Вопратка для школьнікаў — на 70% з сінтэтыкі

120821 MartynovichForma.mp3

Вопратка для школьнікаў а-ля “дзелавы стыль” каштуе ад 700 тысяч да 4 мільёнаў рублёў, падлічвае Міністэрства гандлю. Спрабуем ацаніць якасць гэтай формы.

У аддзеле для школьнікаў ГУМа ажыятаж. У прымерачныя стаяць чэргі, бацькі з дзецьмі атакуюць прадаўшчыц.

Мама Людміла з сынам Жэнем ужо выходзяць з касы. Закупіліся аж у тры торбы. Каб адправіць сына ў 10 клас, Людміла аддае 2 мільёны рублёў. Касцюм ад фабрыкі “Славянка” цягне на 500 тысяч рублёў.

“Было з чаго выбіраць, адразу выбралі амаль. Глядзелі на фасон, тое, што больш маладзёжнае, — даражэй. А агулам, разам з абуткам з курткай, з сарочкай пайшло каля 2 мільёнаў. На жаль, амаль няма касцюмаў з натуральных матэрыялаў”, — наракае мама школьніка.

Тут жа ў ГУМе знаходзім вельветавы касцюм ад фабрыкі “Камінтэр” за 680 тысяч рублёў.

Касцюм ад "Камінтэрна" за 680 тысяч

На 70% касцюм сінтэтычны. І толькі 30% натуральнай тканіны.

Склад матэр'ялаў у касцюме

Сарафан на школьніцу ад “Alensia” каштуе 380 тысяч. Напалову з натуральнай воўны, астатняе – сінтэтыка.

Калі пытаю прадаўшчыцу з ГУМа пра натуральную вопратку, кажа, што тую нязручна гладзіць і… сінтэтычная — лепш!

Натуральную форму Еўрарадыё знаходзіць у гандлёвым доме “На Нямізе”. Праўда, толькі для дзяўчат малодшага школьнага ўзросту. Спаднічка з натуральнай поўсці ад фабрыкі “Маруся” па 260 тысяч рублёў. Кофтачка з поўсці і акрылу каштуе – 190 тысяч рублёў.

А для старэйшых — з сінтэтыкі. Прадаўшчыца кажа, што з натуральных тканін нічога няма, не робяць.

На выхадзе сустракаю Надзею, якая ідзе ў 10 клас. Скардзіцца, што ўсё занадта строгае.

Надзея: “Хочацца нешта маладзёжнае, не такое строгае. А каб не было “дзелавога стылю” хадзіла б у джынсах… у чым больш камфортна і зручна”.

На склад матэрыялу ні Надзея, ні яе маці Ала ўвагі не звяртаюць. “Галоўнае, каб добра сядзела”.

Як даведалася Еўрарадыё, школьная форма з сінтэтыкі стала не шкоднай летась у лістападзе. Міністэрства аховы здароўя тады прыняло пастанову, якая не нармуе склад матэрыялаў для школьнай вопраткі.

“У тэхнічным рэгламенце катэгарычна адмовіліся ад нарміравання ўкладу сінтэтычных валокнаў. Аргументавалі тым, што цяпер шмат сінтэтычных тканін, якія валодаюць тымі ж якасцямі, што і натуральныя. Шмат гадоў з намі барацьба ішла за гэта”, — расказваюць у  Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

А яшчэ год таму былі іншыя правілы: “не больш за 55% сінтэтычных валокнаў у касцюмах і сукенках”.

Не дзіўна, што правілы змяніліся, ніводнага натуральнага мужчынскага касцюма для вучняў у сталічных крамах Еўрарадыё не знаходзіць!

Але вытворцаў гэта не турбуе. Сінтэтыку набываюць нават сваім… унукам.

У мяне ўнук ідзе ўжо ў 5 клас. Вось у палосачку яму бралі з палівіскозы пінжак. Летась  — уцепленыя джынсы. Цяпер жа ўсе санітарныя нормы праходзім. А з воўны мы рабілі, але вельмі мала. Гэтая вопратка дрэнна гладзіцца”, — расказвае супрацоўніца фабрыкі “Славянка”.

Шукаць натуральныя рэчы прадаўшчыцы раяць у фірменных крамах ці на рынку.

Кошт на сарафан для школьніцы ад “Alensia”

Склад сарафану

Фота1: vitbichi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі