падзеі Віктар Ярашук.

Ярашук: "Машыны "хуткай" заязджалі адразу туды. Там было ўсё кіраўніцтва: міліцыя, пракуратура, КДБ… Спачатку людзі падыходзілі, потым міліцыя перакрыла дарогу і нікога не пускалі".

Журналістам таксама забаранілі падыходзіць да будынку і здымаць на камеры, распавялі Еўрарадыё ў рэдакцыі тэлеканалу “Вараг”.

Нагадаем, ратавальнікам удалося спыніць пажар у 15:14. На цяперашні час у шпіталі  знаходзяцца 18 чалавек. Адзін чалавек загінуў. Аднаго чалавека дагэтуль не знайшлі. З-за пажару адбыўся таксічны выкід у паветра, кажуць жыхары Пінску.

Пракуратура пачала крымінальную справу за парушэнне правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах.


17.55 Сталі вядомымі абставіны трагедыі на "Пінскдрэве"

Рабочыя фанернай фабрыкі паведамілі Еўрарадыё, што пасля выбуху пацярпелых выносілі з моцнымі апёкамі. Яны былі амаль голыя, вопратка згарэла цалкам. Рабочыя наракаюць, што спецадзенне зроблена з сінтэтыкі, таму хутка згарэла.

Работнікі кажуць, што некалькі разоў звярталіся да кіраўніцтва з пытаннямі пра бяспеку працы. Яны падазравалі, што ў паветры вялікая канцэнтрацыя драўлянага пылу. Аднак супрацоўнікі лабараторыі казалі, што ўсе паказчыкі ў норме.

Прадпрыемства знаходзіцца ў рысе гораду. Жыхары блізкіх дамоў кажуць, што заўсёды з боку завода ідзе нейкі смурод.  Асабліва па вечарам, ці ўначы. Там ідзе праца ў тры змены.  Вось і ўвечары 24 кастрычніка, кажуць, смурод быў надта моцны.

Жыхары некалькі разоў ужо звярталіся ў санэпідэмстанцыю, да дэпутатаў, у мясцовую прэсу з пытаннямі пра стан экалогіі ў раёне прадпрыемства. Аднак яны заўжды атрымлівалі адказ, што паказчыкі забруджвання паветра ў норме. Людзі лічаць, што ніхто не можа даць рады "Пінскдрэву", бо горадаўтваральнае прадпрыемства і дырэктар холдынгу вельмі ўплывовая асоба - нават на рэспубліканскім узроўні.


18.32 Сто выратавальнікаў шукаюць пад заваламі аднаго работніка "Пінскдрэва"

Цяпер на месцы здарэння працуе каля 100 выратавальнікаў і 20 машын. У памяшканні абмежаваная прастора, таму задзейнічаць больш немагчыма. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.

Выратавальнікі разбіраюць рэшткі канструкцыяў, якія абрынуліся падчас выбуху і пажару. Працы будуць працягвацца, пакуль не разбяруць усе рэшткі ці не будзе знойдзены пацярпелы, кажа сп. Навіцкі. 

19.00 Сайт Міністэрства надзвычайных сітуацыяў паведамляе пра двух загінулых у выніку выбуху і пажару на "Пінскдрэве".

Пра гібель аднаго з работнікаў стала вядома адразу пасля здарэння. Цела другога ратавальнікі знайшлі пад заваламі а 18.00, паведамляе БелаПАН. Паводле апошніх звестак, 19 чалавек трапілі ў лякарню, 14 знаходзяцца ў рэанімацыі з апёкамі.

20.40 13 работнікаў фанернага цэху ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў” знаходзяцца ў рэанімацыі пінскай гарадской лякарні.

У пацярпелых апёкі цела 3 і 4 ступені (60% і болей скуры апалена). Лекары ацэнваюць іх шанцы на выжыванне, як 50 на 50.

Самаму малодшаму з іх 18 год, самаму старэйшаму 60.  Для іх ратавання на загад міністра аховы здароўя ў Пінск накіравана 5 мабільных брыгад рэанімацыі. У найбліжэйшыя гадзіны яны павінны прыбыць у горад.
 
Спісы пацярпелых вывешаны ў вестыбюле гарадской лякарні. Апроч таго, аб стане іх здароўя можна даведацца па тэлефонах “гарачай лініі”.

21.00 Трох з пацярпелых работнікаў прадпрыемства перавезлі з лякарні Пінску ў Брэст, паведаміў Першы канал Беларускага дзяржаўнага тэлебачання.

21.15 З роднымі пацярпелых у Пінску працуюць псіхолагі

Старшыня пінскага гарвыканкаму сёння сустрэўся з сем'ямі пацярпелых. Супрацоўнікі мэрыі наведаюць кожную такую сям'ю для вывучэння іх надзённых патрэбаў. Кіраўніцтва гораду абяцала ім вырашыць пытанні па выплатах банкаўскіх крэдытаў у тых выпадках, калі пацярпеў кармілец.
 
Іншыя работнікі “Пінскдрэву” лічаць, што здарэнне можа паспрыяць змяншэнню іхніх заробкаў. Яны мяркуюць, што кіраўніцва фабрыкі цяпер скіруе шмат сродкаў на аднаўленне вытворчасці ДСП. Гэтая вытворчасць была адной са стабільных крыніцаў паступлення валюты на прадпрыемства. Ільвіная частка плітаў пастаўлялася ў краіны Еўрасаюза. Таму гэты цэх, дзе адбыўся выбух, працаваў у тры змены.

21.40 З Брэсту ў Пінск накіравана брыгада з апёкавага аддзялення


У пінскую гарадскую лякарню з Брэсту накіравана брыгада медыкаў з апёкавага аддзялення абласной бальніцы. Брэсцкія медыкі будуць дапамагаць пінскім лекарам ратаваць пацярпелых на аварыі На ЗАТ "Холдынгавая кампанія Пінскдрэў". Нагадаем, 13 рабочых прадпрыемства трапілі ў рэанімацыю з апёкамі 3 і 4 ступені. Два чалавекі ў гэтай трагедыі загінулі. Усяго ў цэху ДСП знаходзілася 40 чалавек, такую лічбу падае БЕЛТА.

У Пінску тым часам прайшло паседжане штабу па ліквідацыі наступстваў аварыі. Выпадак знаходзіцца пад кантролем старшыні канцэрну “Беллеспаперапрам” і міністра аховы здароўя. Цяпер ацэньваюцца пашкоджанні, нанесеныя іншым цэхам прадпрыемства. Разваленыя канструкцыі цэху ДСП будуць разбіраць, магчыма нават і ўначы.
 
А спецыялісты пінскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі сцвярджаюць, што пінчукі не пацерпяць ад наступстваў аварыі на “Пінскдрэве”. У некалькіх месцах горада былі праведзены замеры паветра. Перавышэння дапушчальных нормаў шкодных рэчываў не выяўлена.





















Фота: Еўрарадыё +
  onliner.by + 112.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі