Вольскі: Гэта трыа N.R.M. я б не называў “энэрэмам”

Еўрарадыё: На прыём у амерыканскую амбасаду прыйшлі вы з гуртом “Крамбамбуля” і хлопцы з N.R.M. Мне так падалося, што вы нават не павіталіся. Што гэта вы так коламі хадзілі, не заўважаючы адзін аднаго?..


Лявон Вольскі: Ну, не ведаю, як вам адказаць... Ну, не віталіся. Я магу сказаць, што з тым, хто да мяне падышоў, я павітаўся.


Еўрарадыё: Але ж неяк і не загаварылі ні з кім...

Лявон Вольскі: Чаму? З кімсьці і загаварыў!


Еўрарадыё: Можа нават загаварылі на тэму: “Ну, што, Лявон, калі ўжо вернешся?”


Лявон Вольскі: Не, пра гэта мы не гаварылі.


Еўрарадыё: І не загаворыце?


Лявон Вольскі: Ну, ясна, што ў кантэксце цяперашняга... Ой, ну не цягніце з мяне абцугамі інфармацыю! Я не буду выказвацца на гэты конт, бо не мой сцэнар і мне няма што сказаць пра гэта ўсё.


Еўрарадыё: “Не мой сцэнар”... Гэта вы пра што?


Лявон Вольскі: Сцэнар падзей, якія адбываюцца пасля зімы – гэта не я прыдумляў гэты сцэнар. Таму, мне цяжка каментаваць нешта.



Еўрарадыё: Вы ж творчы чалавек і заўсёды можаце перапісаць сцэнар!


Лявон Вольскі: Ёсць такія рэчы, пасля якіх шмат што не перапішаш. Бо ёсць такія розныя кропкі незвароту.


Еўрарадыё: Гэта ваш адказ пра сітуацыю – што кропка незвароту пройдзеная?


Лявон Вольскі: Гэта я ўсё несур’ёзна казаў! Можа я ўвогуле зараз п’яны і накураны і заўтра не буду нічога памятаць з таго, што я вам казаў?! Так, што вы, Зміцер, сёння з мяне нічога не цягніце!


Еўрарадыё: Проста цікава ведаць: а ці ёсць што насамрэч цягнуць?


У гэты момант да нас падышла дзяўчына і па-ўкраінску пацікавілася ў Лявона:


Дзяўчына: А ці можна вас пацалаваць у шчочку?


-- Натуральна, можна! –не сумеўся Лявон Артуравіч і падставіў шчаку. Дзяўчынка прыклалася вуснамі.


Дзяўчына: А можна яшчэ памацаць за дупу?


Лявон Вольскі (ажно адхінуўшыся): Не! Ды вы што! Гэта ўжо занадта! Не-не-не!


Дзяўчына, нібыта пакрыўджаная, але з усмешкай пабегла ў натоўп.


Лявон Вольскі: Вы гэта запісалі?


Еўрарадыё: Натуральна! І часта вас хочуць памацаць за дупу?


Лявон Вольскі: А вось гэта я нават заўтра памятаць буду!

                                Лявон Вольскі і Святлана Зелянкоўская

Еўрарадыё: І ўсё ж такі – ці ёсць з вас што выцягваць на тэму, пра якую мы з вамі размаўлялі?


Лявон Вольскі: Перастаньце вы! Што значыць гэтая тэма ў кантэксце сусветнай культуры?! Гэта ж нішто – звычайныя рок-н-рольныя разборкі. Сёння так, заўтра – так. Добра! У некалькіх словах: людзі зрабілі выбар – пайшлі сваім шляхам, асобна ад мяне. Гэта іх выбар. Яны вырашылі рабіць так – усё на гэтым!


Еўрарадыё: Але ж яны кажуць, што гэта вы так вырашылі?


Лявон Вольскі: Перастаньце! Давайце толькі не будзем! Яны гавораць пра тое, што я вырашыў, са мной не пагаварыўшы, правільна? Яны гавораць, што я вырашыў, са мной не сустрэўшыся, не паразмаўляўшы, не паставіўшы кропкі над “і”.


Еўрарадыё: А вы не супраць такой сустрэчы і размовы?


Лявон Вольскі: Ну, як я магу быць супраць, калі я цывілізаваны чалавек, пра што вы гаворыце?! Проста са мной ніхто не звязваўся. І не трэба рабіць далёка ідучыя высновы без... Не трэба нешта дадумваць, карацей. Людзі раптам збіраюцца, пачынаюць рэпетаваць, мне пра гэта ніхто не гаворыць – ну, і што далей? Як я павінен рэагаваць? А я пра гэта нічога не ведаю. І даведваюся ў сярэдзіне гэтых усіх рэпетаванняў пра тое, што нешта адбываецца.



Еўрарадыё: Памятаеце, як шмат гадоў таму мы з вамі сядзелі на адной кухні і вы мне паказвалі першую песню будучага N.R.M.? І няўжо зараз не шкада, што сама задума, сам праект ужо больш і не ваш?


Лявон Вольскі: Я доўга перажываў, але перажыў у рэшце рэшт. Чалавечы арганізм загойвае раны. Калі ты не незваротна хворы. Таму я, урэшце рэшт, адаптаваўся да сітуацыі, перажыў гэта. І магу сказаць, што цвяроза і адэкватна стаўлюся да таго, што “прыўласнілі” назву, песні. Хутчэй за ўсё, маюць права, бо шмат гадоў займаліся гэтым разам. А можа і не маюць – час расставіць усё па сваіх месцах. Вы думаеце, што я нешта недагаворваю, а я і не буду дагаворваць да канца нічога. І заўтра я прашу на вычытку матэрыял!


Еўрарадыё: Ага! А не то вы мяне паб’еце! І ўсё ж, крыху шкада праекта...


Лявон Вольскі: Ведаеце, N.R.M. было б правільна, хутчэй за ўсё, вытрымаць даволі доўгую паўзу, каб разабрацца – куды і як ісці далей. У свой час. А не рабіць адразу такія хуткаплынныя дзеянні. Трэба было б збірацца, асэнсоўваць сітуацыю, думаць, у што гэта можа ператварыць і гэтак далей. Цяпер N.R.M. – гэта зусім іншая рэч, чым тое, з чаго гэта ўсё пачыналася. Калі яно жыве асобна ад мяне – няхай жыве. Але колькі ты сабаку не называй каровай, яна можа нават адгукацца на вокліч “карова” будзе, але ж гэта не азначае, што яна стане каровай, правільна? І гэта трыа N.R.M., гэта вы ад мяне, напэўна, і хацелі пачуць, але я б гэта не назваў N.R.M.


Еўрарадыё: Вы чалавек, які можа мець адначасова некалькі праектаў. А калі браць тую ж “Крамбамбулю”, то нядаўна вы вырашылі, і цалкам змянілі яе склад. Чаму б вам, калі нешта перашкаджае сумеснай працы, не змяніць цалкам склад N.R.M., забраць сабе сваё, але з іншымі людзьмі?


Лявон Вольскі: У N.R.M. можа быць толькі адзін склад – гэтыя чатыры чалавекі. Прыкладу 2000-2001 года, калі энергічна і энергетычна чатыры чалавекі граюць, аддаюцца гэтаму, з кожнага ідзе свая энергетыка. Для мяне змены ў складзе, у кантэксце гэтай назвы – немажлівыя. Ну, як той жа “Бітлз”. Для мяне гэта нерэальна. Уся сітуацыя нерэальная і досыць абсурдная. Але агульная беларуская сітуацыя – яна заразная. Гэтая сітуацыя з акцыямі пратэсту, дзе могуць “павінціць” за бяздзеянне. Чатыры чалавекі стаялі проста і курылі, а іх павязалі. Чаму? А таму, што нічога не рабілі, стаялі. А, не дай Бог, хлопнуў яшчэ – то ўвогуле гамон! Ці “Стоп-бензін”... Гэта ўсё заразнае, яно перадаецца іншым. Тым больш, што мы гуляліся ў краіну (адзін з варыянтаў расшыфроўкі назвы N.R.M. – “Незалежная Рэспубліка Мроя” – Еўрарадыё). Можа быць, абсурд гэтай краіны вялікай перадаўся той краіне.


Еўрарадыё: І ўсё ж такі, у чарговы раз: ці магчыма такое, што Лявон Вольскі вернецца ў N.R.M. ці верне сабе N.R.M.?


Лявон Вольскі: Я не гатовы каментаваць і не гатовы казаць на гэты конт абсалютна нічога.


P.S. Матэрыял “на вычытку” Лявону быў дасланы, але ніякіх зменаў у яго ўнесена не было. Са згоды суразмоўцы Еўрарадыё...

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі